Так пракамэнтаваў сёньняшняе выказваньне Аляксандра Лукашэнкі кіраўнік прэс-службы ПА АБСЕ Ніл Сайман.
15 жніўня на сустрэчы зь міністрам замежных справаў РФ Сяргеем Лаўровым, які знаходзіцца ў Менску, Лукашэнка выказаў незадаволенасьць кандыдатурай кіраўніка місіі ад ПА АБСЕЭ
«Думаю, што маглі б знайсьці больш дасьведчанага чалавека ў частцы Беларусі і сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Мы ўважліва зараз вывучаем усе гэтыя пазыцыі і, вядома ж, будзем адпаведным чынам рэагаваць», — сказаў Лукашэнка.
Ніл Сайман у сваю чаргу заявіў:
«Матэа Мекачы доўгі час назіраў за развіцьцём падзеяў у Беларусі, і ён — менавіта той чалавек, які патрэбны для таго, каб узначаліць місію назіральнікаў і данесьці пазыцыю ПА АБСЭ адносна парлямэнцкіх выбараў у Беларусі».
«Мы прызначылі Матэа Мекачы на гэтую важную місію паводле прапановы прэзыдэнта Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Рыкарда Мільёры», — дадаў ён.
Пра тое, што місію па назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі ад ПА АБСЭ ўзначаліць італьянец Матэа Мекачы, стала вядома прыкладна месяц таму.
20 ліпеня прэс-служба ПА АБСЭ распаўсюдзіла заяву Мекачы.
«Мы пачынаем гэтую місію па назіраньні за выбарамі з адкрытым сэрцам, працягваючы руку нашым сябрам зь Беларусі, — сказаў ён. — Мы вельмі спадзяемся ўбачыць значныя пазытыўныя зрухі ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі, і што ўсе, уключаючы і тых, хто знаходзіцца пад хатнім арыштам ці ў турме, атрымаюць магчымасьць свабодна і без абмежаваньняў узяць удзел у парлямэнцкіх выбарах».
Мекачы ня раз выступаў з крытыкай на адрас афіцыйнага Менску. Так, на нарадзе па чалавечым вымярэньні ў Варшаве ў верасьні 2011 году ён заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх вязьняў сумленьня. Мекачы ўказаў на шматлікія праблемы з правамі чалавека ў Беларусі, уключаючы свабоду СМІ, свабоду сходаў, справядлівыя выбары і сьмяротную кару.
* * *
Газэта «Салідарнасьць» прыводзіць некалькі фактаў аб італьянскім палітыку.
1. Матэа Мекачы, 36-гадовы прадстаўнік маладых палітыкаў, уваходзіць у Дэмакратычную партыю Італіі, якая была галоўнай апазыцыйнай сілай у адносінах да экс-прэм’еру Сыльвія Бэрлюсконі, сябру Аляксандра Лукашэнкі.
Матэа Мекачы таксама ўваходзіць у транснацыянальную радыкальную партыю. Гэтая міжнародная міжпартыйныя арганізацыя вядзе негвалтоўную барацьбу за дэмакратычныя правы і свабоды ва ўсім сьвеце. Вядомая, у тым ліку, сваімі антымілітарысцкімі кампаніямі.
2. У якасьці старшыні камітэту па правах чалавека ПА АБСЭ Матэа Мекачы нагадваў украінскім уладам, што ў рэгіёне АБСЭ не павінна быць палітычных зьняволеных. Італьянец меў на ўвазе былых чальцоў ураду, якія знаходзяцца ў турме — Юлію Цімашэнку, Юрыя Луцэнку і Валерыя Івашчанку.
3. Матэа Мекачы быў на «Плошчы» ў Менску 19 сьнежня 2010 году. Аб гэтым з абурэнньем паведаміў тэлеканал «Беларусь-1». Італьянскі дэпутат працаваў на прэзыдэнцкіх выбарах назіральнікам ад АБСЭ.
4. Увосень летась старшыня камітэту па правах чалавека Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ заклікаў беларускія ўлады вызваліць усіх палітвязьняў. Матэа Мекачы канстатаваў расчараваньне ПА АБСЭ ў палітыцы афіцыйнага Менску ў сувязі зь перасьледам апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2011 году.
5. Матэа Мекачы падтрымліваў кантакты са сваякамі палітычных вязьняў Беларусі, піша charter97.org.
6. Матэа Мекачы быў у складзе місіі назіральнікаў ПА АБСЭ, якая расцаніла выбары, якія прайшлі ў Казахстане ў студзені 2012 году, як неадпаведным асноватворным прынцыпам дэмакратычных выбараў.
Нурсултан Назарбаеў на гэта заявіў: «Мы больш ня будзем запрашаць у Казахстан нанятых кімсьці экспэртаў, якія крытыкуюць нашы выбары».
7. Пасьля прызначэньня кіраўніком місіі назіральнікаў за парлямэнцкай кампаніяй у Беларусі Матэа Мекачы выказаў надзею на тое, што выбары будуць больш лібэральныя і дэмакратычныя, чым папярэднія.
* * *
Чакаецца, што назіральнікі ад АБСЭ пачнуць прыбываць у Менск пасьля 20 жніўня.
Парлямэнцкія выбары пройдуць 23 верасьня.