Змаганьне за віртуальную Беларусь

Так выглядае мапа віртуальнай Эўропы

У онлайн-гульні eRepublik 5 жніўня адбудуцца прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі. Галоўнае пытаньне — беларусізацыя і вяртаньне Віцебскай вобласьці, якая апынулася пад акупацыяй Літвы.

Пару дзён таму на рахунак уКантакце я атрымаў паведамленьне ад незнаёмага чалавека, якое пачыналася словамі:

«Ты чуў пра гульню eRepublik? Гэта гульня зьяўляецца сымулятарам жыцьця дзяржавы, дзе вам давядзецца гуляць за грамадзяніна адной з краінаў <.> На жаль, на дадзены момант улада ў Беларусі належыць расейцам ды іх прыхільнікам, аднак сілы беларускай апазыцыі моцныя як ніколі, і невялікая колькасьць навічкоў-беларусаў дасьць перавагу нашаму боку! Мы чакаем цябе ў гульні! Жыве Беларусь!»

Пераходжу па спасылцы. Прапануюць зарэгістравацца і выбраць грамадзянства. Выбіраю Беларусь.

Калі ў рэальнай Беларусі — лета і палітычная апатыя, то жыцьцё ў віртуальным сьвеце куды больш насычанае.

На форуме знаходжу некалькі спасылак, дапаможнік па гульні, а таксама відэаролікі. З кантэксту дыскусіяў на форуме даведваюся некалькі узрушальных навінаў.

http://www.youtube.com/embed/YBJW1CuGWEk


Па-першае, Віцебская вобласьць даўно акупаваная літоўцамі, а дакладней сучаснае кіраўніцтва Беларусі здае вобласьць у арэнду за пэўную колькасьць золата. Па-другое, Беларусь знаходзіцца ў шчыльным саюзе з Расеяй і ў канфлікце з цывілізаванай часткай Эўропы. А па-трэцяе, прэзыдэнтам краіны нібыта зьяўляецца расеец пралукашэнкаўскіх поглядаў.

Галоўная старонка онлайн-гульні

Прапануюць далучыцца да партыі. Кожная мае сваю сымболіку, дэпутатаў у віртуальным беларускім парлямэнце. А якія красамоўныя назвы! «Нацыянальны Фронт», «Незалежная Беларусь», «Народная Грамада». А яшчэ ёсьць Партыя аграрыяў і нават Партыя крыжакоў. Бальшыня, відавочна, даўно выраклася сваёй першапачатковай ідэалёгіі. Так, на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах з 45% галасоў перамог прарасейскі кандыдат simust2, якога падтрымалі партыі «Незалежная Беларусь» і «Freedom Belarus».

«Мы іх называем „чырвона-зялёны лягер“ — патлумачыў мне Ян, старшыня партыі «Нацыянальны Фронт», — Прэзыдэнт — расеец ў рэальным жыцці».

http://www.youtube.com/embed/XitX_9SmfWc


У віртуальнай Беларусі выдаюцца каля 15 газэтаў, кожная зь якіх мае сваіх падпішчыкаў. Зь іх самыя папулярныя расейскамоўная «Our Country Times», беларускамоўная «Народная Воля» і тры англамоўныя, якія даўно не друкаваліся, а іх рэдактары, відавочна, перасталі гуляць.

Палітычныя партыі віртуальнай Беларусі

Пытаюся Яна (Hyena Black), навошта людзі гуляюць у такія гульні.

«Разумееш, у гульні можна атрымаць тое, чаго не хапае ў рэальным жыцьці. Свабода, дэмакратыя, магчымасьць бяз жаху выказваць сваё меркаваньне», — піша Ян.

Ян — беларус, які даўно жыве ў Ізраілі, працуе, служыць у арміі, а ў вольны час — кіруе беларускай партыяй, хай сабе і віртуальнай.

Галоўная мэта ў гульні — разьвіваць свае навыкі, гандляваць зь іншымі гульцамі, зарабляць грошы на зброю і ежу, ваяваць.

«Я, калі пачаў гуляць, увогуле палічыў гульню суцэльнай блытанінай, а насамрэч усё сьціпла і зразумела, як у беларускай хаце» — напісаў мне Іван Дашкоў (ён жа Артыкс), кандыдат на прэзыдэнта, а ў рэальным жыцьці — кераміст зь Менску. І дадаў:

«Зараз паўстаньне ў Віцебску, калі маеш базукі і скарыстаеш іх там, ёсьць шанец узяць бх мэдаль».

Войны ў віртуальным сьвеце

Базукі ў мяне не аказалася, толькі некалькі танкаў. Я пераехаў у Віцебскую вобласьць, на тэрыторыю Літвы, і далучыўся да партызанскага руху супраціву.

У гэты час у Гомелі — сталіцы віртуальнай Беларусі — ішлі ажыўленыя дэбаты. 5 жніўня, у нядзелю — чарговыя прэзыдэнцкія выбары.

Вылучыцца ў прэзыдэнты можа кожны. Прэзыдэнт выступае ад імя краіны, зьбірае падаткі, выдае законы, распараджаецца тэрыторыямі і рэсурсамі.

На форуме усур’ёз разгарэлася дыскусія, як будучы прэзыдэнт павінен ставіцца да Расеі і расейцаў.

«Як ты лічыш, разводзіць антырасейскую палітыку? Як па мне, без падставы, гэта глупства. Я лічу что гэта дзяцінства — не любіць расейцаў за тое, што яны расейцы» — піша Артыкс. Іншыя сябры партыі пагаджаюцца, што не любіць расейцаў за тое, што яны расейцы, — глупства.

На сайце зьявіліся праграмы некаторых кандыдатаў.

— А ці нельга сфальшаваць выбары? — пытаюся я ў Яна

— Сфальшаваць нельга. Некаторыя спрабуюць стварыць «ботаў», але іх «баніць» адміністрацыя.

— Якая цяпер палітыка беларускіх уладаў, і чаму ты лічыш, гэтую ўладу трэба мяняць?

— Нашая ўлада вядзе прарасейскую палітыку. Такое пачуцьцё, што наша краіна — марыянэтка Расеі. Нядаўна пачалася вайна паміж Украінай і Расіяй. Ясна каго падтрымаў «чырвона-зялёны лягер».

— А зь якімі краінамі ў сьвеце супрацоўнічае віртуальная Беларусь?

— Мы сябруем з такімі краінамі як Харватыя, Ірляндыя, Украіна, Германія, Аргентына, Партугалія… У нас доўгі час быў ваенны канфлікт з саюзам ABC (Альянс Балтыйскіх Краінаў-Літва, Латвія і Эстонія). Літве былі патрэбныя нашыя рэгіёны для паляпшэньня эканомікі. Паколькі мы значна слабейшыя за іх у ваенным пляне (150 байцоў у нас, 600 байцоў — у Літвы) мы пагадзіліся на кампраміс — арэнда Віцебска.

— Падзяліся плянамі на новую ўладу? Якія галоўныя пункты праграмы?

— Мы зьбіраемся вярнуць ўладу ў краіне беларусам. Выкарыстаньне беларускай мовы на дзяржаўным узроўні, адмова ад сьляпой прарасейскай палітыкі, паляпшэньне адносінаў зь іншымі суседзямі. Моц краіны залежыць ад колькасьці гульцоў. Беларусь цяпер адна з самых слабых краінаў у гульні.

Вось так. Усё сур'ёзна.

За Беларусь гуляе 614 чалавек, яшчэ трое (сэрб, аргентынец і альбанец) стаяць у чарзе па беларускае грамадзянства. Альбанец сьцьвярджае, што насамрэч ён беларус, проста памылкова выбраў краіну. За розныя дзяржавы сьвету — 233 тысячы актыўных гульцоў.


Былі нават спробы стварыць беларускае віртуальнае тэлебачаньне:

http://www.youtube.com/embed/gEtnxXuTd3o

http://www.youtube.com/embed/YROtFDEEan0



Такі вось сьвет віртуальнай Беларусі — дзіўны і жорсткі. Увогуле, гульня дазваляе змадэляваць самыя нечаканыя павароты у сусьветнай гісторыі. Бальшыня гульцоў выбіраюць свае ўласныя краіны, канфлікты з рэальнага жыцьця знаходзяць сваё адлюстраваньне і ў інтэрнэце.

Яшчэ адзін гулец LibertIN мне выслаў спасылкі пра гісторыю. Як высьветлілася, у гульні ёсьць свае героі і легенды.

Увогуле, Беларусь стала незалежнай не адразу. Да гэтага беларусы гулялі за Паўночную Карэю і Расею.

Польшча ажыцьцявіла пераварот і абвясьціла Беларусь сваёй тэрыторыяй

Польшча, доўга ня думаючы, зладзіла ў Беларусі пераварот, а потым яшчэ адзін.

Асноўны аргумэнт палякаў, што ў Беларусі мала ў каго ёсьць доступ да інтэрнэту. Завэрбавалі мясцовых, маўляў, дапамажыце Польшчы ў вайне з Расеяй. Другі пераварот быў зроблены пад соўсам «выцягнуць Беларусь з расейскай сфэры ўплыву».

А вось расейская вэрсія аб пачатках віртуальнай Беларусі :

«Пасьля ўвядзеньня Беларусі ў гульню, туды пачалі зьяжджацца мноства гульцоў з розных краінаў, якія перасьледвалі розныя мэты. Адны хацелі разбагацець за кошт казны (гэта палякі, румыны). Іншыя хацелі дапамагчы еБеларусі ўстаць на ногі (гэта, вядома, беларусы, украінцы, рускія)».

eRepublik — гэта стратэгічная онлайн-гульня з элемэнтамі сацыяльнай сеткі. Я бы сказаў, гэта сублімацыя сацыяльнай актыўнасьці. Асабліва для беларусаў, пазбаўленых магчымасьці ўдзельнічаць ў палітычных працэсах у рэальным жыцьці.