У другой палове дня 10 жніўня ў Брусэлі заплянаванае пазачарговае надзвычайнае паседжаньне амбасадараў краін Эўразьвязу. Дыпляматы маюцца абмеркаваць, як рэагаваць на высылку зь Менску супрацоўнікаў амбасады Швэцыі.
Падрабязнасьці — пазьней на сайце «Свабоды»
8 жніўня, рэагуючы на рашэньне МЗС Швэцыі аб высылцы са Стакгольма двух беларускіх дыпляматаў у адказ на адмову працягнуць акрэдытацыю швэдзкаму паслу ў Менску Стэфану Эрыксану афіцыйныя ўлады Беларусі прынялі рашэньне адклікаць усіх сваіх дыпляматаў са Стакгольма.
Афіцыйны Менск запатрабаваў ад Швэцыі, каб яна зрабіла тое ж да 30 жніўня.
Адносіны паміж Менскам і Стакгольмам ўскладніліся пасьля «мядзьвежага дэсанту».
Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтарох гадзінаў, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.
Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай ўсіх злучэньняў і воінскіх часьцей ваенна-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.