Мілінкевіч: «Большасьць ня верыць ні апазыцыі, ні ўладзе»

Ініцыятыўная група лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча за тыдзень сабрала тысячу подпісаў — гэта колькасьць, неабходная для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты.
Тым ня менш актывісты маюць намер працягваць кампанію збору подпісаў цягам усяго прызначанага тэрміну — да 13 жніўня.

Подпісы за Аляксандра Мілінкевіча ягоная ініцыятыўная група зьбірае па 109-й Уруцкай акрузе. Адзін з трох вулічных пікетаў цягам дня разьмешчаны каля ўнівэрсаму «Першамайскі».



Ад ранку подпісы зьбірае прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка:

«Працую сёньня ад дзявятай ранку, бо вядома, што ў прадпрымальнікаў панядзелак — дзень выходны. Жыхары Ўручча падыходзяць да стэнда з Аляксандрам Мілінкевічам, цікавяцца, пакідаюць подпісы. Бывае так, што няма пашпарта — ідуць, вяртаюцца з пашпартам і падпісваюцца. Усе жадаюць пераменаў у краіне».

Карэспандэнтка: «Як шмат сабралі за сёньня?»

«Толькі я — больш за 20, але ў нас дзень яшчэ амаль наперадзе. Будзем чакаць, калі людзі пачнуць вяртацца з працы».

Як заўважыў Аляксандар Таўстыка, менавіта прадпрымальнікі найбольш ахвотна пакідалі ў яго подпісы за Аляксандра Мілінкевіча. Гутару зь людзьмі:

Карэспандэнтка: «Як вы лічыце, наколькі важна ўдзельнічаць у выбарах, наколькі гэта адказная палітычная справа? Ці верыце вы, што яны адбудуцца належным чынам?»

Спадар: «Я ведаю, што нешта павінна зьмяніцца, бо ў нас увесь апарат разгорнуты супраць прыватнага бізнэсу — трэба ж нешта мяняць».

Карэспандэнтка: «Вы падпісваецеся за будучага кандыдата ў дэпутаты і гэтым удзельнічаеце ў палітычнай кампаніі. Чаму?»

Спадар: «Чаму? Бо надакучыла, стаміўся. Краіна ўжо пятнаццаць год поўзае на каленях. Стаміўся і хочацца пераменаў. А вось гэты кандыдат ужо дае нейкія спадзяваньні на перамены».



Днём да пікету далучыўся і сам Аляксандар Мілінкевіч. Некаторыя яго пазнавалі, некаторыя толькі знаёміліся альбо задавалі пытаньні. Пра мэту свайго ўдзелу ў выбарчай кампаніі Аляксандар Мілінкевіч сказаў наступнае:

«Самае галоўнае — дзеля чаго. Байкот для мяне абсалютна непрымальны, бо гэта праца з Лукашэнкам, але мне нецікава з Лукашэнкам працаваць. Байкотам зь людзьмі не папрацуеш. Зь людзьмі трэба працаваць вось так — у пікетах, па хатах хадзіць і гэтак далей. Больш за палову людзей ня верыць ні апазыцыі, ні ўладзе. Ці мы можам на гэтых людзей паўплываць байкотам? Не. Таму мы павінны паказаць ім, што ёсьць пазытыўная альтэрнатыва. І таму найпершая мая задача — паказаць, што ёсьць лідэры, што ёсьць людзі з вопытам і досьведам, якія хочуць пераменаў, як і яны».

Як паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча Юрась Меляшкевіч, актывісты зьбіраюць подпісы ў вулічных пікетах і абыходзячы кватэры. Цягам тыдня ўжо сабралі неабходныя тысячу подпісаў, аднак гэтая праца будзе праводзіцца штодня яшчэ два тыдні — да 13 жніўня.