Вось яе зьмест:
Камітэт у пытаньнях палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу:
— сустрэўся, каб абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі, у тым ліку адпаведныя захады Эўразьвязу, пасьля рашэньня беларускіх уладаў Беларусі выдварыць амбасадара Швэцыі і спыніць дыпляматычны статус астатніх дыпляматаў:
— выказаўся ў падтрымку заявы ад 3 жніўня, выдадзенай высокай прадстаўніцай Кэтрын Эштан, у якой яна выказала сур’ёзную заклапочанасьць;
— пагадзіўся, што амбасадары Беларусі павінны быць выкліканыя ў міністэрствы замежных справаў краінаў-сябраў Эўразьвязу і ў Эўрапейскую службу зьнешнепалітычнай дзейнасьці дзеля таго, каб атрымаць пазыцыю ЭЗ у гэтых адносінах;
— падкрэсьліў прыхільнасьць ЭЗ для мадэрнізацыі Беларусі і распаўсюджаньня эўрапейскіх каштоўнасьцяў, у прыватнасьці, дэмакратыі, правоў чалавека і прынцыпаў прававой дзяржавы;
— выказаў імкненьне ЭЗ працягваць і паглыбляць сваю супрацу і падтрымку грамадзянскай супольнасьці і ўдзельнікам дэмакратычнага руху ў Беларусі;
— адзначыў, што ЭЗ мае намер перагледзець свае абмежавальныя захады ў дачыненні да Беларусі да 31 кастрычніка 2012 года, і пагадзіўся, што пры ацэнцы больш шырокага кантэксту адносін паміж ЭЗ і Беларусьсю, апошнія падзеі вакол амбасадара Швэцыі будуць таксама ўзятыя пад увагу.
Праект рэзалюцыі Эўразьвязу камэнтуе палітоляг Аляксандр Класкоўскі:
Пачаткам міждзяржаўнага дыпляматычнага канфлікту сталася адмова афіцыйнага Менску працягнуць акрэдытацыю амбасадару Швэцыі ў Беларусі Стэфану Эрыксану. Пра гэта стала вядома 3 жніўня, а ўжо 8 жніўня Міністэрства замежных спраў Швэцыі заявіла аб высылцы са Стакгольму двух беларускіх дыпляматаў. Беларусь у сваю чаргу запатрабавала швэдзкаму прадстаўніцтву ў Менску зрабіць тое ж да 30 жніўня. Супрацьстаяньне разгарэлася пасьля так званага «плюшавага дэсанту»: 4 ліпеня лёгкаматорны самалёт швэдзкай піяр-кампаніі Studio Total несанкцыянавана праляцеў над тэрыторыяй Беларусі, скінуўшы над Івянцом і Менскам каля 800 плюшавых мядзьведзікаў на знак пратэсту супраць парушэньня правоў і свабодаў у Беларусі. Аляксандар Лукашэнка заяўляе, што высылка Стэфана Эрыксана зьвязана ня з цацачным дэсантам, а з тым, што ён, нібыта, «на чале пятай калёны хадзіў» і «разбураў кожны пазытыў у адносінах Швэцыі і Беларусі». Аднак усе, хто знаёмы зь дзейнасьцю швэдзкага амбасадара абураныя гэтымі заявамі.
«У адрозьненьне ад беларускай улады, спадар Эрыксан не дзяліў пісьменьнікаў на правільных і няправільных. Сярод ягоных сяброў-партнэраў, якія рэдагавалі і выдавалі разам зь ім кнігі, былі як прадстаўнікі дзяржаўных выдавецтваў, так і прадстаўнікі недзяржаўных. Гэты чалавек быў абсалютна дэмакратычным. Праз працу швэдзкай амбасады і спадара Эрыксана, праз праекты, якія яны прывозілі, як Беларусь Швэцыі, так і Швэцыя Беларусі сталі бліжэй».
Дыпляматычны канфлікт праходзіць на тле іншых падзеяў, зьвязаных з швэдзкім «плюшавым дэсантам». 31 ліпеня Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад займаных пасадаў і пакараў вымовамі шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў. Яшчэ раней, 13 ліпеня, быў затрыманы і зьмешчаны ў СІЗА КДБ журналіст Антон Сурапін, які зьмясьціў у інтэрнэце здымкі швэдзкіх мядзьведзікаў, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў, які здаваў у арэнду кватэру швэдзкім удзельнікам акцыі падчас іх знаходжаньня ў Менску. Зараз ім выстаўлена абвінавачваньне паводле Крымінальнага кодэксу і абодвум пагражае да 7 гадоў турмы. Незалежныя журналісты распачалі акцыю салідарнасьці з затрыманымі, фатаграфуючыся з плюшавымі цацкамі — «мядзьведзікамі-парашутыстамі» — зьмяшчаючы здымкі ў інтэрнэце. За гэта фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч і журналістка Ірына Козьлік былі зьвінавачаныя ў недазволеным пікетаваньні і пакараныя трыма мільёнамі штрафу кожная.
«Я думаю, што гэта злосьць, помста і спроба хоць неяк паправіць свой імідж, які яны доўга будавалі і які грунтуецца на ідэалягічных канструкцыях: улада ўсёмагутная ўнутры Беларусі, улада бароніць сябе і Расею ад магчымага заходняга агрэсара. А тое, што адбылося 4 ліпеня, моцна закранае самалюбства правіцеля гэтай улады».