ЦВК не задаволіў скаргаў Мілінкевіча, Фінькевіча, Пашкевіча

Паседжаньне ЦВК

Цэнтравыбаркам сёньня завяршыў разгляд скаргаў на адмову ў рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты. З 55 заяваў цягам трох дзён было задаволена 10.
Кандыдатамі сярод іншых сталі экс-міністар абароны Павал Казлоўскі і актор Яўген Крыжаноўскі. А вось апазыцыянэрам Аляксандру Мілінкевічу, Артуру Фінькевічу і Міхаілу Пашкевічу ЦВК адмовіў.

Аляксандар Мілінкевіч абскардзіў рашэньне камісіі Ўруцкай выбарчай акругі нумар 109, якая не зарэгістравала яго, абгрунтаваўшы сваё рашэньне недакладнасьцямі ў падпісных лістах (нібыта даты пры іх ставіліся нейкай адной асобай, а не самімі грамадзянамі), а таксама з-за адсутнасьці ў дэклярацыі згадак пра ягоны зямельны надзел. Інтарэсы Мілінкевіча ў ЦВК прадстаўляў Юрась Меляшкевіч. Ён абверг прэтэнзіі акруговай камісіі адносна падпісных лістоў і зямельнага надзелу, які насамрэч не належыць Мілінкевічу на праве ўласнасьці:

«Зыходзячы з гэтага, я лічу, што рашэньне, якое было ўхваленае камісіяй, зьяўляецца палітычным. Ужо сёньня мы ведаем, ужо апублікаваны ў інтэрнэце сьпіс са 110 асобаў, якія будуць прызначаныя ў парлямэнт. Як людзі трапілі ў гэты сьпіс, залежыць ад іх ляяльнасьці ўладам, ад таго, якія іх стасункі зьвязваюць з выканаўчай уладай. Напрыклад, па нашай акрузе выключэньне Мілінкевіча са сьпісу кандыдатаў зьвязанае з тым, што наш кандыдат рэалізоўваў моцную кампанію, якая магла замінаць спадару Зыгмунту Вальвачу, які зьяўляецца сваяком дзейнага прэм’ера, прайсьці без праблем у парлямэнт».

Экспэрт ЦВК Галіна Мкртычан зазначыла па сутнасьці скаргі, што Мілінкевічу было адмоўлена законна, за выключэньнем спасылкі на ня ўнесены ім у дэклярацыю зямельны ўчастак, які сапраўды не знаходзіцца ва ўласнасьці прэтэндэнта. А праверка падпісных лістоў была праведзеная «бездакорна», — заявіла экспэрт ЦВК. Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына з гэтай нагоды заявіла Меляшкевічу:

«Вы ўжо выступілі. Трэба меней увагі надаваць палітыцы, а больш тэхнічным пытаньням».

Сябры ЦВК з дарадчым голасам Лялькоў і Калякін асабіста правяралі падпісныя лісты Мілінкевіча і акты камісіі. Сяргей Калякін пры гэтым абураўся чарговай вынаходкай выбарчых камісіяў — зваротам да экспэртаў-крыміналістаў з МУС, якія сьведчылі, што даты ў падпісных лістах нібыта напісаныя адной і той жа асобай. Большасьць грамадзян, якім сёньня ЦВК адмовіла ў рэгістрацыі, пацярпелі менавіта ад такіх экспэртыз, перакананы сябра ЦВК ад БНФ Ігар Лялькоў:

«Чамусьці, прынамсі ў горадзе Менску, так атрымліваецца, што на падставе заключэньняў гэтых невядомых нікому экспэртаў адмаўляюць у рэгістрацыі толькі апазыцыйным кандыдатам».

Гэтая вынаходка ўладаў сьведчыць пра перастрахоўку, перакананы іншы сябра ЦВК ад апазыцыі Віктар Карняенка:

«Калі ўлічыць тое, што тут учора ўхвалілі цэнзуру выступаў кандыдатаў, гэта гаворыць пра тое, што ня ўсё добра ў дзейнай улады, што трэба рабіць нейкія дадатковыя захады для таго, каб забясьпечыць патрэбны вынік».

Апрача Мілінкевіча, ад заключэньняў экспэртаў-крыміналістаў пацярпелі апазыцыянэры Артур Фінькевіч і Міхал Пашкевіч. У іх лістах таксама нібыта людзі ставілі даты не сваёй рукой. На думку Сяргея Калякіна, гэтае патрабаваньне было ўведзенае ў закон, каб стаць інструмэнтам «для расчысткі палітычнага поля». Калякін зьвярнуў увагу на шмат прыкладаў, выяўленых падчас сёньняшняга паседжаньня, як тэндэнцыйна працуюць камісіі, якія «рыюць зямлю, каб толькі не зарэгістраваць кандыдата». Такой жа думкі і сам Фінькевіч:

«Ніякіх ілюзіяў быць не павінна. ЦВК дзейнічае паводле клішэ і проста зачышчае тых кандыдатаў, якія хацелі б паказваць людзям альтэрнатыву».

Фінькевіч перакананы, што ЦВК і ўлады ўвогуле самі штурхаюць людзей да байкоту выбараў. А вось Міхал Пашкевіч зьбіраецца яшчэ папрацаваць у гэтай кампаніі, але ўжо ў іншай якасьці:

«Зараз мы можам быць даверанымі асобамі іншых кандыдатаў. І ў нас наперадзе амаль месяц».


Свабода вяла жывы рэпартаж з пасяджэньня ЦВК


15:40 ЦВК разглядае скаргу арганізатара пратэстаў ва Ўруччы Леаніда Мажальскага. Яго не зарэгістарвалі з-за несапраўдных подпісаў і незадэкляраваных акцыяў.

ЦВК адмовіў Мажальскаму на падставе памылак у падпісных аркушах.


15:27 Разглядаецца скарга старшыні асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане Алега Труфанава да той жа 109-й акругі.

У Труфанава знайшлі недакладнасьці ў дэклярацыі і несапраўдныя подпісы.

Экспэрт ЦВК заявіў, што падставаў для скасаваньня рашэньня акруговай камісіі няма.

ЦВК адмовіла аўганцу Труфанаву, хоць Ярмошына назвала яго «сымпатычным кандыдатам». Ярмошына заявіла, што было б несправядлівым задаволіць ягоную скаргу, адначасова адмовіўшы іншым.


14:58 ЦВК разглядае скаргу Аляксандра Мілінкевіча.

Яго інтарэсы прадстаўляе Юрась Меляшкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч абскардзіў рашэньне Ўруцкай выбарчай акругі № 109, якая не зарэгістравала яго за тое, што ў падпісных аркушах знайшлі несапраўдныя подпісы, а ў дэклярацыі не пазначаны зямельны надзел.

«Рашэньне аб нерэгістрацыі зьяўляецца палітычным, ужо сёньня апублікаваны сьпіс 110 ляяльных уладзе асобаў, якія будуць дэпутатамі. Мілінкевіча не зарэгістравалі, каб дэпутатам стаў Зыгмунт Вальвач, сваяк прэм’ер-міністра», — заявіў Меляшкевіч.

Экспэрт ЦВК Галіна Мкртычан зазначыла па сутнасьці скаргі, што Мілінкевічу было адмоўлена законна, за выключэньнем спасылкі на ня ўнесены ім у дэклярацыю зямельны надзел, які не знаходзіцца ва ўласнасьці прэтэндэнта.

А праверка падпісных лістоў была праведзеная «бездакорна», — заявіла экспэрт ЦВК.

«Трэба меней увагі аддаваць палітыцы, а больш тэхнічным пытаньням», — заявіла з гэтай нагоды Ярмошына.

Лялькоў і Калякін асабіста правяраюць падпісныя лісты Мілінкевіча і акты камісіі.

«Вынаходжаньне „экспэртызы“ па подпісах патрэбнае, каб не дапусьціць да выбараў тых хто не даспадобы. Лічу рашэньне палітычна матываваным», — заявіў Карняенка.

Калякін зьвяртае ўвагу на недасканаласьць экспэртнага заключэньня па подпісах: «Тут няма юрыдычных падставаў прызнаваць гэтыя подпісы несапраўднымі».

«Паводле заключэньня невядомых экспэртаў-крыміналістаў у Менску не рэгістравалі выключна незалежных кандыдатаў», — заявіў Лялькоў.

Лазавік рэкамэндуе пакінуць рашэньне пра нерэгістрацыю Мілінкевіча з-за недаставерных подпісаў.

ЦВК адхіліла скаргу Мілінкевіча.



14:36 Паседжаньне аднавілася пасьля перапынку. Разглядаецца скарга беспрацоўнага Віктара Янчурэвіча на рашэньне Каліноўскай выбарчай акругі № 108. У яго знайшлі зашмат несапраўдных подпісаў.

Тая самая праблема з выстаўленьнем даты не асобай, якая паставіла подпіс за кандыдата. Гэта пацьвярджаецца экспэртам. ЦВК адмовіў Янчурэвічу.


13:00 Наступная скарга ад Анатоля Букаса. Ён абскарджвае рашэньне Барысаўскай акруговай камісіі, якая пазбавіла яго рэгістрацыі ў гэты панядзелак.

Ужо пасьля рэгістрацыі Барысаўская камісія выявіла, што нібыта Букас у 2011 годзе прадаў машыну і схаваў даход.

«Такога не было, я сам быў зьдзіўлены», — заявіў Букас ЦВК.

Пры гэтым старшыня камісіі прадставіў нейкую даведку ад фірмы зь Менску, сказаў Букас.

Букас распавёў, што ў студзені 2011 году ён сапраўды збыў аварыйную машыну за 3,5 мільёна, не афармляючы дакумэнтаў.

Удзельнікі паседжаньня пачалі спрачацца, прадаваў Букас машыну ці не.

Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў, што машына была прададзеная і Букас схаваў факт продажу: «Ня трэба ілгаць!»

Букас кажа, што ён прадаў машыну на запчасткі і не афармляў дакумэнты. «Трэба было аформіць зьдзелку!» — раіць Букасу іншы сябар камісіі.

Сяргей Калякін (л) і Ігар Лялькоў (п)

Сябра Партыі БНФ Ігар Лялькоў заявіў, што папера, на падставе якой Букаса пазбавілі рэгістрацыі, не зьяўляецца дакумэнтам, гэта нікім не завераная ксэракопія. «Таму Букаса трэба аднавіць».

Сяргей Калякін таксама запэўнівае ЦВК, што Барысаўская камісія ня мела дакумэнтальных падставаў для скасаваньня рэгістрацыі Букаса.

Аднак ЦВК адмовіў.



12:28 Наступная скарга — ад беспартыйнага Андрэя Кавалёва. Выбарчая камісія 102-й акругі знайшла ў яго зашмат несапраўдных подпісаў.

Скаргу ЦВК не задаволіў.

12:09 Наступная скарга — ад артыста Яўгена Крыжаноўскага.

Камісія 99-й акругі не зарэгістравала яго з-за таго, што ён нібыта не задэкляраваў машыну, якую здаў у салён у залік новай.

Крыжаноўскі вылучаны ЛДПБ.

Юрыст ЦВК Надзея Кісялёва зазначыла, што акруговая камісія тут памылілася, бо Крыжаноўскі насамрэч не прадаваў машыну і ня меў з гэтага даходу. ЦВК зарэгістраваў Крыжаноўскага.

«Пастараюся апраўдаць давер», — падзякаваў Крыжаноўскі.


12:06 Сяргей Карповіч з Партыі БНФ таксама скардзіцца на камісію 97-й акругі. Яму адмовілі з-за недакладнасьці ў дэклярацыі на 637 тысяч рублёў. Экспэрт ЦВК назваў гэтае парушэньне істотным.

Сябра ЦВК ад БНФ Ігар Лялькоў выказаў зьдзіўленьне тым як акруговыя камісіі такім чынам «крадуць дні на агітацыю». Карповіча зарэгістравалі.


12:00 Беспартыйны Павал Сьпірын скардзіцца на камісію 97-й выбарчай акругі, якая не зарэгістравала яго, бо не пазначыў у дэклярацыі 150 тысяч рублёў прыбытку. Гэта неістотная сума, вырашылі ў ЦВК і зарэгістравалі Сьпірына.


11:56 Вікторыя Пашкоўская з БСДП «Грамада» скардзіцца на камісію Кастрычніцкай акругі нумар 97, якая не зарэгістравала яе з-за недакладнасьцяў у дэклярацыі. За год яна зарабіла ў дзіцячым садзіку 8 мільёнаў рублёў і яшчэ 6 мільёнаў у дзіцячым цэнтры, але ўпісала ў дэклярацыю 30 мільёнаў, не пазначыўшы крыніцы даходаў. Фактычна Пашкоўская не прадставіла дэклярацыю, вырашыла ЦВК, адмаўляючы ў задавальненьні яе скаргі.


11:49 Вольга Хілюта з ЛДПБ скардзіцца на акруговую камісію нумар 97 Менску, якая не зарэгістравала яе з-за недакладнасьці ў дэклярацыі. Хілюта не паведаміла пра сваю долю ў акцыянэрным таварыстве і пра прыбытак ад здачы 7 жылых памяшканьняў. ЦВК палічыла гэтыя недакладнасьці істотнымі і адмовіла Хілюце ў рэгістрацыі.


11:43 Наступная скарга — ад беспартыйнага Мікалая Ярковіча на Чкалаўскую акруговую камісію. Ярковіч вылучаўся па некалькіх акругах (96-й і 97-й), сабраў 6 тысяч подпісаў, але не напісаў заяву пра адмову ад балятаваньня па ўсіх акругах, акрамя адной. ЦВК адмовіў Ярковічу.


11:37 ЦВК разглядае скаргу Алега Квітко з Партыі левых «Справядлівы сьвет», у якога камісія знайшла долю ў зямельным надзеле. Квітко кажа, што прадаў яе 11 год таму. Квітко прадставіў дамову куплі-продажу.

ЦВК вырашыла зарэгістраваць яго па Чкалаўскай выбарчай акрузе ў Менску.

«Гэта можна было вырашыць на ўзроўні акруговай камісіі, спытаўшыся ў грамадзяніна», — зазначыў Сяргей Калякін.


11:14 Наступнай ЦВК разглядае скаргу актывіста кампаніі «Гавары праўду» Міхаіла Пашкевіча. Яго не зарэгістравалі кандыдатам у Купалаўскай акрузе № 95. Сытуацыя аналягічная той, што была ў Фінькевіча, — даты ў падпісных аркушах напісаныя не самімі выбарцамі.

Пашкевіч прадставіў ЦВК заявы ад 35 чалавек, што яны самі падпісваліся і ставілі дату. Але камісія спаслалася на заключэньне экспэрта пра тое, што даты выстаўляліся нейкай адной асобай.

«Гэта палітычна матываванае рашэньне з мэтай не дапусьціць Пашкевіча да ўдзелу ў выбарчай кампаніі як грамадзяніна, які мае іншыя погляды, чым улада», — заявіў Сяргей Калякін.

ЦВК не задаволіў скаргу Пашкевіча.

10:40 Наступная скарга Артура Фінькевіча. На паседжаньне прыйшоў сам Артур.

Ён паведаміў ЦВК, што камісія Сьвіслацкай акругі прызнала 64 подпісы за яго несапраўднымі, паколькі нібыта самі грамадзяне не ставілі самастойна дату.


Юрыст ЦВК Марыскін зрабіў выснову, што акруговая камісія дзейнічала правільна, у тым ліку таму, што недаставернасьць датаў ля подпісаў грамадзянаў пацьвярджаецца даведкай экспэрта, а таксама таму што пасьля адлічэньня несапраўдных подпісаў у Фінькевіча засталося меней за 1000 подпісаў.

Сябра камісіі з дарадчым голасам Сяргей Калякін назваў патрабаваньне закона, каб дату ля подпіса за кандыдата ставілі самі грамадзяне сталася сапраўдным інструмэнтам «для расчысткі палітычнага поля».

У выніку ЦВК не задаволіў скаргу Фінькевіча.


10:38 Наступная скарга — ад былога міністра абароны Паўла Казлоўскага, вылучанага АГП. Васняцоўскага выбарчая выбарчая акрцуга знайшла ў яго недакладнасьці ў памерах гаражу і прыбытку ад здачы ў наём памяшканьня.

Супрацоўніца ЦВК, якая вывучала скаргу, лічыць гэтыя недакладнасьці неістотнымі і прапануе зарэгістраваць Казлоўскага. ЦВК пагаджаецца.

Сяргей Калякін неазывае гэты выпадак прыкладам таго як тэндэцыйна працуюць камсіі, якія «рыюць зямлю, каб толькі зарэгістраваць кандыдата».


10:36 Лідзія Ярмошына заклікала прэтэндэнтаў ня быць інфантыльнымі і адказваць самім за свае дэклярацыі, а не спасылацца на бухгальтараў. ЦВК адмовіла маёру Дробышаву.


10:14 ЦВК разглядае скаргу супрацоўніка Заводзкага райваенкамата Менска маёра Валерыя Дробышава. Аўтазаводзкая акруга не зарэгістарвала яго з-за недакладнасьцяў у дэклярацыі аб прыбытках і маёмасьці.

Маёр Дробышаў не падаў у дэклярацыю суму алімэнтаў, якія ён выплачвае. Таму атрымалася, што ён занізіў свой прыбытак больш чым 20%.

Гэта істотнае разыходжаньне, акруговая камісія правільна зрабіла, што не зарэгістравала яго, зрабіла выснову юрыст ЦВК Галіна Мкртычан.

Ігар Лялькоў і іншыя сябры камісіі з дарадчым голасам ад палітычных партыяў раяць зарэгістраваць маёра, бо, запаўняючы дэклярацыю, ён кіраваўся афіцыйным дакумэнтам з бухальтэрыі.


10:08 Першая скарга, якую разглядае ЦВК, ад прадстаўніцы АГП Вольгі Кавальковай. Шабаноўская выбарчая камісія не зарэгістравала яе, бо знайшла ў дэклярацыі недакладнасьці на 2,7 мільёна рублёў.

Супрацоўнік ЦВК Алег Марыскін, які вывучаў справу, назваў такое перавышэньне прыбыткаў неістотным, і прапанаваў зарэгістрваць Кавалькову кандыдатам. ЦВК падтрымаў.


ЦВК плянуе разгледзіць 26 скаргаў на нерэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Сярод тых, чые скаргі будуць разглядацца:
  • былы кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч
  • былы міністар абароны Павал Казлоўскі
  • моладзевы актывіст Артур Фінькевіч
  • моладзевы актывіст Міхаіл Пашкевіч
  • навуковец Георгі Лепін
  • лекар Аляксей Хадоркін
  • журналіст Анатоль Букас
  • артыст Яўген Крыжаноўскі
  • арганізатар пратэстаў супарць пабудовы дамоў спэцназу ва Ўруччы Леанід Мажальскі.

28 жніўня У ЦВК разгледзілі 16 скаргаў ад незарэгістраваных кандыдатаў. Задаволена з іх толькі адна — ад сябры партыі «Справядлівы сьвет» Людзьмілы Дзянісенкі.

29 жніўня паседжаньне цэнтральнай камісіі разгледела 11 скаргаў, зь якіх задаволіла тры: ад сябра АГП Уладзімера Малярчука, сябра партыі «Справядлівы сьвет» Артура Эшбаева і вылучэнца ад грамадзян Лагойскай выбарчай акругі № 75 Ягора Лебядка.