Павал Севярынец: Тут ўсе трымаюць дуліну ў кішэні

Your browser doesn’t support HTML5

У дзень міжнароднай салідарнасьці з журналістамі наш карэспандэнт пабываў у гасьцях ў «хіміка» Паўла Севярынца, які адбывае 3 гады абмежаваньня волі ў Пружанскім раёне Берасьцейскай вобласьці. Павал распавёў пра тое, як мясцовыя рыхтуюцца да выбараў і пра абстаноўку на «хіміі» пасьля амністыі.

Павал працуе на складзе запчастак сельгастэхнікі, піша артыкулы ў «Нашу Ніву», наведвае пружанскую царкву і, вядома, камэндатуру. Маё пытаньне пра тое, як тут ідзе падрыхтоўка да выбараў, выклікала ў Паўла шырокую ўсьмешку.

Севярынец: Выбараў у нас няма. Здымецца актывіст АГП зь Бярозы і застанецца адзін былы старшыня выканкаму. Тут ён будзе адзін. А калі няма інтрыгі, то і цікаўнасьці няма. Усе разумеюць выдатна, што 90% забясьпечаць, каб не злаваць Аляксандра Рыгоравіча.

Карэспандэнт: А ці зьбіраюцца людзі ісьці на выбары?

Севярынец: Ніхто, каго я ведаю, не зьбіраецца. Ну, прынамсі, калі не загоняць, то і ня пойдуць. У нас на гаспадарцы, якая лічыцца прыватнай, не загоняць дакладна, тым больш што па нядзелях людзі працуюць. У калгасах – таксама. Бо яшчэ будуць працы ваўсю. Толькі што паедуць са скрыняй да людзей – ну, гэта вядома. А ў цэлым…Я б назваў гэта байкотам, калі б гэта было сьвядома, але па вялікім рахунку – гэта проста ня ўдзел. Людзі трымаюць дуліну ў кішэні, бо калі год таму бахнуў гэты крызыс і людзі страцілі свае грошы, то хоць чымсьці яны хочуць адпомсьціць. Мяркую, 23 верасьня гэтая дуліна будзе маўкліва паказаная – прагаласуюць нагамі.

Паводле Паўла Севярынца, заробак 1,5-2 мільёны там, дзе ён працуе, лічыцца вельмі добрым, але каб зарабіць такія грошы, людзі працуюць па 12 гадзінаў і амаль без выходных. Цікавіцца палітыкай, а тым больш выбарамі ў дэпутаты, ад якіх нішто не залежыць, працаўнікам няма ахвоты, сілаў і часу. У камэндатуры «Куплін» ёсьць «чырвоны куток», дзе ў файліках складзеныя Канстытуцыя Беларусі, мапа зь межамі выбарчых участкаў ды «Советская Белорусия» з выступам Лідзіі Ярмошынай. Але Павал Севярынец кажа, што ня бачыў, каб хтосьці гэтыя матэрыялы ня тое што гартаў, а нават да іх набліжаўся. Затое для правяраючых быццам усё падрыхтавана добра.

Тэма выбараў Паўла Севярынца не асабліва натхніла, і ён сам перайшоў да расповеду пра парадкі ў спэцкамэндатуры. Сказаў, што крыху сытуацыя зьмянілася пасьля таго, як ў ліпені пачалася амністыя, якая на яго асабіста не была распаўсюджаная. Калі Павал заехаў на «хімію», тут было болей за 100 чалавек, а зараз – 60. Ці сапраўды вызваліліся людзі, які гэтага заслужылі добрымі паводзінамі?

Севярынец: Ведаеце, сыстэма тут глыбока гнілая, бо яна заснаваная на суб'ектыўным стаўленьні міліцыянтаў, а тут велізарнае поле для злоўжываньняў. У кагосьці зафіксавалі, што прыйшоў нецьвярозы ці пабіўся, а ў кагосьці не зафіксавалі. У аднаго зафіксавана 5 парушэньняў і ён яшчэ тут, а хтосьці за адно парушэньне едзе ў зону. Усё гэта камбінуецца з тым, што ідзе супрацоўніцтва з адміністрацыяй, хтосьці «стучыць». І натуральна, што ў гэтай камбінацыі павыходзілі альбо тыя, хто аддаваў свае асабістыя грошы, проста ўвесь заробак, на рамонт камэндатуры, альбо той, хто сапраўды сядзеў ціха і не вытыркаўся, альбо той, хто, як кажуць, супрацоўнічаў. Засталіся тыя, хто проста адбывае. Ён можа ціха, па-партызанску кінуць выклік кшталту «я буду піць ўціхара» – такая ў яго жыцьцёвая пазыцыя – але больш нічога. Тут «хімікі» трымаюцца з апошніх сілаў. Усё ж у параўнаньні з Малым Сітнам тут рэжым больш абмежаваны.

Спартовыя снарады каля камэндатуры


З тэрыторыі камэндатуры выхад толькі на загад начальніка, нават каб выйсьці з будынку і пацягаць штангу ці гіры, трэба атрымаць дазвол дзяжурнага. «У Малым Сітне было вальней», – кажа Павал Севярынец і згадвае свае прагулкі вакол закінутай ў лясах вёскі. Затое там амаль няма з кім было паразмаўляць, а тут суразмоўцаў шмат і большасьць з мэнталітэтам, які Паўлу імпануе. «Асьцярожныя, патрыятычныя, стрыманыя», – адзначае Севярынец рысы тутэйшых. Паводле яго, адносна пакараньня дзяўчын з панк-групы «Pussy Riot» усе мясцовыя казалі: «Трэбы было іх аштрафаваць, але не саджаць ў турму». Нават адзін з праваслаўных сьвятароў далучыўся да такой талерантнай пазыцыі.

Для Севярынца гэта ўжо другая «хімія» – першая была ў Полацкім раёне за арганізацыю пратэсту супраць рэфэрэндуму 2004 году. Гэтая – за Плошчу ў 2010-ым. Выйсьці на волю апазыцыянэр мусіць у кастрычніку 2013 году. Павал марыць пра гэты дзень і кажа, што тады зможа вольна паздымацца і адказаць на любыя пытаньні. А пакуль нават здымаў «хіміка» Севярынца я употай – бо ахоўнікі гэтага не вітаюць. Мяркую, яны ня будуць помсьлівымі, улічваючы, што сустрэча адбывалася ў дзень салідарнасьці з журналістамі.