Ухналёў шкадуе, што БНФ і АГП зьняліся з выбараў

Валеры Ўхналёў, адзін зь лідэраў Партыі левых «Справядлівы сьвет», якая застаецца ў выбарчай кампаніі, нэгатыўна ацэньвае рашэньне зьездаў АГП і БНФ пра выхад з выбарчага працэсу.
«Гэта іх рашэньне. Яны павінны самі вырашаць. Але я ня думаю, што гэта правільнае рашэньне — тое, што яны зьняліся і ня выкарысталі ўсе магчымасьці, якія даюцца дзяржавай для працы з насельніцтвам».

Актывіст «Справядлівага сьвету» Алег Квітко нават прыходзіў на зьезд БНФ і спрабаваў пераканаць «змагацца да канца», але яго не паслухалі. Што да Партыі левых «Справядлівы сьвет», то яе 29 кандыдатаў у дэпутаты застануцца ў бюлетэнях да 23 верасьня.

«Аргумэнты БНФ і АГП пра тое, што ўлада не дапусьціла апазыцыю да падліку галасоў, што ня выпусьцілі палітвязьняў, былі вядомыя і раней. Мы меркавалі, што будзе так, але партыйная праца палягае ў тым, што ў любых умовах трэба працаваць зь людзьмі і выкарыстоўваць усе магчымасьці. Падчас выбарчай кампаніі яны нашмат шырэйшыя, чым у звычайны час. Мы ідзем да людзей і таксама кажам ім, што выбараў няма, але калі нічога не рабіць, то нічога і ня зьменіцца. Таму нашыя кандыдаты будуць у бюлетэнях, каб выбаршчык узяў і ўбачыў, што, апрача галоўнага лекара, настаўніка і дырэктара, ёсьць і прадстаўнік палітычнай партыі. І ён задумаецца, нешта пачуе, нешта прачытае. Ёсьць сэнс у тым, каб прайсьці гэтую кампанію да канца, да падліку галасоў, каб убачыць, якім чынам гэта ўсё праходзіць, і тады ўжо распавесьці нашым выбарцам, як усё адбывалася», — перакананы Валеры Ўхналёў.

Спадар Ухналёў ня верыць у тыя лічбы, якія ўлады напішуць у выніковых выбарчых пратаколах. Пажаданым вынікам удзелу партыі ў гэтай кампаніі ён называе магчымы рост колькасьці прыхільнікаў пераменаў.