Дэпутат Бундэстагу ад Левай партыі і парлямэнтар ПАРЭ Андрэй Хунка абвінавачвае ўрад краіны ў дваістай маралі што да Беларусі.
49-гадовы нямецкі палітык, які паходзіць зь сям'і ўкраінскіх эмігрантаў, лічыць, што цяперашні скандал вакол супрацы нямецкіх і беларускіх сілавікоў — толькі вяршыня айсбэргу.
Андрэй Хунка адным зь першых сярод дэпутатаў Бундэстагу, яшчэ мінулай восеньню, ініцыяваў расьсьледаваньне супрацоўніцтва нямецкіх паліцыянтаў зь беларускімі сілавымі структурамі. Запыт, падпісаны ім і іншымі прадстаўнікамі Левай партыі, зьмяшчаў патрабаваньне, каб фэдэральны ўрад адказаў пра дэталі гэтага супрацоўніцтва, а таксама пра магчымае (хай сабе і ўскоснае) дачыненьне нямецкіх сілавікоў да падзеяў 19 сьнежня 2010 году.
У размове са «Свабодай» Андрэй Хунка сказаў:
«Так, мы былі першымі ў Бундэстагу, хто настойваў на гэтым расьсьледаваньні. Ужо тады ў нас узьніклі падставы казаць пра дваістую мараль у нямецкай зьнешняй палітыцы. З аднаго боку, афіцыйна, на ўзроўні ЭЗ, прымаюцца санкцыі супраць беларускага рэжыму, а з другога, так бы мовіць, за кулісамі нямецкі ўрад пад выглядам „дыялёгу“ дапамагае паліцыі душыць мірныя дэманстрацыі. Дзесьці празь месяц, пры канцы 2011 году, мы атрымалі ад ураду адказ, які не палічылі шчырым. У прыватнасьці, там сьцьвярджалася, што супрацоўніцтва вялося ў рамках праграмы „Ўсходняга партнэрства“ і што згодна з так званым пагадненьнем аб рэадмісіі ЭЗ і краіны-суседкі павінны былі вырашаць пытаньні нелегальнай міграцыі сумеснымі намаганьнямі. Таксама ўрадоўцы настойвалі, што супраца вялася ў кантэксьце павагі да правоў чалавека, і ўсяляк адхрышчваліся ад таго, што па лініі нямецкага МУС у Беларусь пастаўлялася рознае абсталяваньне ды паліцэйскі рыштунак. Дадам, што доўгі час ані СМІ, ані грамадзкасьць гэтым пытаньнем ня надта цікавіліся. І толькі гэтым летам у СМІ распачаўся вялікі скандал. Высьветлілася, што супраца была нашмат больш актыўная».
Як даводзяць, грунтуючыся на аб’ектыўных зьвестках, нямецкія левыя, Эўракамісія сапраўды ўхваліла праект «Усходняга партнэрства» аб супрацоўніцтве ў барацьбе зь нелегальнай міграцыяй, аднак гаворка ішла пра супрацоўніцтва нямецкіх ды эўрапейскіх экспэртаў зь беларускімі памежнікамі (на гэта па лініі Брусэля праз праграму TAIEX з 2009 па 2011 год было выдзелена 136 000 эўра). Што ж да навучаньня беларускіх міліцыянтаў, як застрашваць мірнае насельніцтва, то яно не прадугледжвалася. Тым ня менш прадстаўнікі беларускага АМАПу, згодна са сьведчаньнямі паліцыі фэдэральнай зямлі Саксонія, двойчы прысутнічалі як назіральнікі пры баявых дзеяньнях адмысловых нямецкіх паліцэйскіх фармаваньняў. Гэта было ў 2010 годзе. У лютым таго году немцы перадалі беларусам свой досьвед блякаваньня шматтысячнай бойкі паміж нэанацыстамі і левымі ў Дрэздэне падчас дэманстрацыі з нагоды 66-й гадавіны бамбаваньня гораду авіяцыяй саюзьнікаў. Тады нямецкія паліцыянты выкарысталі сьлезацечны газ і вадамёты.
Другая беларуская стажыроўка ў Саксоніі адбылася ў лістападзе 2010 году. Гэта было назіраньне за тым, як нямецкія паліцыянты суправаджаюць цягнік «Castor» зь ядзернымі адкідамі. Звычайна праезд такіх цягнікоў суправаджаецца буйнымі акцыямі пратэсту, якія ствараюць сур’ёзныя праблемы для нямецкай паліцыі.
Нямецкія левыя перакананыя, што нямецка-беларускае супрацоўніцтва насіла сталы характар і зь цягам часу пашыралася. Гэта тычыцца і стажыровак, і дапамогі абсталяваньнем. У любым выпадку, «малаверагодна, што супраца абмяжоўваецца ўдзелам толькі аднаго нямецкага ведамства ці аднаго паліцэйскага кіраўніка», — цытуюць нямецкія выданьні апазыцыйных дэпутатаў.
З чым зьвязанае тое, што гэтымі днямі нямецкія левыя, як, дарэчы, і прадстаўнікі партыі зялёных, зрабілі чарговы запыт ва ўрад, зноўку настойваючы, каб расьсьледаваньне супрацоўніцтва было працягнута? Ці яны жадаюць кагосьці выправіць у адстаўку, ці гэта зьвязана з набліжэньнем выбарчай кампаніі 2013 году?
На пытаньне «Свабоды» адказвае Андрэй Хунка:
«Наша галоўная мэта — дамагацца празрыстасьці дзеяньняў ураду, каб урадоўцы не хлусілі, адказваючы на нашы запыты, каб міжнароднае супрацоўніцтва грунтавалася на павазе да правоў чалавека. На гэта і накіраваныя нашы дзеяньні. Адрозна ад зялёных, якія таксама накіравалі свой запыт ва ўрад, мы не падзяляем палітыкі санкцыяў у дачыненьні да Беларусі. Але, гэтаксама як зялёныя ды іншыя партыі, мы рэзка крытыкуем беларускі рэжым за ўжываньне сьмяротнага пакараньня, а таксама за жорсткае здушэньне мірных дэманстрацыяў, за зьняволеньне людзей на падставе іхніх перакананьняў. Пра гэта я не аднойчы гаварыў з трыбуны Бундэстагу і ПАРЭ.
На жаль, цяперашні скандал у зьвязку з паліцэйскай супрацай зь Беларусьсю — гэта ўсяго толькі вяршыня айсбэргу. Дэпутатам Бундэстагу стала вядома, што Нямеччына вядзе сумнеўнае супрацоўніцтва ня толькі зь беларускім, але і зь іншымі антыдэмакратычнымі рэжымамі — у такіх краінах, як Лібія, Саудаўская Арабія, дарэвалюцыйны Эгіпет. Туды слалі танкі, іншую вайсковую тэхніку. Што гэта, як не чарговы доказ дваістай маралі ў нямецкай зьнешняй палітыцы?»