Зьміцер Бандарэнка ня вернецца ў Беларусь

Зьміцер Бандарэнка

Каардынатар кампаніі «Эўрапейская Беларусь», былы палітвязень Зьміцер Бандарэнка прыняў рашэньне не вяртацца ў Беларусь.

«Я прыняў рашэньне не вяртацца ў Беларусь. Лічу, што існуе рэальная пагроза майго новага арышту. Вы бачыце, што сёньня адбываецца ў краіне. Маё вяртаньне стане магчымым толькі ў выпадку вызваленьня ўсіх беларускіх палітвязьняў, зьняцьця судзімасьцяў і нашай поўнай рэабілітацыі», – заявіў Бандарэнка ў інтэрвію charter97.org.

Тлумачачы матывы такога рашэньня, былы палітвязень адзначыў, што зь ліпеня знаходзіўся ў Польшчы на лячэньні і плянаваў вярнуцца на радзіму. «Але пасьля швэдзкага «плюшавага дэсанту» параноя ў Беларусі ўспыхнула з новай сілай. Вы ведаеце, што пасьля нашага з Андрэем Саньнікавым вызваленьня некалькі разоў з боку ўладаў па беларускім тэлебачаньні гучалі прамыя пагрозы на наш адрас. Некалькі раней вызваленых палітвязьняў паўторна адправіліся за краты, некаторыя сталі невыязнымі, некаторыя ў адным кроку ад новага арышту. Надзеі на хоць бы мінімальную нармалізацыю становішча ў краіне не апраўдаліся», – сказаў Бандарэнка.

Паводле яго слоў, апошняй кропляй у прыняцьці такога цяжкага рашэньня стала новае судзілішча над Зьмітром Дашкевічам, зьняволеным лідэрам міжнароднай арганізацыі «Малады фронт».

«Я заўсёды лічыў, што 16 месяцаў проста знаходзіўся ў палоне. І думаю, што больш карысьці змагу прынесьці краіне, знаходзячыся на волі», – дадаў Бандарэнка.

У Польшчы ён зьбіраецца працягнуць лячэньне і вучыцца. Бандарэнку прапанавалі ў рамках праграмы Каліноўскага прайсьці двухгадовы курс пасьлядыплёмнага навучаньня па спэцыяльнасьці «паліталёгія». «Вучоба ў Варшаўскім унівэрсытэце дазваляе мне легальна знаходзіцца ў Польшчы, таму ў бліжэйшы час прасіць палітычнага прытулку не пляную», – сказаў каардынатар кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

На яго думку, беларускі рэжым сёньня «ўтрымліваецца толькі на дубінках», а сытуацыя ў краіне «зьменіцца значна хутчэй, чым думаюць некаторыя».

Выказваючы сваё стаўленьне да парлямэнцкіх выбараў, Бандарэнка адзначыў, што «так званыя «выбары» можна ацэньваць толькі з аднаго пункту гледжаньня: дапамогуць ці не дапамогуць яны ў вызваленьні ўсіх беларускіх палітвязьняў». «Новы тэрмін Дашкевічу значна перавешвае дэмагагічныя развагі аб неабходнасьці данясеньня партыйных дзіва-праграм да насельніцтва», – адзначыў ён.

Бандарэнка ўпэўнены, што, «калі б адначасова з ад'ездам эўрапейскіх паслоў усе апазыцыйныя структуры заявілі аб сваім рашэньні ня ўдзельнічаць у «выбарах», то ўжо даўно ўсе палітычныя вязьні былі б на волі». «Часам разумная паўза слушней, чым бесталковыя мітусьлівыя дзеяньні. Цяпер менавіта такі выпадак», – мяркуе каардынатар «Эўрапейскай Беларусі».

На прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году Бандарэнка быў адной з ключавых фігур каманды кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, які быў асуджаны ў справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня, адбываў пакараньне, а 14 красавіка быў вызвалены з калёніі «Віцьба-3» па ўказу Лукашэнкі. Бандарэнка быў прысуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Адразу пасьля арышту ў сьнежні 2010 году ў яго абвастрыліся хранічныя захворваньні, у ліпені 2011 году яму зрабілі апэрацыю на хрыбце.

У канцы студзеня сёлета Бандарэнку зрабілі больш жорсткія ўмовы ўтрыманьня ў калёніі, нягледзячы на цяжкі стан здароўя: яго абавязалі выходзіць на працу, на паверку на пляц, хадзіць у шыхце і нават забаранілі карыстацца мыліцай.

Пасьля таго як 1 лютага асуджаны палітык напісаў прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі, яму дазволілі карыстацца мыліцай.

Бандарэнка быў вызвалены згодна з указам прэзыдэнта аб памілаваньні 15 красавіка сёлета.