27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Гэты дзень быў абвешчаны Днём незалежнасьці Беларусі. Цяперашнія ўлады адмянілі сьвята пасьля рэфэрэндуму 1996 году і прызначыла Дзень незалежнасьці на 3 ліпеня — дзень вызваленьня Менску ад гітлераўцаў.
Дэмакратычная грамадзкасьць па-ранейшаму прызнае Днём незалежнасьці Рэспублікі Беларусь 27 ліпеня і цягам многіх гадоў адзначае яго вулічнымі акцыямі, мітынгамі, творчымі вечарынамі і рознымі іншымі імпрэзамі. 22 гадавіну дзяржаўнага сувэрэнітэту Беларусі палітычныя партыі і рухі з розных прычынаў адзначаць не плянуюць.
Адна з прычынаў — забарона менскіх уладаў, распавёў Юрась Беленькі, адзін зь лідэраў КХП БНФ:
«Гарвыканкам адмовіў нам у задавальненьні заяўкі на правядзеньне мітынгу ў парку імя Янкі Купалы 27 ліпеня. Маўляў, у гэты дзень там заплянаваная прыборка тэрыторыі, санітарная апрацоўка помніка. У гэтым зьвязку я хацеў бы дадаць, што гарвыканкам і раней нам адмаўляў з падобнай фармулёўкай, але толькі ў Кіеўскім сквэры. Гэта сьведчыць пра тое, што адмову далі людзі, якія дэманстратыўна і цынічна не прымаюць нас, беларусаў. Бо 27 ліпеня — гэта дзень, калі была прынятая Дэклярацыя аб незалежнасьці нашай краіны. Ён быў абвешчаны сьвяточным днём — Днём незалежнасьці. Чужая ўлада адмяніла яго. Тым ня менш гэты дзень вельмі важны ў нашай гісторыі, і беларусам, якія пачуваюць сябе беларусамі, варта было б гэты дзень адзначыць у кожным разе. Гэта можа быць тэлефанаваньне сябру. Гэта можа быць творчая імпрэза ці нешта іншае. У кожным разе — гэта элемэнт супрацьстаяньня гэтай уладзе, якая гэтак цынічна зьдзекуецца з нашай гістарычнай памяці».
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў пра пляны сваёй партыі на 27 ліпеня:
«У свой час мы ладзілі рознага кшталту вулічныя мерапрыемствы. Сёлета вулічных масавых акцыяў мы не плянуем. Мы рэкамэндавалі ўсім тым нашым кандыдатам, чые ініцыятыўныя групы зарэгістраваныя, каб яны ў гэты дзень зьбіралі подпісы на вуліцах пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. І гэта мае быць прымеркавана менавіта да гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце. А таксама каб у рэгіянальных структурах былі праведзеныя ўрачыстыя вечарыны. У нас у Менску таксама адбудзецца ўрачысты сход. Фактычна мы вырашылі, што фармат пікетаў пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на сёньняшні момант — гэта аптымальны фармат».
Адна з прычынаў — забарона менскіх уладаў, распавёў Юрась Беленькі, адзін зь лідэраў КХП БНФ:
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч распавёў пра пляны сваёй партыі на 27 ліпеня: