Нягледзячы на сьцьвярджэньне Аляксандра Лукашэнкі пра «нулявы інтарэс» Беларусі ў Швэцыі, факты сьведчаць пра іншае. Беларускія спажыўцы масава карыстаюцца прадукцыяй швэдзкай вытворчасьці, а дзелавыя людзі маюць канкрэтныя бізнэс-арыентыры ў гэтай краіне.
Ускосна ці асэнсавана, але са швэдзкай прадукцыяй на побытавым узроўні беларусы сутыкаюцца штодня. Размаўляюць па тэлефонах SonyEricsson, карыстаюцца электратэхнікай Electrolux, абстаўляюць кватэры мэбляй IKEA, паважаюць водар Oriflame, езьдзяць на аўтамабілях Volvo і SAAB, косяць касілкамі Husqvarna; прасунутыя мэляманы спыняюць выбар на элітных аўдыёсыстэмах DLS, а маладыя моднікі апранаюцца ў практычную і недарагую вопратку ад H&M.
Між тым, адной з прычынаў высылкі амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана афіцыйны Менск называе дзейнасьць дыплямата, якая прывяла да згортваньня дынамікі ў двухбаковых эканамічных адносінах. Экспэрты ж лічаць, што насамрэч прычына не ў асобе Эрыксана, а ў закрытасьці беларускай эканомікі, якая не спрыяе дзелавой актыўнасьці патэнцыйных інвэстараў.
Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка яшчэ калі быў дэпутатам Вярхоўнага Савету меў кантакты з палітычнымі і эканамічнымі коламі Швэцыі і кажа, што актыўнасьць двухбаковых адносінаў магла быць на парадак вышэйшая:
«З боку Швэцыі інтарэс значны. Вазьміце для прыкладу: у краінах Балтыі, як толькі яны ўвайшлі ў склад Эўразьвязу, практычна ўсе банкі сталі скандынаўскімі. Швэцыя прысутнічае ў той жа Рызе, у тым жа Таліне, у той жа Вільні ці ў долі з нарвэжцамі, фінамі, немцамі, ці самастойна. Іншымі словамі, прыход гэтых банкаў — гэта прыход, падкрэсьліваю, не крэдытаў, а інвэстыцый у краіну. Што да разьвіцьця адносінаў, то задача дыпляматаў — гэта, прабачце, ня ў носе калупацца і прадстаўляць краіну на нейкіх дыпляматычных раўтах, а менавіта разьвіваць і ўмацоўваць стасункі, у тым ліку з удзелам эканамічных рычагоў. Вось у гэтым напрамку ў нас практычна нічога не рабілася ці рабілася вельмі мала. Пацьверджаньнем — фактычны разрыў дыпляматычных адносінаў. Вельмі шкада, бо Швэцыя — тая краіна, якая зьяўляецца пэўным прыкладам для іншых дзяржаў. Для той жа Чэхіі, для той жа Польшчы — найбольш дэмакратычнай і з канкрэтнымі ўзроўнем сацыяльнай абароненасьці чалавека».
За мінулы год таваразварот паміж Беларусьсю і Швэцыяй перавысіў 300 мільёнаў даляраў. Рост у параўнаньні з 2010-м — на 22%. Беларускі экспарт падвысіўся амаль на 18%, крыху не дацягнуўшы да 100 мільёнаў даляраў, а швэды паставілі прадукцыі больш, чым на 200 мільёнаў даляраў. Калі пастаўкі зь Беларусі ўжо традыцыйныя для замежнага рынку — калійныя ўгнаеньні, мэталяпрадукцыя, лесаматэрыялы — то швэдзкі імпарт высокатэхналягічны: тэлекамунікацыйнае абсталяваньне, электрагенэратарныя ўстаноўкі, прыстасаваньні для харчовай прамысловасьці і г.д. Многія кампаніі працуюць праз гандлёвыя прадстаўніцтвы, у іх шэрагу — Scania, Ericsson, Husqvarna, Tetra Pak, ABB, De Laval, SKF...
Старшыня Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін спадзяецца, што палітычны канфлікт ня згорне хоць бы існуючы узровень двухбаковага супрацоўніцтва:
«Уплывае ўсё і заўсёды — і тэмпэратура паветра, і надвор’е. Але спадзяемся, што цяперашнія абставіны паўплываюць усё ж не ў такой ступені, каб кардынальным чынам мяняць ці адсоўваць нейкія пляны. Канечне, хацелася б, каб нашы палітыкі ўмелі лепей дамаўляцца, а мы сваю справу зробім самі. Бо ў прынцыпе адносіны разьвіваюцца досыць актыўна. Два месяцы таму мы ладзілі ў Стакгольмскай школе эканомікі сэмінар па эканоміцы Беларусі. Шэраг швэдзкіх прадпрыемстваў пасьпяхова працуюць у Беларусі. Рэалізуецца шмат навучальных праектаў, асабліва ў інстытутах школы эканомікі. Мы вучым тэхналягічныя партыі, у прыватнасьці, у Лундзе, што для нас уяўляе вялікі інтарэс. Сёлета ў лістападзе плянуем паездку дзелавой дэлегацыі на адну з самых прасунутых выставаў па прамысловай субкантрактацыі ў Ёнчопінгу, таксама разам рыхтуем беларуска-швэдзкі эканамічны форум. Прынамсі, інтарэс беларуска-швэдзкай асацыяцыі, у якую ўваходзяць прадпрыемствы, зацікаўленыя ў кантактах зь Беларусьсю, высокі, і пакуль ў нас нармальна ідзе падрыхтоўка ўсіх гэтых мерапрыемстваў».
Прыкладам бюракратычных бар’ераў, якія не даюць асобным праектам рэалізоўвацца больш шпаркімі тэмпамі, можна лічыць бясплённую спробу пусьціць карані ў Беларусі кампаніі IKEA — найбуйнейшаму ў сьвеце вытворцу корпуснай мэблі і хатніх аксэсуараў. Перамовы пра арганізацыю ў Беларусі вытворчасьці мэблі пад шыльдай швэдзкага гіганта пачаліся яшчэ пры канцы 1990-х.
У Менск прыяжджаў сам бос IKEA Інгвар Кампрад, па выніках ягоных сустрэчаў зь беларускімі ўрадоўцамі нават было абвешчана: да 2000 году на Полаччыне запрацуе дрэваапрацоўчы завод, а ў Менску адкрыецца фірмовая крама IKEA. Аднак маштабнаму праекту так і не давялося ажыцьцявіцца: чыноўнікі пераканалі Аляксандра Лукашэнку, што швэды пагражаюць айчыннай прамысловасьці — маўляў, з закладзенымі аб’ёмамі дрэваапрацоўкі пакінуць без сыравіны ўсю галіну.