Жарыхін: «Расейскія карані Кабякова ня маюць значэньня для Расеі»

Уладзімер Жарыхін

Прызначэньне новага кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі мы папрасілі пракамэнтаваць намесьніка дырэктара расейскага Інстытуту краін СНД Уладзімера Жарыхіна.
РС: Спадар Жарыхін, як вы ацэньваеце прызначэньне Андрэя Кабякова кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі? Здаецца, яго імя не фігуравала ў сьпісах магчымых кандыдатаў на гэтую пасаду, якія прыводзіў беларускі і расейскі друк. Таксама прыгадваецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін падчас візыту ў Менск, убачыўшы Кабякова, які быў паслом Беларусі ў РФ, сказаў: «Столькі крыві ён у мяне выпіў за апошнія гады, а яго яшчэ да нас у Маскву даслалі, каб рэшткі ў мяне выпіць»

Жарыхін: Я так разумею, што камунікацыя з Пуціным падштурхнула Лукашэнку ўзяць зь яго прыклад і зрабіць нечаканае прызначэньне. Гэта фірмовы стыль расейскага прэзыдэнта. Калі казаць сур'ёзна, то спадар Кабякоў можа за кулісамі сапраўды дастаткова актыўна піў кроў Ўладзімера Ўладзімеравіча, але ў публічнай сфэры гэта было незаўважна. І гэта характарызуе прафэсіяналізм спадара Кабякова. Калі ён гэтак жа актыўна будзе піць кроў Аляксандра Рыгоравіча, але ніхто пра гэта ведаць ня будзе, а на выхадзе будзе разумная палітыка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, то будзе вельмі добра.

РС: Па тых зьвестках, што ў вас ёсьць, прызначэньне Кабякова - гэта знак якой палітыкі, палітыкі ўнутранай, палітыкі адносна Расеі?

Жарыхін: Я б не рабіў такіх прамых аналёгіяў. Калі прызначылі пасла ў Расеі, дык толькі з Расеяй будуць адносіны, ад астатняга сьвету Беларусь адвернецца. Пуцін прызначыў пасла РФ у ЗША спадара Ўшакова сваім памочнікам па міжнародных справах. Але гэта ня значыць, што Расея вырашыла разьвярнуцца ў бок ЗША.

РС: Наколькі для Расеі маюць значэньне глыбокія расейскія карані новага кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларус? Андрэй Кабякоў нарадзіўся ў Маскве, скончыў Маскоўскі авіяцыйны інстытут.

Жарыхін: Я мяркую, што не. Мы ведаем біяграфію Мікалая Азарава, прэм'ера Ўкраіны. Але ў газавых стасунках яго расейскія, разанскія карані Расеі зусім не дапамагаюць, там дастаткова жорсткія перамоўныя пазыцыі. Калі трэнэр трэніруе кіеўскага "Дынама", а такое неаднойчы бывала, гэта не азначае, што ён сьвядома будзе здаваць матчы "Дынама" з расейскай камандай. Калі чалавек вырас у Расеі, а цяпер зьяўляецца буйным беларускім чыноўнікам, ён ня будзе на шкоду Беларусі адстойваць інтарэсы Расеі. Адваротнае - павярхоўнае і памылковае ўяўленьне.