Мілінкевіч: У 2015 годзе ня варта ісьці на выбары без адзінага кандыдата

На нашым сайце адбылася онлайн-канфэрэнцыя з Аляксандрам Мілінкевічам. Старшыня руху «За свабоду» адказаў на пытаньні наведнікаў.
5 верасьня Вярхоўны суд Беларусі абвясьціў вэрдыкт па скарзе лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча, якога не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты. Судзьдзя Валянціна Кулік не знайшла падставаў, каб задаволіць скаргу Мілінкевіча.

Лідэр руху «За свабоду» хацеў балятавацца ў 109-й менскай Уруцкай выбарчай акрузе. Аднак пры праверцы подпісаў выбарцаў акруговая камісія палічыла, што з правераных 350 подпісаў 26% – няпэўныя.

Аляксандар Мілінкевіч пасьля абвяшчэньня прысуду сказаў Свабодзе, што такое рашэньне Вярхоўнага суду для яго ня стала нечаканым:

«Улада – маналітная. І яна зноў спрабуе зрабіць абсалютна стэрыльны парлямэнт. І гэта вельмі шкодзіць краіне. Таму што нават бабулькі, якія падыходзілі да мяне падчас збору подпісаў, казалі: «Мы за перамены».

Your browser doesn’t support HTML5

Фрагмэнты онлайну з Аляксандрам Мілінкевічам


Рух «За свабоду» разам зь іншымі арганізацыямі вырашыў падтрымаць кампанію байкоту на справе, а не на словах – у Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 у Менску.

У кампаніі ўдзельнічаюць рух «За свабоду», Партыя БНФ, грамадзянская кампанія «Гавары праўду», яе моладзевая структура «Zмена». Да працоўнай групы далучылася таксама Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет». У межах актыўнага байкоту ў гэтай асобна ўзятай менскай акрузе плянуецца арганізаваць сталае назіраньне на ўсіх 33 яе ўчастках на працягу шасьці дзён (асноўнага дня галасаваньня 23 верасьня і пяці дзён датэрміновага галасаваньня).

Чытаць усе адказы Аляксандра Мілінкевіча можна ТУТ.