Вольскі: Пасьля зьнікненьня свабоды творчасьці зьнікае і сама творчасьць

13 верасьня ў Менску адбылася цырымонія ўганараваньня Лявона Вольскага прэміяй імя Васіля Быкава «За свабоду думкі». Знаны музыка меўся атрымаць яе яшчэ ў дзень народзінаў Васіля Быкава, але з асабістых прычын ня змог зрабіць гэтага 19 чэрвеня на радзіме народнага пісьменьніка ў вёсцы Бычкі.

Прадстаўляючы публіцы Лявона Вольскага, сябра журы прэміі і адзін зь яе першых ляўрэатаў Уладзімер Арлоў акцэнтаваўся на ролі рок-музыкі ў стварэньні беларускага космасу.

«Я думаю, ніхто ня будзе спрачацца, што пры канцы дваццатага стагодзьдзя — на пачатку дваццаць першага ў вяртаньні нашай моладзі да нацыянальных каштоўнасьцяў музыка, рок-музыка адыгрывала ці не галоўную ролю. Я памятаю яшчэ Вальныя соймы беларускіх суполак, дзе ўжо «Мроя» грала, дзе заля ўскоквала, пачынала танчыць, падпявала, і хтосьці ўжо шаптаў другому: «Глядзі, гэта вось жывы Лявон Вольскі».

Уладзімер Арлоў


«Мрою» Лявон зь сябрамі стварылі тры дзесяцігодзьдзі таму. Пасьля былі «N.R.M», «ZET», «Крамбамбуля», безьліч сольных праектаў, у тым ліку і «Саўка ды Грышка» на нашым радыё.

Бард і журналіст Зьміцер Бартосік зазначыў шматгранны талент Лявона Вольскага, якому аднолькава падуладныя складаныя рокавыя кампазыцыі і сатырычныя куплеты на фальклёрны манер. Шмат езьдзячы па краіне, спадар Бартосік усюды робіць уласныя сацыялягічныя дасьледаваньні, каб вызначыць, як беларусы ведаюць знакавых асобаў сваёй нацыянальнай культуры. І паўсюль у гэтых пераліках называюць імя сёньняшняга ляўрэата.

«Калі я ў моладзі пытаюся, каго вы ведаеце з сучасных беларускіх творцаў, — Лявона Вольскага ведаюць. А калі ня ведаюць, дык, прынамсі, ведаюць, што такое „Крамбамбуля“, і яе чулі. Карацей, калі каму-небудзь зь іх праз сорак-пяцьдзясят гадоў, калі яны будуць ужо сталымі мужыкамі і жанчынамі, іхняя маладосьць успомніцца ў тым ліку і афарбаваная ягоным голасам, — Лявон, дзеля гэтага варта было жыць».

Атрымліваючы ўзнагароду, Лявон Вольскі сказаў:

«Для мяне гэта вельмі істотная прэмія, таму што гэта прэмія за свабоду думкі, а значыць — за свабоду творчасьці. А свабода творчасьці для творчай асобы — гэта найістотнейшая рэч, таму што калі пачынаеш сябе абмяжоўваць, рабіць сабе кампрамісы, рабіць сабе ўнутранага цэнзара, пасьля гэтага з гэтага крышталёвага сасуда, які мы назавем душою творцы, пасьля зьнікненьня свабоды творчасьці, мне падаецца, зьнікае і сама творчасьць паступова».

Аляксандар Мілінкевіч уручае прэмію Лявону Вольскаму


Прэмію імя Васіля Быкава «За свабоду думкі» заснаваў рух «За свабоду» чатыры гады таму. Яна прысуджаецца выбітным асобам за грамадзкую і творчую дзейнасьць на карысьць Беларусі і свабоды. Прэмія ўрачыста ўручаецца ў дзень народзінаў Васіля Быкава, 19 чэрвеня, на ягонай радзіме ў вёсцы Бычкі. Ейнымі ляўрэатамі ўжо сталі паэт Рыгор Барадулін, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, палітык Павал Севярынец, мастак Алесь Пушкін, грамадзка-культурная дзяячка Ада Райчонак, паэт і палітык Уладзімер Някляеў. Сёлета прэмію прысудзілі музыку Лявону Вольскаму ды стваральніку ўнікальнага Гудзевіцкага музэю Алесю Белакозу, які атрымаў яе на чэрвеньскай урачыстасьці.