Ужо былы прэм’ер Сырыі Рыяд Хіджаб бег зь сям’ёй у Іярданію і абвясьціў аб сваім пераходзе на бок апазыцыі.
У распаўсюджанай сёньня заяве Хіджаб называе рэжым прэзыдэнта Сырыі Башара Асада «тэрарыстычным» і кажа, што з гэтага дня лічыць сябе «салдатам блаславёнай рэвалюцыі».
Прадстаўнік паўстанцкай «Свабоднай сырыйскай арміі» паведаміў, што разам з экс-прэм’ерам на бок апазыцыі перайшлі яшчэ трое міністраў.
Раней сёньня паступілі паведамленьні аб тым, што Хіджаб адпраўлены ў адстаўку. Выканаўцам абавязкаў кіраўніка кабінэту прызначаны віцэ-прэм’ер Амар Галаванджы.
Рыяд Хіджаб стаў прэм’ер-міністрам Сырыі ў чэрвені — пасьля парлямэнцкіх выбараў, якія рэжым Асада назваў важным крокам да палітычнай рэформы. Апазыцыя не прызнала выбары легітымнымі, назваўшы іх фарсам.