Кангрэсмэн заклікае да пільнасьці на беларускіх выбарах

Крыстафэр Сьміт

У сваім блогу старшыня Хэльсынскай камісіі ЗША, сябра Камітэту замежных спраў Палаты прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу Крыстафэр Сьміт заклікаў дэмакратычныя краіны да пільнасьці на выбарах у Беларусі 23 верасьня.

За некалькі тыдняў да выбараў ніхто не сумняецца, што яны будуць сфальшаваныя, – піша Крыстафэр Сьміт. Аднак дэмакратычныя краіны павінны зьвярнуць самую сур'ёзную ўвагу дыктатара Аляксандра Лукашэнкі на гэта. Лідэру апазыцыі Аляксандру Мілінкевічу было адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата. Працягваюцца запалохваньні і перасьлед апазыцыі, затрыманьні незалежных журналістаў і дэмакратычных актывістаў.

Амэрыканскі кангрэсмэн распавядае пра зьніклых дзесяць гадоў таму палітыкаў, пра гвалт пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў, пра санкцыі ЭЗ і пра Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, аўтарам якога ён зьяўляецца.

Крыстафэр Сьміт заклікае ЗША і іншыя краіны АБСЭ «сыгналізаваць, што мы гатовыя сур'ёзна рэагаваць і гэтым разам». Гаворка ідзе пра рэакцыю на фальшаваньне выбараў і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці Беларусі. «Маніторынг гэтых выбараў павінен быць моцным сыгналам для беларусаў, якія змагаюцца за сваю свабоду. Міжнародныя назіральнікі могуць дапамагчы забясьпечыць большую ўвагу да іх высакароднай справы».