Замест Леніна — Корсак, Буйніцкі, Драздовіч, Ластоўскі

Помнік Вацлаву Ластоўскаму

У Глыбокім, падчас сьвяткаваньня Дня беларускага пісьменства і друку адчынілі алею помнікаў славутым землякам. Яшчэ некалькі месяцаў таму на гэтым месцы — на Плошчы 17 верасьня — стаяў помнік Леніну, які ўрэшце зьнесьлі.
Урачыстае адкрыцьцё помнікаў адбылося 2 верасьня. У імпрэзе ўзяў удзел старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец, які ў гэты дзень прамаўляў па-беларуску.

Цяпер глыбачане маюць адмысловую алею помнікаў славутым землякам — гэта помнікі фундатару глыбоцкіх касьцёлаў Язэпу Корсаку, пачынальніку беларускага тэатру Ігнату Буйніцкаму, мастаку Язэпу Драздовічу, выбітнаму дзеячу беларускага адраджэньня, гісторыку, этнографу Вацлаву Ластоўскаму. Усяго ўсталявана 8 помнікаў — яшчэ ў Глыбокім вырашана ўшанаваць памяць стваральніка сучаснага іўрыту Элізэра Бэн-Ягуды, удзельніка вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, літаратара Алеся Дубровіча, авіяканструктара Паўла Сухога, Героя Савецкага Саюзу, генерала-летэнанта Пятра Казлова.

Помнік Язэпу Драздовічу



Алея помнікаў славутым землякам — гэта супольны праект Міністэрства культуры і Глыбоцкага райвыканкаму. Бюсты вырабляліся ў Віцебску на камбінаце «Мастацтва», аўтары — віцебскія і менскія скульптары, сярод якіх Аляксандар Гвозьдзікаў, Валеры Магучы, Азат Тарасян і Іван Казак.