Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
У СУБОТУ...
…і нядзелю задажджыць, тэмпэратура +14 – +17.
НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:
У суботу ў эфіры онлайн-канфэрэнцыя з палітвязьнем Паўлам Севярынцам, адным з сустаршыняў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.
У нядзелю ў перадачы «Праскі акцэнт» аналітык Юры Дракахруст, беларускія палітолягі Павал Вусаў і Андрэй Фёдараў ды нямецкі палітоляг Марцін Шон абмяркоўваюць, чаго хацеў дасягнуць нямецкі ўрад супрацоўніцтвам паміж МУС Нямеччыны і Беларусі? Чаму гэтае супрацоўніцтва спарадзіла скандал? Якія практычныя і ідэалягічныя наступствы яно мела?
Таксама ў нядзелю паўтор перадачы «Званочкі» пад загалоўкам «Людзі пахнуць і парфумай».
У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:
8 верасьня
Пройдуць урачыстыя мерапрыемствы з нагоды сьвяткаваньня 945-х угодкаў Менску. Перад галоўным уваходам у Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету (плошча Парыскай Камуны, 1) адбудзецца паказ «Менск. Музыка. Каханьне», у якім возьмуць удзел сымфанічны аркестар, хор, салісты опэры і балету. На праспэкце Пераможцаў пройдзе сьвята сярэднявечнай культуры «Мінск старажытны» з удзелам сяброў рыцарскіх клюбаў.
На Усходніх (Маскоўскіх) могілках Менску (пр. Незалежнасці, 161) у 15.00 адбудзецца адкрыцьцё помніка былому капітану хакейнай зборнай Беларусі Руслану Салею.
9 верасьня
Чакаецца візыт у Беларусь старшыні Парлямэнцкай асамблеі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (ПА АБСЭ) Рыкарда Мільёры і кіраўніка кароткатэрміновай місіі назіральнікаў ПА АБСЭ Матэа Мэкачы. Візыт працягнецца да 12 верасьня.
***
Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень – дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:
8 верасьня
1514 – адбылася бітва пад Оршай, у якой злучаныя войскі ВКЛ і польскія аддзелы перамаглі армію Маскоўскай дзяржавы.
1844 – выйшла першая кніга твору «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях».
9 верасьня
1918 – у Менску адкрыліся беларускія настаўніцкія курсы.
1944 – заключана дамова паміж урадам БССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення пра абмен насельніцтвам. У выніку абмену ў 1944-1947 гадах зь Беларусі ў Польшчу выехалі 27,4 тыс. чалавек, з Польшчы ў Беларусь – 36 тыс. чалавек.
Нарадзіліся:
8 верасьня
1841 – Антанін Дворжак, чэшскі кампазытар (пам. 1904).
1938: Анатоль Грачанікаў, беларускі паэт і перакладчык (пам. 1991).
9 верасьня
1828 – Леў Талстой, расейкі пісьменьнік, філёзаф.
1958 – Міра Лукша, беларуская пісьменьніца.
Памерлі:
8 верасьня
1873 – Яўстафій Тышкевіч, беларускі археоляг, гісторык, этнограф і краязнавец (нар. 1814).
9 верасьня
1917 – Ігнат Буйніцкі, беларускі актор, рэжысэр, тэатральны дзяяч, стваральнік нацыянальнага прафэсійнага тэатру (нар. 1861).
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Над пожняй счарнелай, над зьезджаным полем,
Над каменем гострым, над каменем гладкім...
Як цяжка таму, хто ведае болей,
Стаптанага жыта збіраці астаткі,
Не меўшы надзеі, хоць маючы Слова,
Якое з пачатку сусьвету гучала...
О, Ойча, Ты ж нашаю простаю мовай
Сказаў жа: «Хай будзе!» – і ўсё так паўстала.
Не дай жа таму, што ходзіць па полі,
Скалоўшы да крові і рукі, і ногі,
Не дай жа яму, не дай жа ніколі,
Каб болю не чуў; хай крычыць ад зьнямогі;
Хай крычыць – ён жа выбраў; ад крыку ступее
Іншы боль – боль самоты, боль нажа спадчыннога.
Вось там іншы ідзе, сівы, без надзеі,
З парожняй сявенькай ад гнілога парога!..»
Міра Лукша, «Каласы» (1993)
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ “СВАБОДЫ”:
Руслан Салей: зорная кар’ера, абарваная пад Яраслаўлем