Украінскі сьпікер падпісаў скандальны моўны закон

Мітынг у абарону ўкраінскай мовы ў Кіеве 30 ліпеня

Сьпікер Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Літвін падпісаў закон «Аб прынцыпах дзяржаўнай моўнай палітыкі». Ён накіраваны на подпіс прэзыдэнту Віктару Януковічу.
Як заявіў Літвін, ён ня мог не падпісаць дакумэнт, які пашырае ўжываньне расейскай мовы на рэгіянальным узроўні, паколькі «па Канстытуцыі Украіны і парлямэнцкім рэглямэнце ў старшыні Вярхоўнай Рады ёсьць толькі абавязкі, але няма ніякіх правоў».

Напярэдадні на пазачарговай сэсіі Рады прапрэзыдэнцкая большасьць адмовілася галасаваць за адмену гэтага закону і адхіліла заяву Літвіна аб адстаўцы. Сьпікер напісаў яе адразу пасьля зацьвярджэньня дакумэнту 3 ліпеня. У кіроўнай Партыі рэгіёнаў ня раз пагражалі Літвіну судом, калі ён не паставіць подпіс пад «моўным» законам. Яго прыняцьце суправаджалася бойкамі ў сьценах парлямэнту і справакавала па ўсёй краіне вулічныя пратэсты.

У пачатай ва Ўкраіне выбарчай кампаніі па выбарах у парлямэнт моўная тэма, мяркуючы па ўсім, будзе адной з галоўных.

На думку апанэнтаў улады, падпісаўшы скандальны закон, Літвін стаў саўдзельнікам злачынства. «Гэты антыканстытуцыйны выклік украінскаму грамадзтву будзе адменены новай дэмакратычнай большасьцю Вярхоўнай Рады», — падкрэсьліваецца ў заяве аб’яднанай апазыцыі.