Родным патлумачылі, што салдат павесіўся ў блёку, дзе вядзецца рамонт, у прыбіральні, прычым для таго, каб туды трапіць, трэба прайсьці праз днявальнага, які нічога «ня бачыў» і не заўважыў адсутнасьці салдата. Яўген Рудак пасьпеў адслужыць трошкі больш за 3 месяцы.
Стрыечная сястра навабранца Вікторыя Мамулашвілі напісала на сваёй старонцы вКонтакте:
«Усё абыгралі як суіцыд. Родным паведамілі, што хлопец павесіўся з-за таго, што яго не адпусьцілі ў звальненьне. Абыгралі ўсё пісьменна, падключылі псыхолягаў, якія зрабілі заключэньне, што хлопец быў замкнёны і схільны да самазабойства».
Цётка загінулага Ніна Мамулашвілі ня верыць у вэрсію самагубства. У інтэрвію Радыё Свабода яна заявіла:
«Мы былі ў шоку. Я стала аглядаць дзіцё, калі яго прывезьлі. Лоб зьбіты, на скронях — драпіны. Зьлева на галаве бачныя сьляды ўдару, ці то па твары, ці па вушах. Відаць адбіткі пальцаў. Калі б ён павесіўся, былі б іншыя сьляды, ад удушэньня».
«Думаем, што гэта дзедаўшчына, ці проста вырашылі правучыць. У гэты дзень ён адпрошваўся ў звальненьне. Яго ўнесьлі ў сьпіс, а потым выкрэсьлілі. Ён пайшоў разьбірацца. Яму сказалі, маўляў, моладзь абурэла. Ён пазваніў па тэлефоне сябру, сябра задае пытаньне, чаму ты так цяжка размаўляеш, і Яўген яму кажа, маўляў, мяне толькі што ў чатырох „адкаталі“. І іншы сябра пацьвярджае».
Сваякі лічаць, што вайскоўцы вырашылі схаваць справу, і прымусілі іншых салдатаў даць фальшывыя тлумачэньні:
«Ім нехта дыктаваў, тэкст адзін і той жа, пераставілі месцамі сказы. Яны напісалі, што Жэня быў замкнуты і не камунікабельны, каб схаваць самазабосйтва. Я не магу паверыць у гэта! Пачытайце яго сьцяну вКонтакте. Усе пішуць, што ён вясёлы».
Сваякі зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт.
Іна Гарбачова, прадстаўніца Сьледчага Камітэту па Віцебскай вобласьці паведаміла Радыё Свабода:
«27 жніўня Упраўленьнем Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкулу 145 „Давядзеньне да самагубства“. Праводзіцца сьледзтва».
Сваякі чакаюць афіцыйнага заключэньня судмэдэкспэртызы.
Таксама сёньня, як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны, падчас правядзеньня плянавых заняткаў па баявой падрыхтоўцы ў выніку неасьцярожнага абыходжаньня са зброяй атрымаў раненьне, несумяшчальнае з жыцьцём, вайсковец тэрміновай ваеннай службы сілаў спэцыяльных апэрацыяў.