Янка Саламевіч — апошні з магікан беларускай энцыкляпэдычнай справы

Янка Саламевіч. Фота Андрэя Лянкевіча, «Наша Ніва»

31 ліпеня ня стала Янкі Саламевіча. Знаны літаратуразнаўца, фальклярыст, архівіст, археограф, бібліёграф, перакладчык, дасьледчык традыцыйнай беларускай культуры, чалавек энцыкляпэдычнага кругагляду пакінуў гэты сьвет на 74-м годзе жыцьця.
Янка Саламевіч нарадзіўся 29 кастрычніка 1938 году ў вёсцы Малая Кракотка Слонімскага раёну Гарадзеншчыны. Скончыў філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Працаваў карэктарам, тэхнічным рэдактарам выдавецкага аддзелу Дзяржаўнай бібліятэкі БССР (1960–1962), рэдактарам у выдавецтве Міністэрства адукацыі. У 1967 годзе скончыў асьпірантуру пры катэдры беларускай літаратуры БДУ. З 1968 году — у Галоўнай рэдакцыі Беларускай савецкай энцыкляпэдыі (цяпер БелЭн), спачатку старшым навуковым рэдактарам, а з 1976 году і да яе высяленьня са знакамітага будынку на Акадэмічнай — загадчыкам навуковай рэдакцыі народнай асьветы і беларускіх слоўнікаў. Прыгадвае ягоная былая калега Аксана Спрынчан:

Аксана Спрынчан

«Янка Саламевіч быў апошнім з магікан беларускай энцыкляпэдычнай справы, а я — апошнім рэдактарам, які сем гадоў сядзеў зь ім у адным кабінэце. І калі мы падымалі вочы ад артыкулаў, дык атрымлівалася, што глядзелі адно аднаму ў вочы. Гэта былі мае шчасьлівыя энцыкляпэдычныя гады на Акадэмічнай, 15А, у 45-м кабінэце.

Гэты будынак забраў гаспадарчы суд, і ўсё, што засталося ў мяне — гэта нумар кабінэту, які я адкруціла на памяць, і кавалак прыступак, па якіх хадзіў Янка Саламевіч.

Многія рэдактары пабойваліся энцыкляпэдычнага волата, пабойваліся і нават зьдзіўляліся, як я магу сядзець зь ім у адным кабінэце. Для мяне ж праца зь Іванам Уладзімеравічам сталася ня проста працай, а жыцьцём. Жыцьцём, у якім багамі былі Мова, Літаратура, Фальклёр.

І нават маё захапленьне жабкамі Іван Уладзімеравіч успрымаў, і, працуючы ў бібліятэках, заўжды, калі знаходзіў „жабскія“ матэрыялы, прыносіў мне.

Я ж у падарунак яму ўзяла некалькі псэўданімаў, і адзін зь іх быў — Аксана Саламевічанка.

Янка Саламевіч — з тых людзей беларускай культуры, якіх усё меней і меней, людзей, якія працуюць, а не рэклямуюць сябе».

Уменьню працаваць з энцыкляпэдыяй і над энцыкляпэдыяй абавязаны Янку Саламевічу і вядомы дасьледчык рэпрэсіяў у Беларусі Леанід Маракоў.

Леанід Маракоў

«З самага пачатку ён і Віталь Скалабан вельмі строга мяне вучылі, што за кожны факт трэба адказваць дзесяць разоў, чапляліся, што я недакладна нешта напісаў, што мала, мала доказаў... Давялі мяне, што я ўжо працаваў па пятнаццаць гадзін у дзень, як і яны самі працавалі».

Янка Саламевіч склаў бібліяграфічны даведнік «Беларускі фальклор. 1926–1963» (1964), навучальны дапаможнік для студэнтаў ВНУ «Беларуская дзіцячая літаратура: Хрэстаматыя» (з А.Налівайкам, М.Пятровічам, 1966), анталёгію «Беларуская баляда» (1978), уклаў выбраныя творы Гальяша Леўчыка «Доля і хлеб» (з Н.Ляшковіч, 1980), зборнікі «Беларускія загадкі (1982, 1989), «Мама Мышка сушыла шышкі» (беларускія народныя скорагаворкі, 1983) ды зрабіў багата яшчэ чаго. Гаворыць ягоны суаўтар па зборніку «Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакумэнты», доктар філялёгіі Арсень Ліс:

Арсень Ліс

«У адной энцыкляпэдыі працуючы доўгі час, столькі зрабіў для таго, каб стала ведамай для шырэйшай грамадзкасьці наша культура традыцыйная! Па фальклярыстыцы ім напісана маса артыкулаў, па пэрсаналіях, па дасьледчыках нашай традыцыйнай культуры ім напісана незьлічоная колькасьць прац. Бясспрэчна, ці не галоўная праца, якая зь імем ягоным будзе зьвязаная ў гісторыі беларускай культуры, — гэта яго „Слоўнік беларускіх псэўданімаў і крыптанімаў XVI-XX стст.“ Гэта велізарная работа, якой ён займаўся ледзь ня цягам усяго жыцьця».

Пасьля першага выданьня слоўніка ў 1983 годзе спадар Саламевіч пашырыў яго ў некалькі разоў, але так і не дачакаўся, каб пабачыць яго з друку. На гэтае ўнікальнае ў Беларусі дасьледаваньне дзяржава не знайшла грошай, прытым яшчэ і змусіўшы аўтара пайсьці з энцыкляпэдыі, кажа кандыдат філялёгіі Язэп Янушкевіч.

Язэп Янушкевіч

«Адносіны да Саламевіча ілюструюць адносіны не дзяржаўныя да лепшых нашых працаўнікоў навукі, паколькі ягоная некалькітамовая энцыкляпэдыя псэўданімаў да сёньняшняга дня ня выдадзеная. Гэтым могуць, на жаль, „ганарыцца“ толькі беларусы. Вечны яму супакой!»

Разьвітаньне зь Янкам Саламевічам адбудзецца апоўдні 2 жніўня ў Менску ў рытуальнай залі на Альшэўскага, 12.

ЯНКА САЛАМЕВІЧ: “МНОЮ РАСШЫФРАВАНА 20 000 ПСЭЎДАНІМАЎ”

ЯНКА САЛАМЕВІЧ: “БЕЛАРУСКАГА ТЭЛЕБАЧАНЬНЯ ЦЯПЕР НЯМА”