Міжнародная хваля салідарнасьці зь Бяляцкім

4 жніўня, у гадавіну затрыманьня Алеся Бяляцкага, упершыню будзе адзначацца Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. Падтрымку Бяляцкаму і іншым палітвязьням выказваюць замежныя праваабаронцы і арганізацыі.

Міжнародны дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі абвешчаны шырокай кааліцыяй няўрадавых арганізацыяў з розных краін, якія ўваходзяць у «Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі».

Кіраўніца Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сухайр Бэлхасэн выступіла з заявай у падтрымку зьняволенага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і ініцыятывы Міжнароднага дня салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

«Сябры Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека ўжо год актыўна ўдзельнічаюць у кампаніі ў справе вызваленьня Алеся Бяляцкага, гадавіна арышту якога ў чарговы раз нагадвае нам пра крытычнае становішча грамадзянскай супольнасьці Беларусі», — заявіла Бэлхасэн.

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека — найстарэйшая міжнародная праваабарончая арганізацыя, якая аб’ядноўвае 146 праваабарончых структураў з усяго свету.


«Нягледзячы на цяжкія часы, якія закранулі ўсіх неабыякавых людзей гэтай краіны — журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў, актывістаў апазыцыі, беларускія калегі дзівяць нас усіх устойлівасьцю сваіх перакананьняў, бесперапыннай барацьбой за свабоду і чалавечую годнасьць і асабістай мужнасьцю. Ад імя ўсіх сяброў фэдэрацыі я хацела б выказаць сваю падтрымку кампаніі па правядзеньні Міжнароднага дня салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, а таксама падзяку яе арганізатарам і ўдзельнікам », — адзначыла Бэлхасэн.

***

Кірсты Х’юз, выканаўчая дырэктарка арганізацыі Index on Censorship выступіла з заклікам аб вызваленьні Алеся Бяляцкага. Пра гэта паведамілі ў лёнданскім офісе арганізацыі.

Index on Censorship — арганізацыя з 40-гадовай гісторыяй, якая разьмяшчаецца ў Лёндане. Сфэра яе дзейнасьці — свабода выказваньня. Index старшынюе ў Беларускім камітэце, у які ўваходзяць прадстаўнікі міжнародных арганізацый, што займаюцца пытаньнямі свабоды выказваньня і правоў чалавека, у тым ліку Amnesty International, Article 19, English PEN, кампанія Free Belarus Now і беларускі «Свабодны тэатар».


«Утрыманьне ў турме Алеся Бяляцкага, намінаванага на Нобэлеўскую прэмію міру, сьведчыць аб спробе Лукашэнкі прымусіць замаўчаць незалежныя галасы і пазбавіцца ад любой крытыкі ў Беларусі. Бяляцкі зьяўляецца адным з выбітных беларускіх праваабаронцаў і павінен быць неадкладна вызвалены», — заявіла кіраўніца міжнароднай арганізацыі.

Index on Censorship далучаецца да Міжнароднага дня салідарнасьці з беларускімі праваабаронцамі і грамадзянскай супольнасьцю, абвешчанага шэрагам міжнародных арганізацый 4 жніўня, у першую гадавіну арышту Алеся Бяляцкага.

***

З нагоды гадавіны арышту Алеся Бяляцкага, Міжнародная Амністыя (Amnesty International) выступіла з адмысловай заявай пад назовам «Застаюцца за кратамі: стан доўгатэрміновых зьняволеных у Беларусі».

У заяве гаворыцца пра справы Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Зьмітра Дашкевіча, Эдуарда Лобава, Паўла Севярынца, Сяргея Каваленкі, выказваецца заклапочанасьць станам іх здароўя, а таксама пагрозамі ў іх адрас з боку адміністрацыяў калёніяў.

Таксама Amnesty International зьвяртаецца ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь зь лістом, у якім выказваецца заклапочанасьць з нагоды становішча вязьняў сумленьня ў Беларусі, і заклікае расьсьледаваць законнасьць іх прысудаў, забясьпечыць іх неадкладнае і безумоўнае вызваленьне, а пакуль яны знаходзяцца пад вартай, гарантаваць фізычны і псыхалягічны спакой, адэкватнае лячэньне ў адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязальніцтвамі па правах чалавека.

Amnesty International нагадвае беларускім уладам, што ў адпаведнасьці з міжнародным правам, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку апазыцыі, павінны мець магчымасьць мірна зьбірацца і адкрыта выказваць сваё меркаваньне, без пагрозаў або страху адвольных арыштаў і гвалту.



4 жніўня спаўняецца год з моманту затрыманьня беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, віцэ-прэзыдэнта FIDH.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе летась. Яго прызналі вінаватым у нясплаце падаткаў. Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на ягоныя рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасьць.

Падставай для крымінальнага перасьледу Бяляцкага стала інфармацыя пра банкаўскія рахункі, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Эўразьвязу, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязьнем, а прысуд яму — палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі вызваліць праваабаронцу.