Сырыя: уцякла першая дэпутатка

Дэпутатка парлямэнту Сырыі, абраная ад паўночнай правінцыі Алепа, паведаміла, што яна схавалася ў Турцыі. У інтэрвію кампаніі Sky News Іхласаль аль-Бадаві заявіла, што перастала падтрымліваць рэжым Башара Асада «з-за рэпрэсій супраць народу, які патрабуе мінімальных правоў». Новы парлямэнт Сырыі быў абраны ў траўні. Аль-Бадаві – першая з дэпутатаў, хто перайшоў на бок апазыцыі.

Тым часам паўстанцы і жыхары Алепы – другога па велічыні гораду Сырыі, рыхтуюцца да масіраванай атакі з боку ўрадавых сіл. Паўстанцы дабіліся тут посьпехаў у мінулыя дні і некаторыя іх кіраўнікі сьцьвярджалі, што кантралююць палову места. Прадстаўнікі Свабоднай сырыйскай арміі паведамляюць, што ў раён Алепа сьцягваецца вялікая колькасьць урадавай вайсковай тэхнікі, вёўся абстрэл прымесьцяў. Добраахвотнікі, якія далучаюцца да апазыцыі, кажуць, што рыхтуюцца да «бітвы бітваў».