Васіля Парфянкова этапавалі

Васіль Парфянкоў каля суду ў траўні

Вязень Плошчы Васіль Парфянкоў, вызвалены ў жніўні 2011-га, зноў адпраўлены за краты.
Сёньня а 7.50 раніцы Васіль Парфянкоў пасьпеў патэлефанаваць сваёй знаёмай Вользе і паведаміць, што па яго прыйшла міліцыя каб этапаваць у арыштны дом.

Васіль таксама выказаў меркаваньне, што сёньня цягам дня ён будзе чакаць этапу ў РУУС Першамайскага раёну Менску. Пазьней у яго адабралі мабільны тэлефон і павялі.

24 ліпеня Менскі гарадзкі суд не задаволіў касацыйную скаргу Парфянкова на прысуд аб арышце на 6 месяцаў за невыкананьне умоваў прэвэнтыўнага нагляду, устаноўленага судом.

29 траўня Васіль Парфянкоў быў асуджаны паводле артыкула 421 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь судзьдзём Першамайскага раёну Менску Сяргеем Бандарэнкам. Прэвэнтыўны нагляд тэрмінам на адзін год, у парушэньні якога прызнаны вінаватым былы палітвязень, быў устаноўлены за ім зь 5 студзеня 2012 году. Падставай для гэтага стаў ўдзел Парфянкова ў грамадзка-палітычным жыцьці пасьля таго, як ён у ліку іншых вязьняў Плошчы-2010 быў вызвалены ў жніўні 2011 году ў адпаведнасьці з указам прэзыдэнта аб памілаваньні.


Даведка «Свабоды»: Васіль Парфянкоў


Нарадзіўся 30 жніўня 1983 г. у Менску. Скончыў 9 клясаў менскай школы № 163. Атрымаў будаўнічую прафэсію «майстар аддзелачных работ», працаваў рабочым у прыватных будаўнічых кампаніях, аўтасьлесарам у 7-м аўтапарку Менску. Не жанаты.

Удзельнічаў у абароне Курапатаў у 2001-2002 г. Быў сябрам Беларускай партыі свабоды, удзельнічаў у акцыях разам з «Маладым фронтам» і «Зубром». Неаднаразова бываў затрыманы і адбываў адміністрацыйныя тэрміны за грамадзкую актыўнасьць.

Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. супрацоўнічаў з кампаніяй «Гавары праўду», быў актывістам штабу Ўладзімера Някляева. Браў удзел у акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў 19 сьнежня 2010 г. Быў затрыманы 4 студзеня 2011 г. Абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Да суду знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску.

17 лютага судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Вольга Комар асудзіла Парфянкова на 4 гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму. Таксама ён мусіў кампэнсаваць страты — 14 мільёнаў 700 тысяч рублёў за нібыта пашкоджаны будынак. Грошы на штраф сабралі салідарныя з палітвязьнем людзі.

Адбываў пакараньне ў Аршанскай калёніі № 8. Яго вызвалілі з калёніі 13 жніўня 2011 году.

Васіль Парфянкоў. Партрэт на фоне кратаў