Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
У СУБОТУ...
…пойдзе дождж, у нядзелю будзе пахмурна. Тэмпэратура ўдзень +19 – +22.
НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:
У суботу ў перадачы «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» – эсэ «Ягоны крыжовы паход» пра Алеся Адамовіча. А ў перадачы «Бібліятэка Свабоды» – Ян Максімюк гутарыць з Альгердам Бахарэвічам, аўтарам «Малой мэдычнай энцыкляпэдыі».
У нядзелю ў перадачы «Праскі акцэнт» Юры Дракахруст, кандыдат у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Хашчавацкі, адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук абмяркоўваюць наступныя пытаньні: Што паказала рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты? Якімі павінны быць дзеяньні апазыцыі? Якія сацыяльныя групы могуць стаць «рухавіком» пераменаў?
Таксама ў нядзелю паўтор апошняй перадачы Званочкі пад загалоўкам «Інакш да Колі дажывёмся».
У ГЭТЫЯ ДНІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СЬВЕЦЕ:
25 жніўня
Этна-музычны фэстываль «Вольнае паветра» на хутары «Шаблі» ў Валожынскім раёне.
26 жніўня
Фэстываль «Этна Млын» у Дудутках Менскага раёну.
У Тэгеране пачынаецца саміт краінаў Руху недалучэньня.
25-26 жніўня
Фэстываль экстрэмальнай музыкі Metal Crowd–2012 у Рэчыцы Гомельскай вобласьці.
***
Паважаныя наведнікі сайту! Дапамажыце больш поўна прадставіць беларускі дзень – дашліце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫЯ ДНІ:
25 жніўня
У 1840 расейскі царскі ўрад скасаваў дзеяньне ў Беларусі Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 году. На зьмену традыцыйнаму беларускаму праву былі ўведзеныя законы Расейскай імпэрыі.
У 1991 Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня надаў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону.
26 жніўня
1991 – пасьля спробы перавароту ў Маскве была прыпыненая дзейнасьць КПСС па ўсёй тэрыторыі СССР.
Нарадзіліся:
25 жніўня
1932 – беларускі пісьменьнік Пятрусь Макаль (вёска Крушыняны, цяпер Сакольскі павет Падляскага ваяводзтва, Польшча).
1953 – беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў.
26 жніўня
1880 – францускі паэт Гіём Апалінэр.
1914 – аргентынскі пісьменьнік Хуліё Картасар.
Памерлі:
25 жніўня
1900 – нямецкі філёсзф і пісьменьнік Фрыдрых Ніцшэ.
1991 – Вацлаў Пануцэвіч, дзяяч беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.
26 жніўня
1979 – фінскі пісьменьнік Міка Валтары.
1994 – беларускі паэт і пісьменнік Сяргей Новік-Пяюн.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Дні прыходзяць, дні адходзяць, дні лятуць,
Быццам рэк бурлівых хвалі ўдаль плывуць.
Трэці год як на выгнаньні ў чужыне
Трэба мучыцца душой і сэрцам мне.
Навакол нідзе ня ўгледзіш родных хат,
Не працягне рук зычліва родны брат,
Не падзеліш нават думак зь нікім тут,
Не прыгорне ў адзіноцтве родны кут.
Ўночы зорачкі прыветліва мігцяць,
Быццам зь неба на мяне яны глядзяць...
Што чуваць, скажыце, зорачкі, вы мне
Ў маёй роднай – ды далёкай — старане?»
Сяргей Новік-Пяюн, «Зорачкі» (1929)
ГОД ТАМУ Ў ЗАГАЛОЎКАХ НА САЙЦЕ “СВАБОДЫ”:
Чаргу па таннае мяса ў Менску займаюць а трэцяй гадзіне раніцы
«Кебіч дастаў гарэлку, і мы выпілі»