Сырыя: пілёт зьнішчанага ўрадавага самалёта агітуе за паўстанцаў

Відэа зьнішчэньня паўстанцамі ўрадавага вайсковага самалёта МіГ-23 над правінцыяй Дэйр-эз-Зор 13 жніўня 2012. Тое, што відэа мае дачыненьне да сёньняшняга інцыдэнту, пацьвярджаецца толькі паўстанцамі.

Сырыйскія паўстанцы распаўсюдзілі відэазапіс выступу пілёта самалёта урадавых ВПС, які, паводле паўстанцаў, яны зьбілі ў панядзелак.
Пілёт, які называе сябе Муфідам Махамэдам Сулейманам, заяўляе, што зь ім абыходзяцца добра, і заклікае вайскоўцаў пераходзіць на бок паўстанцкіх сіл.

Улады Сырыі сьцьвярджаюць, што зьнішчальнік МіГ-23 упаў па тэхнічных прычынах.

Кіраўнік місіі назіральнікаў ААН у Сырыі Бабакар Гэ заявіў у панядзелак, што эскаляцыя канфлікту ў краіне відавочная і павінна быць спыненая.

У той жа дзень прадстаўнік Сырыі ў Радзе ААН па правох чалавека Дані аль-Баадж, аб адстаўцы якога было абвешчана ў пятніцу, паведаміў аб сваім пераходзе на бок апазыцыі.