«Не Дастаеўскі, а Дастоеўскі»

Мястэчка Дастоева сёньня вядомае, напэўна, кожнаму беларусу як радавое гняздо клясыка расейскай літаратуры Фёдара Дастаеўскага. Але першы сустрэты мною дастоевец зьдзівіў мяне паведамленьнем, што пра сувязь Дастаеўскага з Дастоевым у самім мястэчку даведаліся адносна нядаўна.

— Тут існаваў культ Дастаеўскага за савецкім часам?

— Не. Дастоева і Дастоева. Бо жылі дастойныя людзі. Нават у тыя часы, як я ў школу хадзіў, гэтага ня было. Ніхто не гаварыў пра радзіму Дастаеўскага. Гэта недзе ў 70-я гады пачалі ўспамінаць.

Анатоль Бурак, захавальнік фондаў Дастоеўскага літаратурна-краязнаўчага музэю, — чалавек апантаны. Пра Дастоева і род пісьменьніка ён ведае, напэўна, усё. І гатовы дзяліцца сваімі ведамі з кожным наведнікам музэю. Музэй месьціцца ў школе. Перад якой усталяваны манумэнтальны помнік Дастаеўскаму. Такое годна глядзелася б на плошчы вялікага гораду.
— Гэты помнік быў усталяваны ў нас у 1997-м годзе. Гэта дыплёмны праект выпускнікоў нашай Акадэміі мастацтваў. Данільчанкі і Мурамцава. У нас часта бываюць і расіяне, і госьці зь іншых краін. Але расіяне лічаць, што гэты помнік — найлепшы помнік Дастаеўскаму на ўсёй постсавецкай прасторы. Калі ўзяць партрэт Пярова, ён там склаў рукі на каленях. Раздумвае пра нешта. А тут у яго рукі вельмі сутаргава сьціснутыя. Гэта поза іграка. За гульнявым столікам.
— Пінскія князі сялілі тут людзей, якія іх абслугоўвалі. І прозьвішчы карэнных дастоеўцаў гучаць так — Кухарчук, Ткачук, Бандарук, Гарбарук і гэтак далей. Пінскі князь Фёдар Іванавіч Яраславіч падараваў частку земляў у ваколіцах Дастоева небагатаму шляхціцу Данілу Іванавічу. А ў яго было два сыны. Яны пасяліліся тут, і яны ўжо насілі прозьвішча Дастоеўскія. Вось адсюль і пайшоў, з 1506-га году, род Дастаеўскіх. Які даў сьвету вялікага знаўцу душы чалавечай, Фёдара Міхайлавіча.

Найстарэйшай дастоеўцы, Надзеі Канстанцінаўне, — 90 гадоў. Паслухайце яе мову. Гэта жывы голас старога Палесься. Усё радзей і радзей пачуеш такую гаворку.
— Дастаеўцы — люды… Некалі казалі пра дастоеўцаў: «У гаршчку хоць чарток кыпыць, але на нозі чабаток рыпыць». Разумееце? У гаршчку хоць пуста, а гонар малы. У нас і адзяваліся добра. Да нас выцечкі прыяжджалі польскія. Выцечка — то экскурсія!

— А што экскурсантаў тут цікавіла?

— Цікавіла, як бабкі адзяваюцца. Помню адну бабку тута. Накрутыла намітку. Мэтры два палатна на галаву баба здолела закрутыты! Паадзяваюцца ў сваё льняное. Але ж цікавіла. Яны фатаграфавалі. А ўжо як Купала! Тут усі люды! Тут быў такі ўзгорак. Навозяць трусныку, цэлу ніч гарыць! Цілу ніч і паны, і мужыкі, усі разам гулялы.

— А людзі ведалі, што адсюль выйшаў Дастаеўскі?

— Казалі, што ў Маскве вуліца Дастоева ёсьць. Што пісьменьнік тут такі буў, казалы. Але ніхто не цікавіўся ім.

— Людзі тады былі пісьменныя?

— Вельмі непісьменныя. Я скончыла 6 клясаў паўшэхнай школы. Нас скончыла 6 чалавек з Дастоева. А Дастоева было большым, чым зараз.

Я шмат чуў гісторый пра тое, як заходнікі, зачараваныя сталінскай прапагандай, пераходзілі на савецкі бок, каб больш не вярнуцца ніколі. Але ў Дастоеве такая гісторыя займела хэпі-энд.

— Ішлы яны ноччу. Дайшлі да граніцы, рэчку перайсьці. Па адзін бок нашы хаты, а па другі рускія. Кажа: «Надзя, я глянуў на тыя хаты, саломаю накрытыя». Рэчку пераходыты сталы. А польская паліцыя злавіла. І па два з паловай месяцы далі. Вярнулі іх назад. Не дайшлі ў Расію.

— Ён спалохаўся, калі пабачыў саламяныя стрэхі?

— Так. А ў іх добрая хата была. Чарапіцаю накрыта.

— Стала ўсё зразумела. Яны перажылі вайну?

— Усё перажылі і памерлі ўжо.

— І таварыша Сталіна…

— І таварыша Сталіна перажылі.

Сёньняшнія дастоеўцы ўсё часьцей едуць на Ўсход. Уладзімір і Ірына Селівончыкі пераехалі сюды жыць з Баранавіччыны. Бо тут калгас даваў жытло. У іхнай сям’і дзевяцёра дзяцей. На калгасныя заробкі ня выжыць, то Ўладзімір падаўся ў будаўніцтва. Да мінулага году будаваў Студэнцкую вёску ў Менску. Пасьля — Масква.
— У Менску на будоўлі выходзіла і па 7, і па 8 мільёнаў. А як крызіс пачаўся, даляр упаў, заробкі сталі затрымліваць. А карміць жа трэба сям’ю.

— А хто ж там застаўся?

— Тады ўяжджалі брыгадамі. А каб плацілі, я б і тут застаўся. Якая мне розьніца? Я хоць менш атрымаю, затое я дома.

Ірына лічыць, што самае галоўнае ў вялікай сям’і — ня грошы.

— Што самае цяжкае ў вас?

— Можа, выхаваньне самае цяжкае. Бо дзяцей многа, і ў кожнага свой характар. І да кожнага трэба свой падыход. Ну, а астатняе… Што ежа? Свая гаспадарка. Тут праблем няма. Адзеньне… Дзеці розныя, хлопчыкі, дзяўчаткі. Адзеньне ад аднаго да другога перадаецца. Тут вялікай праблемы я ня бачу. Нашы дзеці не такія, што давай ім такое…

Але вернемся да пана Бурака. Які мае чым зьдзівіць у сваім музэі любую сталічную штучку.
— Адзін з продкаў Дастаеўскага, Акенці. Быў іераманахам Кіеўска-Пячорскай лаўры. Вось гэта падарожная кніга манаха Кіева-Пячорскай лаўры. 17 стагодзьдзе. Яшчэ драўляныя вокладкі. І гэта ўсё яшчэ надрукавана з дошак. Гэта арыгінальны здымак Дастаеўскага, 1887 год. Фірма «Лізінберг», Санкт-Пецярбург. А зараз пакажу яшчэ. Дзьве запісачкі сына Дастаеўскага. «Папа, дай гостинца». Гэта запісачкі сына Дастаеўскага свайму бацьку. Ён лічыў сябе… Ён казаў: «Маё прозьвішча не Дастаеўскі, а Дастоеўскі». Ён ведаў, што яго карані з нашай мясцовасьці. І, дарэчы, яго другая жонка Ганна Сьніткіна пісала ў свой час нашаму сьвятару Кульчыцкаму: «Мой пакойны муж цікавіўся тымі мясьцінамі, адкуль род яго павёўся».
Калі верыць плянам уладаў, то ўжо ў 16-м годзе будзе адноўленая сядзіба шляхціцаў Дастоеўскіх. І, можа, большая колькасьць людзей даведаецца, як правільна гучыць прозьвішча сусьветнага клясыка з-пад Янава.