Сырыя: урад узмацніў атакі

Жанчына з дачкой ў часе паветраных атакаў урадавых войскаў у перадмесьці Алепа. 13 верасьня 2012 г.

Тым часам, паўстанцы паведамілі, што яны ўзнавілі кантроль ў паўднёвых ваколіцах гораду Алепа – Салахедзіне.

Як найменей 50 чалавек загінулі ў Сырыі сёньня ў выніку баёў у розных рэгіёнах краіны.

Урадавыя войскі узмацнілі наземныя і паветраныя атакі ў раёнах, якія кантралююць паўстанцы, -- у ваколіцах Дамаска, ў Алепа і ў аль-Растане ў правінцыі Хомс.

На паўночным захадзе Сырыі ў горадзе Кафр-Авэйд у правінцыі Ідліб пяць дзяцей і адна жанчына загінулі ў выніку абстрэлу з вайсковага верталёта.

Паводле праваабаронцаў, найбольш ахвяраў было паблізу Дамаску і ў Алепа, горадзе на поўначы краіны, дзе баі ідуць цягам двух месяцаў.

Прадстаўнікі вайсковых сілаў паўстанцаў паведамілі, што яны адбілі ад урадавых войскаў частку тэрыторыі і ўзнавілі кантроль ў паўднёвых ваколіцах Алепа – Салахедзіне.

У суботу у Сырыі загінулі як найменей 160 чалавек.