Эўразьвяз не зьбіраецца зьмякчаць палітыкі ў дачыненьні да Беларусі

Штэфан Фюле

У інтэрвію Радыё Свабода эўракамісар сказаў, што ўсе дзейныя патрабаваньні ЭЗ – прынцыповыя, а боязь таго, што патрабаваньні дэмакратызацыі штурхаюць Менск бліжэй да Масквы – «глупства і бязглузьдзіца».

РС: У панядзелак пасьля чарговага паседжаньня міністраў замежных справаў Эўразьвязу ў Брусэлі адбудзецца нарада міністраў Усходняга партнэрства. Усе шэсьць міністраў замежных справаў ад краінаў-партнэраў былі запрошаныя, і сёньня пацьвердзілася, што Мартынаў прыняў запрашэньне. Ці будзеце вы сустракацца зь ім, і калі так, то што вы яму зьбіраецеся сказаць?

Фюле: Я думаю, гэта добра, што ён прыедзе. У выпадку зь Беларусьсю ёсьць вельмі добрая нагода абмеркаваць з Мартынавым ня толькі бягучыя праблемы і магчымасьці супрацы ў межах Усходняга партнэрства, але і канкрэтныя праблемы ў дачыненьнях паміж Эўразьвязам і Беларусьсю, а таксама аб унутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі. Мой пасыл будзе вельмі ясны, і пра сытуацыю ў справе правоў чалавека ў Беларусі, і пра падрыхтоўку да парлямэнцкіх выбараў. Паўтараю, мы разьлічваем на свабодныя і справядлівыя выбары, прычым ня толькі ў дзень галасаваньня. Падчас падрыхтоўкі трэба забясьпечыць свабодную палітычную канкурэнцыю. Але самае важнае паведамленьне: мы імкнемся выйсьці за межы бягучай палітыкі. Мы зацікаўленыя і гатовыя разьвіваць адносіны зь Беларусьсю і яе народам у інтарэсах усіх грамадзянаў. І я нагадаю міністру замежных справаў, што ёсьць адно пытаньне, якое, на жаль, не дазваляе нам рабіць гэта – наяўнасьць палітычных зьняволеных. І мы патрабуем вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных, гэта перадумова, каб актывізаваць адносіны зь Беларусьсю. А пасьля гэтага, я б сказаў (але, магчыма, гэта й занадта): «Мяжа толькі адна – неба!».

РС: Якія рычагі мае Эўразьвяз, каб былі вызваленыя палітычныя зьняволеныя?

Фюле: Нашыя рычагі – нашая цяперашняя палітыка, якая грунтуецца на трох слупах. Першы слуп – гэта мэтанакіраваныя санкцыі супраць тых, хто стаіць за ціскам на дэмакратычныя сілы, другі — пашырэньне сувязяў і падтрымка грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі, у тым ліку – апазыцыі, вядома.
І трэці слуп, які мы дадалі толькі нядаўна, гэта дыялёг па мадэрнізацыі.

РС: 9 ліпеня прадстаўнік Беларусі пры Эўразьвязе ў Брусэлі Андрэй Еўдачэнка адзначыў, што Беларусь ня будзе ўдзельнічаць у эўрапейскім дыялёгу Эўразьвязу па мадэрнізацыі, таму што ён ня ўдзельнічаў у распрацоўцы праграмы. Еўдачэнка заявіў, што Беларусь будзе супрацоўнічаць з ЭЗ толькі ў рамках праграмаў, што «распрацоўваюцца і зацьвярджаюцца сумесна». Якім чынам няўдзел ураду Беларусі паўплывае на эфэктыўнасьць гэтай праграмы?

Фюле: У цяперашніх умовах, калі ўлады па-ранейшаму трымаюць у сваіх турмах людзей за іх палітычныя погляды, у нас няма іншага выбару, толькі як мець дыялёг, і не абавязкова з высокапастаўленымі афіцыйнымі прадстаўнікамі, але з грамадзянскай супольнасьцю і апазыцыяй. На працоўным узроўні мы запрашаем і прадстаўніка ўраду. Але тое, што яны ня ўдзельнічалі ў першым і другім туры перамоваў, я спадзяюся, не азначае, што яны ня будуць удзельнічаць у трэцім ці наступных.

РС: Ці Эўразьвяз узгадняе са сваімі расейскімі калегамі дзеяньні, каб дапамагчы зьмяніць сытуацыю, якая склалася ў Беларусі?

Фюле: Вядома, мы робім, мы хочам, каб нашыя расейскія калегі зразумелі нашую пазыцыю па Беларусі. І мы ім адзначаем, што гэта ня толькі ў інтарэсах Эўразьвязу, але ў інтарэсах усіх суседзяў Беларусі, каб у Беларусі быў падсправаздачны ўрад, які гарантуе асноўныя свабоды, і ня толькі некаторым, але і ўсяму насельніцтву. І мы заклікаем расейскіх калегаў рабіць усё, каб не было палітычных зьняволеных у гэтай краіне.

РС: Якая вашая рэакцыя на апошні інцыдэнт з плюшавым дэсантам? Што вы думаеце пра такія дзёрзкія акцыі? Ці могуць яны мець станоўчы вынік?

Фюле: Дазвольце мне падысьці да гэтага пытаньня ня з пункту гледжаньня, падабаецца мне гэта ці не, падтрымліваю я гэта ці не. Я хацеў бы, каб было ясна, што калі Беларусь стане дэмакратычнай краінай, дзе асноўныя правы і свабоды будуць гарантавацца ня толькі на паперы, але ў рэальным жыцьці, ня толькі для некаторых, але й для ўсіх – думаю, мы б ня сталі пра такое нават размаўляць.

РС: На днях галоўны зьнешнепалітычны дарадца прэзыдэнта Літвы Дарыюс Сямашка сказаў, што палітыка Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі (да прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года) была «нецярплівай» і, магчыма, прывяла да павароту Лукашэнкі ў абдымкі Расеі і да большай залежнасьці ад Масквы. Ці згодныя вы з такой ацэнкай?

Фюле: Я маю іншы погляд. Тут важныя два моманты. Па-першае, за два месяцы перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў сьнежні 2010 году сапраўды існавалі вялікія чаканьні. Гэтыя чаканьні былі ня толькі з боку ЭЗ, але і з боку шматлікіх беларусаў. Беларускія ўлады зрабілі некалькі канкрэтных крокаў, якія стварылі ўражаньне, што гэтым разам прэзыдэнцкія выбары будуць іншымі і стануць крокам наперад у параўнаньні з папярэднімі беларускімі выбарамі.

Я ня ведаю ніводнага з існых патрабаваньняў з боку Эўрапейскага Зьвязу, якія б не былі сумяшчальнымі з высілкамі ў гэтым накірунку і якія б штурхалі Менск бліжэй да Масквы. Гэта па першае.

А па другое, вы ведаеце, гэта дзіўныя, бязглуздыя погляды. Справа не ў Брусэлі ці Маскве. Гаворка ідзе пра дэмакратыю, падсправаздачнасьць ураду, асноўныя свабоды, з аднаго боку, і аўтарытарызм зь іншага. Гэта прынцыповы выбар.