Эўразьвяз мае намер скараціць палітычныя кантакты зь Менскам

14 жніўня ў Міністэрства замежных спраў Літвы быў выкліканы амбасадар Беларусі Ўладзімір Дражын, якому прадставілі пазыцыю Эўразьвязу ў сувязі з рашэньнем прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адмовіць ў падаўжэньні акрэдытацыі амбасадара Швэцыі і скасаваць дыпляматычны статус іншых супрацоўнікаў амбасады.
Члены ЭЗ вырашылі сумесна рэагаваць на такія дзеяньні беларускіх уладаў. На сустрэчы падкрэсьлілі, што рашэньне выслаць швэдзкіх дыпляматаў уплывае ня толькі на беларуска-швэдзкія адносіны, але і на адносіны паміж ЭЗ і Беларусьсю.

Як паведамляе МЗС Літвы, Дражына інфармавалі, што пры пераглядзе далейшай палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі будуць улічаныя і дзеяньні адносна шведзкіх дыпляматаў:

«Беларускі пасол быў праінфармаваны, што падчас перагляду далейшай палітыкі ЭЗ у дачыненьні да Беларусі будуць узятыя пад увагу дзеяньні ўладаў гэтай краіны ў дачыненьні да швэдзкіх дыпляматаў і тэндэнцыі ва ўнутранай палітыцы Беларусі — лёс палітычных зьняволеных, ход парлямэнцкіх выбараў, становішча грамадзянскай супольнасьці. Улічваючы апошнія дзеяньні Беларусі, Эўразьвяз мае намер скараціць палітычныя кантакты зь Беларусьсю».


Прадстаўнікі МЗС адзначылі, што Літва, як і ўвесь Эўразьвяз, зацікаўлена ў захаваньні нармальных дыпляматычных адносін зь Беларусьсю і ўмацаваньні супрацоўніцтва ў рамках праграмы Ўсходняга партнэрства, аднак нармалізацыя адносін залежыць ад далейшых дзеяньняў Менску.

«Дзяржавы — чальцы ЭЗ дамовіліся пра адзіную пазыцыю ў дачыненьні да такіх дзеяньняў беларускіх уладаў. Падчас сустрэчы было адзначана, што рашэньне беларускага ўраду выслаць швэдзкіх дыпляматаў паўплывае ня толькі на двухбаковыя адносіны паміж Швэцыяй і Беларусьсю, але і на адносіны ўсяго ЭЗ зь Беларусьсю», — паведамляе прэс-служба літоўскага МЗС.