Праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі, а таксама былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч даслалі сваім родным лісты.
Пасьля працяглага перапынку атрымала ліст ад Алеся Бяляцкага ягоная жонка Натальля Пінчук. Яна мяркуе, што Алесь доўга не пісаў з прычыны сваёй занятасьці ў калёніі:
«Ён прыслаў ліст, і я для сябе гэтак патлумачыла, што ён вельмі заняты: шмат каму трэба адказаць на лісты, таксама ён працуе ў швейным цэху на ўпакоўцы прадукцыі. Ён ніколі ня піша, ці адбываецца на яго ціск, акрамя тых спагнаньняў, якія на яго былі ўскладзеныя. Усё гэта застаецца ў сіле: Алесь пазбаўлены кароткатэрміновага спатканьня, доўгатэрміновага, прадуктовых перадач, а таксама грашовыя пераводы скарочаныя з 500 да 100 тысяч рублёў».
Чарговы ліст даслаў сваёй жонцы Марыне Адамовіч палітвязень Мікола Статкевіч. Марына Адамовіч кажа, што ня можа чытаць гэты ліст бязь сьлёз:
«У гэтым лісьце Мікола адказаў мне на напісанае Алесем Бяляцкім: як ні дзіўна, але мы зараз перажываем ня самыя горшыя часы ў сваім жыцьці. Мікола пагадзіўся і сказаў, што цалкам згодны з Алесем, сказаў, што зараз мы перажываем, магчыма, ня толькі ня самыя горшыя, але і самыя высокія часы. Ён піша, што, безумоўна, хочацца на волю, хочацца пабачыць бацьку, вас, пабачыць неба не праз краты і празь сетку, дакрануцца да жывога дрэва. Але такой маральнай яснасьці, такога дакладнага разуменьня, што патрэбна, чаго нельга, як зараз — цяжка знайсьці. І кажа, што сёньня ён бы ня змог на свабодзе зрабіць болей дзеля адстойваньня чалавечай годнасьці, чым на гэтым „полі бітвы“ памерам у дзесяць квадратных мэтраў. У гэтым — увесь Мікола, увесь Алесь, увесь Зьміцер і ўсе тыя хлопцы, якія за нас там змагаюцца значна больш, чым мы тут за іх».
Чарговы ліст даслаў сваёй жонцы Марыне Адамовіч палітвязень Мікола Статкевіч. Марына Адамовіч кажа, што ня можа чытаць гэты ліст бязь сьлёз: