7 жніўня сьвяткуе сваё васьмідзесяцігодзьдзе доктар філялёгіі, прафэсар, стваральнік і шматгадовы дырэктар Нацыянальнага навукова-асьветніцкага цэнтру імя Францішка Скарыны, ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, заслужаны дзеяч польскай культуры Адам Мальдзіс.
«Мальдзіс адзін зрабіў больш за цэлыя інстытуты»
Дзеля пашырэньня ў сьвеце ведаў пра беларускую навуку й культуру доктар Мальдзіс стварыў такія аўтарытэтныя інстытуцыі, як Нацыянальны навукова-асьветны цэнтар ды Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, якія доўга ўзначальваў. Зрэшты, сам ён зрабіў столькі, як цэлыя інстытуты, кажа старшыня Таварыства беларускай мовы гісторык Алег Трусаў.
З кім яго можна параўнаць? Напрыклад, з Вацлавам Ластоўскім, з Васілём Быкавым, зь Міхасём Ткачовым, зь некаторымі іншымі нашымі энцыкляпэдыстамі. Тым больш, што Бог даў яму доўгае жыцьцё, прытым жыцьцё, якое цалкам прысьвечана Беларусі. Таму мы жадаем яму дажыць як мінімум да ста гадоў, захаваць тую ж няўрымсьлівасьць, тую ж працаздольнасьць і творчае натхненьне».
«Ягоныя ангельскія нататкі былі сэнсацыяй»
Адам Мальдзіс першы зь беларускіх савецкіх дасьледчыкаў трапіў у самую вялікую замежную беларускую бібліятэку імя Францішка Скарыны, якая месьціцца ў Лёндане, і напісаў пра свае ўражаньні і адкрыцьці нататкі. Друкарскі набор іх асобнай кнігай быў рассыпаны на загад цэнзуры, але асобнымі разьдзеламі нататкі ўсё ж зьявіліся на старонках газэты для замежных суродзічаў «Голас Радзімы». Распавядае журналістка, мастацтвазнаўца, грамадзкая дзяячка Валянціна Трыгубовіч.
І Адам Мальдзіс вельмі шмат у якіх пытаньнях быў па тым часе першапраходцам. Надрукаваў кніжку нарысаў пра дзеячоў культуры і ўвогуле ахвярных людзей беларускіх, якія працавалі ў дзевятнаццатым стагодзьдзі. А гэта ў той час, калі дамінавала думка, што Беларусь пачалася з Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ён шмат распавядаў у сваіх публікацыях пра тое, што знаходзіў у архівах. І гэты славуты музычны цыкль, які цяпер называецца „Полацкі сшытак“ — гэта таксама было яго адкрыцьцё. Увогуле — ён першапраходзец і першаадкрывальнік вельмі шмат якіх рэчаў у сучасным беларускім жыцьці».
«Мальдзіс — Калюмб нашай гісторыі культуры»
Адам Мальдзіс стаўся ўзорам дасьледчыка гісторыі культуры, лічыць кіраўнік Беларускага калегіюму Алесь Анціпенка, які працаваў пры ягоным дырэктарстве ў Нацыянальным навукова-асьветным цэнтры імя Францішка Скарыны.
«Адам Мальдзіс — гэта легенда беларускай гуманістыкі»
Пра адметную асобу прафэсара Адама Мальдзіса, які 7 жніўня сьвяткуе сваё васьмідзесяцігодзьдзе, распавядае паэт і філёзаф Ігар Бабкоў:
Цяпер, калі я спрабую ўсьвядоміць, што ж такога цікавага было ў ягоных кнігах і як можна ўсё гэта падсумаваць і неяк растлумачыць, я разумею, што ён хіба першы вывеў беларускую гісторыю літаратуры, беларускае літаратуразнаўства з такога гета саентызму. Ён упершыню намякнуў ці сказаў, што гісторык літаратуры сам мусіць быць крыху літаратарам, каб разумець, прынамсі, тое, чым ён займаецца. Падобная постаць у французскім літаратуразнаўстве — гэта, вядома, Ралян Барт, які абвясьціў супадзеньне крытыкі і літаратуры ў самім акце пісьма.
Адам Восіпавіч — гэта легенда, клясыка беларускай гуманістыкі дваццатага стагодзьдзя, якая, вядома, будзе сьвяціць нам у дваццаць першым».
Адам Мальдзіс нарадзіўся на Астравеччыне. Скончыў аддзяленьне журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту і асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры АН БССР. Працаваў непрацяглы час у журналістыцы, а потым цягам амаль паўстагодзьдзя — у акадэмічным Інстытуце літаратуры.
Дасьледуе гісторыю беларускай культуры XVII–XVIII стагоддзяў, беларуска-польскія, беларуска-літоўскія і беларуска-расейскія літаратурныя ўзаемаўплывы, прысутнасьць беларускай культуры ў сьвеце, праблемы беларускай дыяспары.
Адкрыў і ўвёў у навуковы ўжытак шмат імёнаў і твораў беларускага прыгожага пісьменства і іншых помнікаў культурнай спадчыны, у тым ліку зборнік песень першай паловы XVII стагодзьдзя, гэтак званы «Полацкі сшытак».
Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, мае літоўскія і польскія ўзнагароды.
Аўтар больш як двух дзясяткаў манаграфіяў, літаратуразнаўчых і культуралягічных эсэ, біяграфічнага нарысу «Жыцьцё і ўзьнясеньне Ўладзіміра Караткевіча», ініцыятар стварэньня і рэдактар шасьцітамовага біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі».