Рыкарда Мільёры сустрэнецца зь кіраўніцтвам ЦВК

Рыкарда Мільёры

Старшыня Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (ПА АБСЭ) Рыкарда Мільёры сустрэнецца зь кіраўніцтвам Цэнтарвыбаркаму Беларусі 10 верасьня.
Рыкарда Мільёры прыехаў у Беларусь 9 верасьня.

Разам з кіраўніком ПА АБСЭ 9 верасьня ў Менск наведвае каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ад асамблеі Матэа Мекачы.

Іхны візыт прыцягнецца да 12 верасьня.

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Мікалай Лазавік сказаў «Свабодзе», што 10 верасьня кіраўнік Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ наведае Цэнтарвыбаркам:

«У панядзелак ён у нас будзе. Але мы журналістаў не запрашаем. Не таму, што мы тут закрыліся. Аднак такой прапановы няма з боку гасьцей. А калі яны не заяўляюць, то мы ў аднабаковым парадку гэта пытаньне не вырашаем».

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўжо запрошаны на сустрэчу з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ:

«Я думаю, гэта добра, што такая паездка ёсьць. Я разумею, што Палату прадстаўнікоў зараз не вытурхнеш з Парлямэнцкай асамблеі. Але нам ёсьць, што сказаць вельмі моцнае парлямэнтарам з АБСЭ.

У свой час было прынятае ўсё-такі абсалютна няправільнае рашэньне аб уключэньні палаты ў Парлямэнцкую асамблею АБСЭ. Іх уключылі, і яны адразу атрымалі мажлівасьць мець міжнародную трыбуну. А спадзяваньні ў Вене, што мы, маўляў, дадзім беларускім дэпутатам некалькі ўрокаў дэмакратыі, пасьля чаго яны зьменяцца, зусім не спраўдзіліся. Бо ня могуць зьмяніцца прызначаныя дэпутаты. Толькі дэпутаты, якіх абралі людзі, могуць».

Нацыянальны каардынатар грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка сказаў «Свабодзе», што пакуль ня ведае, ці запросяць яго на сустрэчу з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі. «Але калі такая магчымасьць будзе, то я маю, што паведаміць яму, найперш, пра новыя асаблівасьці гэтай выбарчай кампаніі, якіх не было раней і пра што, мабыць, яшчэ не ведаюць у АБСЭ» — гаворыць Віктар Карняенка:

«Так, упершыню ўведзеная цэнзура на выступы кандыдатаў у дэпутаты. Ёсьць адпаведнае рашэньне Цэнтарвыбаркаму. Стварылі нейкую назіральную раду, якая не мае ніякага статусу фактычна, але забараняе выступленьні. І гэта з’ява мае масавы характар. Раней такога не было. Дэ-факта здаралася, але толькі іншым разам.

Другое — фактычна абмежавалі правы давераных асобаў. І зноў жа рашэньнем ЦВК. Ды яшчэ шмат пра што ёсьць расказаць».



Кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ па назіраньні за выбарамі Антоніё Мілашоскі раней заяўляў, што цяпер у Беларусі працуюць 36 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія падзеленыя на 18 камандаў. Пазьней да іх далучацца 270 кароткатэрміновых назіральнікаў практычна з усяго рэгіёну АБСЭ.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 23 верасьня.