Чарняўскі: У акаўнтах ужо сядзелі супрацоўнікі КДБ

Адзін з адміністратараў апазыцыйных суполак «Вконтакте» Максім Чарняўскі, які цяпер знаходзіцца ў Польшчы, распавёў карэспандэнту «Свабоды», што пра затрыманьні яму стала вядома, калі адбыўся захоп суполкі «Надакучыў нам Лукашэнка»:

«Выдалілі ўсіх адміністратараў і пачалі выдаляць кантэнт і ўдзельнікаў. Я адразу зьвярнуўся да тэхнічнай дапамогі „Вконтакте“, але яны дагэтуль нічога не адказалі, і таму суполку працягваюць зьнішчаць. Таксама я зьвязаўся з маці Паўла, і яна распавяла, што калі яго затрымлівалі, яна чула гутарку міліцыянтаў, і зь яе яна зразумела, што ідзе цэлая апэрацыя, што людзей затрымліваюць па ўсім Менску. Я паспрабаваў зьвязацца з нашым адміністратарам Андрэем Ткачовым, але ў яго акаўнтах ужо сядзелі супрацоўнікі КДБ, я зразумеў гэта па гутарцы. Як я да гэтага стаўлюся — зразумела, нэгатыўна. Напэўна, спэцслужбы захацелі зрабіць падарунак Аляксандру Лукашэнку на яго дзень народзінаў. Нас спрабавалі выдаліць шмат яшчэ зь мінулага лета. І калі мяне вэрбавалі і патрабавалі, каб я прывёў свайго чалавека, чэкіста, у адміністрацыю суполкі, я, вядома, адмовіўся, і яны не змаглі зьнішчыць. Цяпер гэта, напэўна, зьвязана з выбарамі, бо мы падтрымлівалі апошнім часам кампанію байкоту».

Карэспандэнт: «Дык гэтыя суполкі ўжо немагчыма аднавіць?»

Чарняўскі: «Гэта залежыць ад адміністрацыі сайту. Калі яны пойдуць нам насустрач, то можна будзе вярнуць доступ, кіраўніцтва і, магчыма, вярнуць кантэнт. Але кантэнт, хутчэй за ўсё, яны ня вернуць. І невядома, ці пойдуць яны нам насустрач, бо ўжо былі выпадкі, калі сацыяльная сетка супрацоўнічала з нашымі спэцслужбамі. У мінулым годзе менавіта сацыяльная сетка выдаліла суполку „Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку“. Вось зараз ужо больш як дзьве гадзіны нашу суполку зьнішчаюць, і нам дагэтуль тэхнічная дапамога нічога не адказала. Так што гэта залежыць ад іх, ці зможам мы вярнуць кантроль.У нас было 37 тысяч чалавек, так што людзей даволі шмат. І нават калі мы ня зможам вярнуць кантроль, мы створым новую суполку і зладзім больш моцную абарону, каб яе не маглі захапіць».