У Лёндане завяршылася цырымонія закрыцьця летніх Алімпійскіх гульняў, падчас якіх былі абноўленыя 44 сусьветных і 117 алімпійскіх рэкордаў. За 16 дзён на Алімпійскім стадыёне пабывала больш за мільён чалавек.
Your browser doesn’t support HTML5
Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Лёндане, на Алімпійскім стадыёне ў прысутнасьці 80 тысяч гледачоў і больш за 10 тысяч спартоўцаў адбылося фэерычнае прадстаўленьне пад назвай «Сымфонія брытанскай музыкі». У ім удзельнічалі больш за чатыры тысячы музыкаў, танцораў і сьпевакоў, у тым ліку зоркі брытанскага року і поп-музыкі Джордж Майкл, Рэй Дэвіс, Эні Ленокс, Джэсі Джэй, Ліам Галахер, групы The Spice Girls, The Pet Shop Boys, Stomps і іншыя. На арэну стадыёна адзінай калёнай выйшлі сьцяганосцы са сьцягамі 204 краін-удзельніц Алімпіяды. Затым арэну запоўнілі ўдзельнікі Гульняў.
Па традыцыі ў час цырымоніі закрыцьця Алімпійскіх гульняў адбылося ўзнагароджаньне пераможцы ў апошніх спаборніцтвах Алімпіяды — залаты мэдаль быў ўручаны за перамогу ў маратоне спартоўцу з Уганды Стывэну Кіпроцічу. Кіраўнік МАК Жак Роге перадаў алімпійскі сьцяг мэру Рыа-дэ-Жанэйра, дзе пройдуць Гульні 2016 года. Пад гукі фанфар быў пагашаны алімпійскі агонь.