Амбасады Беларусі ў Стакгольме і Швэцыі ў Менску спынілі працу

Швэдзкая амбасада ў Менску

30 жніўня амбасада Швэцыі ў Менску цалкам спыніла працу. Тэлефоны дыппрадстаўніцтва не адказваюць, швэдзкія дыпляматы пакінулі Беларусь, як таго патрабаваў беларускі бок.
Аналягічныя дзеяньні зробленыя і беларускім бокам, піша «БелаПАН». Указ аб вызваленьні ад пасады пасла Беларусі ў Швэцыі Андрэя Грынкевіча быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ 23 жніўня.

З 20 жніўня інтарэсы Швэцыі ў візавых пытаньнях у Беларусі прадстаўляе амбасада Эстоніі. Заяўкі для атрыманьня віду на жыхарства і дазволу на працу ў Швэцыі можна падаваць у электронным выглядзе праз сайт міграцыйнай службы Швэцыі.

У сваю чаргу, амбасада Беларусі ў Стакгольме 20 жніўня спыніла прыём дакумэнтаў на афармленьне ўязных беларускіх віз у сувязі з закрыцьцём, а 27-га перастала прымаць дакумэнты на афармленьне пасьведчаньняў на вяртаньне ў Рэспубліку Беларусь.

Стэфан Эрыксан

1 жніўня ўлады Беларусі не працягнулі акрэдытацыі амбасадару Стэфану Эрыксану. Швэдзкага дыплямата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасьці.

У адказ на гэта швэдзкія ўлады заявілі, што ня прымуць новага амбасадара Беларусі. Міністар замежных спраў Швэцыі Карл Більт на сваёй старонцы ў Твітэры напісаў: «Рэжым Лукашэнкі выслаў амбасадара Швэцыі з-за яго падтрымкі правоў чалавека. Абуральна. Мы сказалі, што новы пасол Беларусі ў Швэцыі не пажаданы, і папрасілі іншых двух дыпляматаў Беларусі пакінуць краіну».

8 жніўня МЗС Беларусі абвясьціў, што адклікае ўсіх супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Стакгольме, і рэкамэндаваў швэдзкаму боку да 30 жніўня адклікаць усіх сваіх дыпляматаў зь Менску.

Камэнтуючы сытуацыю, Аляксандар Лукашэнка сьцьвярджаў, што канфлікт са Швэцыяй ніяк не зьвязаны зь незаконным палётам над Беларусьсю швэдзкага самалёта, які раскідаў над Івянцом і Менскам сотні плюшавых мядзьведзяў зь лёзунгамі ў абарону свабоды слова.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь і Швэцыя дамаўляліся абмяняцца новымі амбасадарамі, але швэдзкі бок гэтыя дамоўленасьці парушыў, у выніку чаго і ўзьнік канфлікт.

Амбасадар Стэфан Эрыксан, адзначыў кіраўнік дзяржавы, працаваў у Беларусі сем гадоў, хоць звычайна тэрмін знаходжаньня дыплямата ў краіне абмяжоўваецца трыма гадамі. Гэта значыць, Беларусь ішла насустрач просьбам швэдзкага боку аб падаўжэньні акрэдытацыі іхнага амбасадара, падкрэсьліў ён.

Каля году таму, паведаміў Лукашэнка, швэдзкаму боку было заяўлена пра немагчымасьць далейшага падаўжэньня акрэдытацыі Эрыксана з-за той дзейнасьці, якой ён займаўся ў Беларусі. Эўразьвяз асудзіў дзеяньні афіцыйнага Менску ў дачыненьні да Швэцыі. 10 жніўня Камітэт па палітыцы і бясьпецы Рады Эўразьвязу правёў пазачарговае пасяджэньне, па выніках якога было заяўлена: з улікам дыпляматычнага канфлікту паміж Беларусьсю і Швэцыяй у кастрычніку ЭЗ прыме рашэньне пра абмежавальныя захады ў дачыненьні да беларускіх уладаў.