Кіргізстан зьвярнуўся ў Выканкам СНД, каб Менск выдаў Джаныша Бакіева

Джаныш Бакіеў у Менску. Фота Міхась Пашкевіч

«Кіргізcтан мае намер рашуча дамагацца выдачы Джаныша Бакіева, які знаходзіцца ў міждзяржаўным вышуку ў СНД і міжнародным вышуку па лініі Інтэрпола », - заявіў журналістам прэсавы сакратар МЗС гэтай краіны Нурджыт Кадырбекаў.
Кадырбекаў паведаміў, што нягледзячы на адмову Беларусі, «праводзіцца дыпляматычная праца, з мэтай яго экстрадыцыі зь Беларусі».

«Кіргізстан раней зьвярнуўся ў выканаўчы камітэт СНД (...) для аказаньня садзейнічаньня ў рамках канвэнцыі аб прававой дапамозе па рашэньні пытаньня аб выдачы Бакіева», — цытуе прадстаўніка МЗС гэтак краіны Інтэрфакс.

«У Кіргізстане чакаюць канструктыўнага падыходу да гэтага пытаньні з боку Беларусі», - дадаў ён. «Атрыманая адмова аб выдачы Бакіева ў чарговы раз прадэманстраваў нежаданьне беларускага боку выконваць сваё абавязацельства. І ў сувязі з гэтым Кіргізстан спадзяецца на выканаўчы камітэт СНД».


Афіцыйны Менск: Джаныша Бакіева перасьледуюць за палітыку

5 верасьня Генпракуратура Беларусі адмовіла Кіргізстану ў выдачы Джаныша Бакіева, малодшага брата былога прэзыдэнта Курманбека Бакіева.

«З улікам падзеяў, якія адбыліся ў Кіргіскай Рэспубліцы, і характару абвінавачаньняў, якія выстаўляюцца Дж.Бакіеву, беларускі бок лічыць, што запыт пра выдачу зьвязаны зь перасьледам яго па прыкмеце палітычных перакананьняў, таму запыт Генэральнай пракуратуры Кіргіскай Рэспублікі пра выдачу Дж.Бакіева пакінуты без задавальненьня», — паведаміў афіцыйны сайт Генэральнай пракуратуры Беларусі.

17 жніўня ў цэнтры Менска ў кавярні «Грунвальд» актывіст апазыцыйнага руху Беларусі «Гавары праўду» Міхась Пашкевіч сфатаграфаваў малодшага брата экс-прэзыдэнта Кіргізстану Джаныша Бакіева які выходзіў з кавярні ў суправаджэньні двух чалавек.

Паводле МУС Кіргізстану, на менскіх здымках былі зафіксаваныя Джаныш Бакіеў; Тахір Рысаліеў, былы намесьнік Службы дзяржаўнай аховы; Рустам Сайдуеў, блізкі сябар Максіма Бакіева, брата Курманбека Бакіева.

Кіргіскія ўлады сьцьвярджаюць, што гэтыя тры асобы зьяўляюцца падазраванымі ў справе патройнага забойства ў Кіргізстане ў 2009 годзе: былога кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Кіргізстану Мэдэта Садыркулава, кіроўцы Кубата Сулайманава і дырэктара Міжнароднага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Сяргея Сьлепчанкі.

7 красавіка 2010 быў скінуты рэжым другога прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева, які, у сваю чаргу, прыйшоў да ўлады пасьля выгнаньня 24 сакавіка 2005 года свайго папярэдніка Аскара Акаева, паведамляе Інтэрфакс.

Палітычны прытулак у Беларусі сям’я Курманбека Бакіева атрымала дзякуючы асабістаму распараджэньню Аляксандра Лукашэнкі.