«Советской Белоруссии» больш ня будзе

Міністар інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі абвясьціў плян аб’яднаньня ў адно выданьне пяці дзяржаўных газэт: «Советской Белоруссии», «Народнай газеты», «Рэспублiкі», «Белорусской нивы» і «Знамени юности». Аб’яднаньне мае адбыцца ў 2013 годзе. У рэдакцыях баяцца звальненьняў.
Алег Праляскоўскі назваў новае аб’яднаньне «Грамадзка-палітычным выдавецкім домам», які будзе дзейнічаць паралельна з выдавецкім домам «Звязда» культуралягічнай накіраванасьці. Назву новай афіцыйнай газэты яшчэ не прыдумалі, але, паводле Праляскоўскага, вырашана, што гэта будзе не «Советская Белоруссия».

Міністар заявіў, што Беларусь — краіна невялікая, і ў ёй ня так шмат навін і падзей, таму рэспубліканскія газэты шмат у чым дублююць адна адну:

«Пры стварэньні адзінага выдавецкага дома зьявіцца магчымасьць манэўру рэдакцыйнай палітыкі. І самае галоўнае: у краіне зьявіцца адзіны дзяржаўны друкаваны орган — сур’ёзны, вялікі, аўтарытэтны».

Пры гэтым міністар Праляскоўскі запэўніў, што рэарганізацыя не пацягне за сабой скарачэньня творчых кадраў .

Удакладніць тэрміны і працэдуру аб’яднаньня дзяржаўных газэт, а таксама эканамічныя матывы рэарганізацыі ў Мінінфармацыі не ўдалося. Не нашмат болей ведаюць і ў саміх рэдакцыях. Намесьніца галоўнага рэдактара газэты «Знамя юности» Ірына Слабодзіч паведаміла, што ў іх калектыве гэтую тэму пакуль афіцыйна не абмяркоўвалі:

магу толькі меркаваць, што вырашылі пайсьці па шляху вялікага таблёіда пад нейкай адзінай шапкай ...
Ірына Слабодзіч...

«Адзінае пытаньне ў людзей — ці будуць скарачэньні? Ну вось міністар учора заявіў, што скарачэньняў ня будзе... Я ж магу толькі меркаваць, што вырашылі пайсьці па шляху вялікага таблёіда пад нейкай адзінай шапкай... Вядома, шкада, калі так здарыцца і газэта страціць сваю назву, брэнд... Але я спадзяюся, што так ня здарыцца».

«Знамя юности» цяпер тыднёвік, які выходзіць на 40 старонках 35-тысячным накладам. Раней газэта называлася «Сталинская молодёжь». У часы перабудовы «Знамя юности» выходзіла 800-тысячным накладам і было рупарам галоснасьці.

Сваю багатую гісторыю маюць і іншыя дзяржаўныя выданьні, але апошнім часам яны выконваюць прапагандысцкую функцыю і пішуць пра адно і тое ж на замову ўладаў.

Ірына Слабодзіч прызналася:

«Зараз гаворыцца пра тое, што газэты — клоны. Яно насамрэч так і ёсьць, у нас выходзяць газэты-клоны. Літаральна некалькі газэт адрозьніваюцца сваім абліччам».

Пра тое, ці дзяржаўныя газэты самаакупныя, Ірына Слабодзіч гаварыць не захацела, зазначыўшы, што гэта закрытая інфармацыя.

Журналістка «Советской Белоруссии» Лілія Хлыстун паведаміла, што іхняму калектыву нічога наконт аб’яднаньня газэт таксама не казалі:

«Пакуль нам нічога не гаварылі, мы нічога не баімося. Будзе бачна, калі нам нешта скажуць, тады можна будзе гаварыць больш дэталёва.»

«Советская Белоруссия» — орган адміністрацыі прэзыдэнта, мае паўмільённы наклад, нямала даходаў ад рэклямы і фінансава пачувае сябе лепей за іншыя выданьні.

Рэдактар незалежнай газэты «Товарищ» Сяргей Вазьняк прычынай аб’яднаньня 5 дзяржаўных газэт у адну бачыць менавіта фінансавыя праблемы дзяржавы:

Сяргей Вазьняк

«Краіна задыхаецца, і грошай на прапаганду становіцца меней. Тут выключна фінансавыя прычыны, бо палітычных прычын у гэтым няма. Зразумела, што ўлада атрымае некалькі азлобленых людзей, якія працавалі байцамі ідэалягічнага фронту, а іх зараз выкінуць на вуліцу».

Сяргей Вазьняк не выключае, што такая ж «рэарганізацыя» закране ідэалягічныя аддзелы, БРСМ, раённыя дзяржаўныя газэты:

«Калі ў дзяржаве з грашыма становіцца цяжка, яны першымі ідуць пад нож як цалкам бескарысныя структуры, ад якіх няма ніякага толку, адны выдаткі. Тым больш што дзяржаўныя газэты працуюць вельмі кепска, некрэатыўна, яны зашпіленыя на ўсе гузікі вайсковага мундзіра».

Сяргей Вазьняк зазначае, што недзяржаўныя СМІ — у нашмат больш складаных эканамічных і адміністратыўных умовах, чым афіцыёз.