«Справа Бяляцкага» — як Мэтрыка ВКЛ

Алесь Бяляцкі

4 жніўня спаўняецца год з дня арышту Алеся Бяляцкага. Да гэтай даты ў Бібліятэцы Свабоды падрыхтаваная да друку кніга «Справа Бяляцкага».
Перад тым, як яна пабачыць сьвет у друкаваным выглядзе, з гісторыяй супрацьстаяньня праваабаронцы з аўтарытарнай уладай пазнаёмяцца чытачы нашага сайту.

А ў сёньняшняй перадачы будучую кнігу прадставяць аўтар Валер Каліноўскі і рэдактар Сяргей Дубавец.

— Валер, герой вашай кнігі — асоба публічная. Прынамсі, такім ён быў да арышту 4 жніўня 2011 году. Так што зь недахопам інфармацыі ў вас праблемаў, відавочна, не было. А ці былі творчыя праблемы ўвогуле? Што вам як аўтару далося найцяжэй?

Валер Каліноўскі

Каліноўскі: Творчых праблемаў, як вы кажаце, было даволі шмат. Галоўная зь іх — здабыць усю інфармацыю, каб стварыць праўдзівую карціну падзеяў, зьвязаных са справай Бяляцкага, і ў выніку — карціну жыцьця Алеся. І тут цяжкасьці найперш узьнікалі, калі трэба было здабываць інфармацыю з пракуратуры, Сьледчага камітэту, ДФР, якая б тлумачыла матывы і дэталі перасьледу Алеся. Тут, хачу прызнаць, трэба было б больш здабыць дадатковых зьвестак з афіцыйных структураў, але ў беларускіх умовах гэта нерэальна. Таму і застаюцца, напрыклад, толькі дапушчэньні, чаму ў ходзе судовага працэсу над Бяляцкім яму фармальна мянялі абвінавачваньне, нічога істотнага не зьмяніўшы ў ім. Або чаму сьледчую групу па справе Бяляцкага ўзначаліла такая маладая сьледчая Тацяна Касынкіна — сама Касынкіна гутарыць на гэтую тэму адмовілася. На жаль, у кнізе таксама няма адназначнага адказу, чаму так здарылася, што Літва і Польшча выдалі зьвесткі пра рахункі праваабаронцы Бяляцкага, што і стала фармальнай падставай для яго крымінальнага перасьледу. Гэта яшчэ адна загадка ў справе Бяляцкага. Ёсьць шмат разважаньняў, дапушчэньняў, ацэнак, але адназначнага адказу пакуль няма. Складана было працаваць над разьдзелам пра тое, як паміраў бацька Алеся, а сына не пускалі зь ім разьвітацца, а таксама над разьдзелам пра арышт, таму што часам людзі, якіх я распытваў, сьведкі і ўдзельнікі тых падзей, бачылі па-рознаму нейкія важныя дэталі. Ну і апошняе, аб чым я хачу сказаць. Некаторыя з тых, у каго я браў інтэрвію для кнігі, расказваючы, напрыклад, аб праваабарончай дзейнасьці ў Беларусі, прасілі пазьбягаць нейкіх момантаў, казалі што вось гэта «не для друку», бо гэта можа пашкодзіць іншым людзям, створыць «базу» для працы КДБ. Тут даводзілася карыстацца прынцыпам — хай гэта будзе на шкоду кнізе, але ня людзям. Такім чынам фактычна я распавёў пра недахопы кнігі, пра тое, чым я застаўся незадаволены, хаця фармальна мусіў бы тут хваліць сваю працу. Чым больш працуеш, тым больш разумееш, што межаў дасканаласьці няма. Але спадзяюся, што станоўчыя моманты ў кнізе «Справа Бяляцкага» знойдуць і ацэняць чытачы, што яны «ўлезуць у скуру» Алеся Бяляцкага, як гэта рабіў я, цягам амаль года працуючы над кнігай. Некалькі разоў мне нават сьнілася, што я сам Бяляцкі, што я сяджу ў Бабруйскай турме, ня проста сяджу, а ўцякаю зь яе...

— Аўтар пачынае жыць жыцьцём свайго героя — у літаратуры такое здаралася. Сяргей, у сваім рэдактарскім пасьляслоўі вы выказалі даволі змрочную здагадку: пакуль Лукашэнка знаходзіцца пры ўладзе — Бяляцкі будзе сядзець. На чым грунтуецца такая пэсымістычная выснова?

Сяргей Дубавец

Дубавец: Яна грунтуецца на народнай мудрасьці: спадзявайся на лепшае, а рыхтуйся да горшага. Рэч у тым, што сыстэма, якую збудаваў у Беларусі Аляксандар Лукашэнка, на маю думку, дасягнула сваёй дасканаласьці і разьвівацца болей ня можа. А Бяляцкі — гэта таксама чалавек сыстэмаўтваральны. І гэтыя дзьве сыстэмы нейкі час, можа быць, і маглі спалучацца. Але цяпер гэта, на маю думку, нерэальна, таму што яны абсалютна рознаскіраваныя: адна сыстэма — таталітарная, другая сыстэма — дэмакратычная, якая абапіраецца на каштоўнасьці, а не на пэрсанальную ўладу аднаго чалавека. Адсюль такая выснова. Апроч таго, на маю думку, прэзыдэнту Лукашэнку патрэбныя палітвязьні, і пакуль ён будзе прэзыдэнтам, у Беларусі будуць палітвязьні, бо гэта дазваляе трымаць тонус улады і тонус страху у грамадзтве, што на карысьць аўтарытарнай уладзе.

— І год таму, і сёньня можна пачуць лёгкія папрокі на адрас Бяляцкага: чаму ня зьехаў за мяжу, ведаў жа, што рыхтуецца арышт. А і сапраўды — чаму Алесь не скарыстаўся такой магчымасьцю?

Каліноўскі: Я шукаў адказу на гэтае пытаньне, і знайшоў яго ў характары Алеся. Ён сьвядома вырашыў прайсьці тое, што яму наканавана. Ёсьць сьведчаньні аб тым, як ён прымаў гэтае рашэньне, як ён адказваў на парады зьехаць, зазначаючы, што ён грамадзянін і патрыёт Беларусі, і што ягонае месца на радзіме. Бяляцкі прыняў такое рашэньне і як адзін з лідараў праваабарончага руху, якія часам падзяляюць лёс тых, каго бароняць. Бяляцкі добра гэта ведаў, ён сам наведваў зьняволеных праваабаронцаў у Кыргізтане і Казахстане. Учынак Бяляцкага — сьведчаньне яго ўпэўненасьці ў сваім выбары, усьведамленьня годнасьці і прыклад самаахвярнасьці. Тут ня варта баяцца гучных словаў, Алесь іх заслужыў — і сваёй шматгадовай грамадзкай дзейнасьцю, і сваімі паводзінамі падчас арышту і суду.

— Пытаньне пра беларускую салідарнасьць. Для сплаты дзяржаве гэтак званага «доўгу Бяляцкага» людзі сабралі вялікую суму — больш за 70 000 эўра. Зразумела, ня толькі ў грашах выяўляецца людзкая салідарнасьць. Ці дастатковай яна была і ёсьць — адносна Алеся Бяляцкага?

Дубавец:
Я думаю, што пра дастатковую салідарнасьць можна казаць толькі ў тым выпадку, калі яна прыносіць рэальны вынік. У нашай сытуацыі гэта быў бы выхад Бяляцкага на волю. Таму дыяпазоны, памеры, дастатковасьць гэтай салідарнасьці можна яшчэ разьвіваць і разьвіваць. І трэба разьвіваць, пакуль яна сапраўды ня стане дастатковай.

— А ці дастатковай у справе Бяляцкага ёсьць міжнародная салідарнасьць? Ці робіцца тут усё магчымае?

Каліноўскі: Хваля міжнароднай салідарнасьці з Алесем Бяляцкім сапраўды ўнікальная, пра Бяляцкага голасна гаварылі і гавораць ня толькі шматлікія праваабаронцы ва ўсім сьвеце, калегі Бяляцкага, але і прэзыдэнты, міністры, дэпутаты парлямэнтаў многіх краінаў, якія назвалі гэты прысуд незаконным і запатрабавалі ад уладаў Беларусі вызваленьня Бяляцкага, якія назвалі прысуд палітычнай расправай з праваабаронцам. У 2012 годзе, ужо знаходзячыся ў турме, Алесь Бяляцкі быў уганараваны прэміяй нарвэскага Саюзу пісьменьнікаў «За свабоду слова», польскай прэміяй імя Льва Сапегі, узнагародай абаронцы правоў чалавека Дзярждэпартамэнту ЗША... Алесь вылучаны на Нобэлеўскую прэмію міру. Робіцца шмат, міжнародны ціск на Менск працягваецца і цяпер, і думаю, што з часам беларускія ўлады павінны будуць прыслухацца да голасу дэмакратычнага сьвету і выпусьціць Алеся, як зрабілі нядаўна ўлады Казахстану, выпусьціўшы са зьняволеньня праваабаронцу Яўгена Жоўціса.

— Валер ужо сказаў пры вылучэньне Бяляцкага на Нобэлеўскую прэмію. Я толькі нагадаю, што яго вылучалі ўжо тройчы — у 2006-м, у 2007-м, і ў 2011-м, калі Алесь знаходзіўся за кратамі. Ці можа ў Беларусі паўтарыцца сытуацыя, якая мела месца ў Польшчы зь вязьнем Лехам Валенсам у 1993-м і ў Кітаі з палітзьняволеным Лю Сяабо ў 2010-м?

Дубавец: Я думаю, цалкам можа — паводле накалу, шырыні кампаніі. Бяляцкі
Гэта была б нават ня столькі перамога для Алеся Бяляцкага, колькі перамога для Беларусі, бо гэта была б першая беларуская Нобэлеўская прэмія ...
Сяргей Дубавец...

вылучаны вялікай колькасьцю аўтарытэтных арганізацыяў і людзей. Гэта была б нават ня столькі перамога для Алеся Бяляцкага, колькі перамога для Беларусі, бо гэта была б першая беларуская Нобэлеўская прэмія. А мы ведаем, што гэта самая аўтарытэтная ў сьвеце прэмія, прычым гэтая прэмія была б ня толькі краіне, ня толькі беларускай нацыі, а тым дэмакратычным каштоўнасьцям, якія ў гэтай нацыі ёсьць, тым дэмакратычным традыцыям, тым дэмакратычным праявам мэнталітэту, якія сёньня, дзякуючы наяўнаму ў нас палітычнаму рэжыму, апынуліся пад страшным прэсінгам.

— Вязьнем беларускага рэжыму Алесь Бяляцкі стаў з дапамогай уладаў Літвы і Польшчы, якія пайшлі на супрацоўніцтва зь беларускімі спэцслужбамі. Якая сёньня афіцыйная пазыцыя гэтых краінаў у справе Бяляцкага?

Каліноўскі: Афіцыйная пазыцыя Літвы і Польшчы адносна прысуду Алесю
Сам Алесь Бяляцкі напісаў мне з гэтай нагоды ў лісьце з Бабруйскай турмы, што «злосьці на Літву і Польшчу ў яго няма ніякай» ...
Валер Каліноўскі...

Бяляцкаму рэзка адмоўная. Вільня і Варшава асуджаюць выкарыстаньне беларускімі ўладамі міжнародных прававых мэханізмаў для перасьледу праваабаронцы, патрабуюць вызваленьня Алеся. Вінаватыя ў выдачы дакумэнтаў беларускаму боку пакараныя, звольненыя з пасадаў, у самога Алеся і ягонай сям’і папрасілі прабачэньня. Іншае пытаньне, наколькі поўна былі выяўленыя прычыны гэтай неабачлівасьці ў Вільні і Варшаве, наколькі адэкватныя былі зробленыя высновы, каб такое не паўтарылася? Тут застаюцца сумневы ў шэрагу польскіх і літоўскіх экспэртаў. Сам Алесь Бяляцкі напісаў мне з гэтай нагоды ў лісьце з Бабруйскай турмы, што «злосьці на Літву і Польшчу ў яго няма ніякай», яму «падаецца, што ўсе зрабілі з таго, што адбылося, правільныя, слушныя высновы».

— Я ведаю Алеся з 1984 году, але кніга «Справа Бяляцкага» шмат у чым стала для мяне адкрыцьцём. Сяргей, вы ж ня толькі першы чытач, рэдактар, але сябра і паплечнік Алеся. Што вас уразіла ў кнізе?

Дубавец: Калі казаць пра асобу Бяляцкага, то, бадай, нічога, бо я сапраўды яго вельмі добра ведаю. І тое, як ён паводзіцца, вынікае з майго досьведу пра яго. А ўразіла ў кнізе, па-першае, сама задача гэтай кнігі, на маю думку, амаль невыканальная. Ведаеце, калі гэта судовы працэс, асабліва калі ў цэнтры яго знаходзяцца грошы, то як у народзе кажуць у такіх выпадках: «Ці ён скраў, ці ў яго скралі, але нешта зь ім такое было». І ўжо чалавек як бы замазаны. Якім чынам гэтая кніга можа даказаць, што судовы працэс, судовае расьследаваньне, судовы вырак Алесю Бяляцкаму ляжыць у палітычнай плашчыні? Якім чынам даказаць, што ўсё гэта зроблена несправядліва? І на маю думку, аўтар з гэтай задачай справіўся менавіта таму, што вельмі дэталёва, да драбніцаў разабраў усю гэтую сытуацыю і паралельна ахарактарызаваў гэтыя дзьве сыстэмы, пра якія я казаў. А другое, што ўразіла, па шчырасьці прызнацца... Скажыце, каму цікава чытаць цэлую кнігу пра нейкі судовы працэс, пра нясплачаныя падаткі? Які трэба знайсьці ракурс, які жанр, каб гэта было чытаць цікава? І мне прыйшла на думку Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага. Сярэднявечная Мэтрыка, якая раз-пораз выходзіць тамамі то ў Беларусі, то ў Літве, то ва Ўкраіне ці Польшчы — яна ўся складаецца з скаргаў, цяжбаў, грашовых працэсаў, судоў бясконцых, але чытаць яе можна проста як раман — абсалютна захоплена. І вось правобразам кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага» мне бачыцца менавіта Мэтрыка ВКЛ, бо там і там — нашая краіна і нашыя людзі.