Інтэрнэт-радыё Svaboda Jazz. Слухайце ад 12:00 да 14:00 жывы эфір Свабоды! Вядучы – Дзьмітры Падбярэзскі. Данчык распавядае пра м'юзыкал «Вэстсайдзкая гісторыя».
14 верасьня 2012 году
Навіны зь Беларусі і сьвету; ранішняя прэса, гутарка пра музыку з Іванам Кірчуком, агляд беларускага Інтэрнэту. Данчык распавядзе пра мюзыкал «Вэстсайдзкая гісторыя». У сёньняшнім плэй-лісьце: Flat, Ігар Дадзіёмаў, Этна-трыо Тройца, Bireli Lagrene, Patricia Barber, Андрэй Кандакоў і Аркадзь Шылклопер, New Image Orchestra і нават Dream Theater! Гэтыя і іншыя выканаўцы гучаць цягам дзьвюх гадзін наўпроставага эфіру.
Flat («I Saw You On TV»), Manu Kache («Keep On Trippin’»), Buddy Holly («Modern Don Juan»), Ігар Дадзіёмаў, Lester Young («I’ve Found A New Baby»), Charlie Parker («Temptation»), Bireli Lagrene («Lullaby Of Birdland»), Various Artists («Chicago»), Unknow Artist («Meduza»), Patricia Barber («The Beat Goes On»), Андрэй Кандакоў І Аркадзь Шылклопер («Children Song»), Transformer Group («Paraphrase On Dizzy Gillespie’s For 2 pianos»), Dream Theater («Home»), Аркадзь Эскін Трыо («Жужаль»).
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
УСЕ ПЕРАДАЧЫ
Данчык – пра м'юзыклы
Мяне як аматара музычнага тэатру папрасілі расказаць Вам крыху пра гэты жанр — які найбольш папулярызуецца на Нью-Ёрскім Брадвэі і ў Лёнданскім Ўэст Эндзе — а адтуль ужо ва ўсім сьвеце.
Да мюзыклаў належаць такія шырока вядомыя творы, як Jesus Christ Superstar, Evita, і Les Miserables. Але сёньня — пра твор, які папярэднічаў гэтым спэктаклям — пра Ўэстсайдскую Гісторыю.
http://www.youtube.com/embed/CNFgAbl20vQ
Чаму менавіта пра ВСГ? А таму што сёлета, пры падтрымцы амэрыканскай амбасады, 23 траўня Беларускі Дзяржаўны Акадэмічны Музычны Тэатар прадставіў беларускую прэм’еру Вэстсайдскай Гісторыі. Гэта быў першы выпадак, калі ў Беларусі зьявіўся ліцэнзаваны мюзыкал сусьветнага ўзроўню. Праца над грандыёзнай пастаноўкай ішла амаль два гады, і сёлета мюзыкал дазволена паказаць 50 разоў. Новы сэзон Акадэмічнага тэатру распачнецца ў кастрычніку.
Вэстсайдзкая Гісторыя — гэта культавы амэрыканскі мюзыкал, яго прэм’ера адбылася на Брадвэі ў 1957-м годзе. Праз тры гады паводле спэктаклю зьнялі галівудзкі фільм. У галоўнай ролі выступіла незабыўная амэрыканская акторка расейскага паходжаньня Наталі Вуд. Але я б ня раіў нашым наведнікам глядзець фільм, лепш пастарацца пабачыць спэктакаль на сцэне, тым больш, што цяпер ёсьць такая магчымасьць і ў Беларусі. У спэктаклі ўражваюць ня толькі музыка і песьні, але і балет і харэаграфія, якія ў свой час глядзеліся вельмі па-наватарску, дый сёньня не выглядаюць састарэлымі.
Музыку да ВСГ напісаў Леанард Бэрнстайн, а словы — Стывэн Сандгайм. Дарэчы, ВСГ стала брадвэйскім дэбютам тады яшчэ малавядомага лібрэтыста Сандгайма. Сёньня яму ўжо за 80 — але ён дагэтуль шмат працуе над усё новымі творамі і лічыцца самым галоўным і геніяльным лірыкам сучаснай амэрыканскай музычнай сцэны. У гэтым маім цыклі я прыгадаю ягонае імя яшчэ не аднойчы.
Што да тэматыкі... ВСГ — гэта фактычна мадэрнізаваны пераказ трагічнай п’есы Шэксьпіра «Рамэа і Джуліета», толькі што замест сем’яў Капулетаў і Мантэга тут варагуюць банды белых і пуэртарыканскіх падлеткаў, Ракетаў і Акулаў. У канцы 1950-ых было шмат такіх бандаў, якія не цярпелі адны адных. П’еса такім чынам зьяўляецца мастацкім камэнтаром да гэтай сацыяльнай праблемы, што актуальная і сёньня — падазронага стаўленьня «сапраўдных амэрыканцаў» да эмігрантаў. Але ж гэтыя «сапраўдныя», няхай сабе й белыя, таксама ж нашчадкі ранейшых эмігрантаў...
Дык вось, гэтыя банды б’юцца-змагаюцца за сваю так бы мовіць «тэрыторыю» на вуліцах Заходняй Часткі Мэнгэтэну — адсюль і назоў п’есы. Дарэчы Мэнгэтанскі Верхні West Side тады быў запушчаным і бедным, а сёньня зьяўляецца адным з самых фэшэнэбэльных і багатых кварталаў у Ню Ёрку. Тут знаходзіцца славутая «Дакотка,» будынак, дзе жыў і быў застрэлены ў 1980-ым годзе Джон Ленан.
Так атрымалася, што насуперак нянавісьці паміж белымі Ракетамі і пуэртарыканскімі Акуламі, адзін з банды Ракетаў, Тоні, закахаўся ў пуэртарыканку Марыю — што прыводзіць, як і ў Шэксьпіраўскай п’есе, да трагічнага заканчэньня.
Не пабаюся сказаць, што мэлёдыі ВСГ ведае кожны амэрыканец — нагэтулькі шырока яны былі запісаныя самымі яркімі выканаўцамі мінулага паўстагодзьдзя і граюцца паўсюдна — у таксі, у ліфтах небасягаў. Словам, вельмі пазнавальныя. Сярод іх такія шэдэўры як Maria, Something’s Coming, One Hand, One Heart.
http://www.youtube.com/embed/Iy-PsIetn5s
Песьня — Марыя. Толькі пазнаёміўшыся і адразу закахаўшыся ў Марыю, Тоні выказвае сваё зачараваньне, свой нават можна сказаць ЭКСТАЗ ня толькі ад яе асобы, але ад самога яе імя. «Марыя» — як здаецца герою п’есы, гэта найпрыгажэйшыя тры склады, найпрыгажэйшыя гукі, якія ён калі-небудзь у жыцьці чуў. «Скажы ўголас — і як быццам музыка,» сьпявае Тоні, «скажы шэптам, і — быццам малітва!» Тут дакладна перадаецца гэтае шаленства, якім першае каханьне часам ахоплівае чалавека. Гэтую песьню, надзвычай складаную для выкананьня, з рознымі нечаканымі музычнымі пераходамі. У гэтым кліпе, песьню Марыя сьпявае John Barrowman.
«Амэрыка» — песьня, у якой сяброўкі-зямлячкі Марыі спрачаюцца паміж сабою, дзе лепш жыць — у новаабранай краіне Амэрыцы ці на востраве-тэрыторыі ЗША, зь якой яны эмігравалі, Пуэрта Рыка. І словы лібрэтыста-паэта Стывэна Сандгайма тут вельмі іранічныя і балючыя. Маўляў, ня так і соладка ў Амэрыцы, асабліва калі ты цёмнаскуры, бедны і новапрыежжы. Напрыклад, у адным куплеце дзяўчаты лямантуюць — «Жыцьцё добрае у Амэрыцы, Калі ты белы у Амэрыцы. Маеш свабоду ў Амэрыцы, быць падмятайлам у Амэрыцы.» — Аднак і заканчваецца гэты куплет такой высноваю — «Але чамусьці ўсе пруцца у гэтую Амэрыку.» Урывак з фільму, ролю сяброўкі Марыі, Аніты сьпявае амэрыканская артыстк пуэрта рыканскага паходжаньня Rita Moreno за выкананьне якой яна атрымала Оскар.
http://www.youtube.com/embed/QBPY2hxPgVo
У песьні Tonight — Сёньня ўвечары, закаханая пара Марыя і Тоні выказваюць адзін аднаму несьмяротную любоў. У гэтым кліпе песьню Tonight сьпяваюць опэрныя зоркі Renaldo Villazon I Anna Netrebko.
http://www.youtube.com/embed/oajnltNp_2E
І нарэшце, у лірычнай песьні Somewhere — героі ВСГ Тоні і Марыя, вымучаныя нянавісьцю, якую іхнае каханьне выклікала сярод іх суайчыньнікаў і сваякоў, абяцаюць разам уцячы у прыгожае, спакойнае, мітычнае, утапічнае «Недзе». Песьня сапраўды чароўная... Хацелася б самому знайсьці адрас гэтага «Недзе» і адразу ж заказаць туды білет... Песьню Леанарда Бэрнстайна і Стывэна Сандгайма Somewhere сьпявае Барбара Страйзанд.
http://www.youtube.com/embed/cAu3a7CMA84