Палітвязень Аляксандар Францкевіч выйшаў з ШЫЗА, дзе адбываў пакараньне цягам 10 сутак за адмову прыбіраць тэрыторыю. Ягоная маці Тацяна Францкевіч мяркуе, што гэткім чынам адміністрацыя дамагаецца ад яго прашэньня аб памілаваньні, але ня верыць, што гэта стане падставай для вызваленьня сына. Пасьля 16 сутак адбыцьця пакараньня выйшаў з ШЫЗА палітвязень Сяргей Каваленка. Ягоная Жонка Алена мяркуе, што ад Сяргея дамагаюцца прызнаньня віны. Прашэньне аб памілаваньні ён напісаў раней, але вызваленьня не здабыў.
Алена Каваленка: «Ведаю, што выйшаў з ШЫЗА са слоў супрацоўнікаў калёніі — нічога больш дакладна ня ведаю. Ведаю, што яго пачалі прэсаваць і ў карцэр кінулі невядома за што на гэткі доўгі тэрмін, і гэта для адміністрацыі — ганаровая справа — падмануць. Ён хацеў дахаты хутчэй, тым больш, што абяцалі ледзь не да 3 ліпеня вызваліць, але ж вядомыя іхнія абяцанкі-цацанкі. Тады ён і напісаў гэты радок аб памілаваньні, а пасьля ўжо ад яго пачалі патрабаваць прызнаньня віны. Сяргей адмовіўся адназначна і сказаў, што ніколі пісаць гэтага ня будзе, бо не адчувае за сабой ніякай віны і яе няма. Ім трэба цалкам растаптаць чалавека — тады магчыма і так — яны выпусьцяць. А так — асаблівых ілюзіяў на гэты конт я ня маю».
Тацяна Францкевіч: «Усё распачалося пасьля таго, як у калёнію пачаў прыязджаць Літвінскі — той сьледчы, які арыштоўваў хлопцаў. Таму, я думаю, ідзе адмысловы ціск, каб зламаць, каб яны самі напісалі прашэньні. А калі не напішуць, то могуць зрабіць так, як са Зьмітром Дашкевічам: зробяць злоснымі парушальнікамі. Сырамалотаў напісаў, але яго дагэтуль трымаюць. Каваленка таксама напісаў прашэньне аб памілаваньні, а яго кінулі ў ШЫЗА — нібыта за нейкую правіннасьць. Проста ўсё больш і больш закручваюць гайкі адносна ўсіх нашых 14 хлопцаў, і гэтак усё мацней спрабуюць ціснуць. Я ня думаю, што калі яны і напішуць такія прашэньні, то іх адразу выпусьцяць. Магчыма, што падвернецца нейкі выпадак, як з Саньнікавым ці Бандарэнкам. А пасьля скажуць, маўляў, вось мы выпусьцілі вязьняў і выканалі ўмовы. Тое ж самае будзе і з гэтымі двума хлопцамі, якія напісалі — падвернецца выпадак — выпусьцяць, каб сказаць, што, маўляў, вось мы зрабілі шырокі жэст, зрабілі крок насустрач і выпусьцілі палітвязьняў. Таго ж, пэўна, дамагаюцца і ад астатніх, каб яны напісалі, а пасьля пры выпадку будуць гандляваць імі».