На барацьбу са СНІДам бракуе грошай

На буйной міжнароднай канфэрэнцыі ў справе барацьбы са СНІДам, якая адкрылася напярэдадні ў Вашынгтоне, прагучаў заклік да сусьветных лідэраў паставіцца да праблемы пашырэньня гэтай хваробы як да адной са сваіх прыярытэтных палітычных задач.

Дэлегаты таксама зьвярнулі ўвагу на неабходнасьць большых інвэстыцый у навуковыя дасьледаваньні, накіраваныя на пошук эфэктыўных мэтадаў барацьбы зь вірусам імунадэфіцыту чалавека і хваробай СНІД, якую гэты вірус выклікае.

У канфэрэнцыі, якая адбываецца пад эгідай ААН і працягнецца да 27 ліпеня, удзельнічаюць некалькі тысяч дэлегатаў са 195 краін, сярод іх палітыкі, навукоўцы, грамадзкія актывісты.

На адным з паседжаньняў было паведамлена, што ад СНІДу ў сьвеце ўжо памёрла 30 мільёнаў чалавек.

Напярэдадні сустрэчы генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун заклікаў да актывізацыі намаганьняў у барацьбе з пашырэньнем ВІЧ ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі. Колькасьць выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі ў гэтых раёнах павялічылася на 22 працэнты пачынаючы з 2005 году.

***

У Беларусі цяпер 10.608 чалавек, якія жывуць зь ВІЧ. Усе яны маюць доступ да антырэтравіруснай тэрапіі. Атрымліваюць лекаваньне 3.487 чалавек. За ўвесь пэрыяд распаўсюджаньня эпідэміі з 1989 году сярод ВІЧ-інфікаваных пацыентаў памерла 2 807 чалавек, у тым ліку ў стадыі СНІДу — 1 535.

На пачатак 2012 году ў сьвеце зь ВІЧ-інфэкцыяй жыло больш за 35 млн. чалавек.