Лукашэнка ўзнагародзіў 44 камандзіраў супрацьпаветранай абароны

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджаньні 44 камандзіраў войскаў супрацьпаветранай абароны.
Указ «Аб узнагароджаньні мэдалём „За бездакорную службу“ І, ІІ, IIIІ ступені» кіраўнік краіны падпісаў 16 ліпеня, праз 12 дзён пасьля швэдзкага «мядзьведжага дэсанту». У ім адзначаецца, што больш за 40 служачых беларускай СПА «ўзорна выконваюць свае службовыя абавязкі».

Сярод узнагароджаных мэдалямі ІІ ступені

падпалкоўнік Аляксандар Вараб’ёў — начальнік штабу і першы намесьнік камандзіра 49-й радыётэхнічнай брыгады Паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ВПС і СПА Ўзброеных сілаў,

палкоўнік Віктар Дробыш — памочнік камандуючага войскамі па кадрах і начальнік аддзелу кадраў Заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ВПС і СПА,

маёр Максім Андросік, камандзір зэнітнага ракетнага дывізіёна 15-й зэнітнай ракетнай брыгады Паўночна-заходняга апэратыўна-тактычнага камандаваньня ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны і яшчэ шмат іншых вайскоўцаў.

Лукашэнка ўзнагародзіў вайскоўцаў Заходняга і Паўночна-заходняга апэратыўна-тактычных камандаваньняў. Акурат службы супрацьпаветранай абароны гэтых адзінак адсочваюць мяжу зь Літвой. Мэдаль знайшоў таксама падпалкоўніка Канстанціна Ябарава 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

За два тыдні да вайсковага параду на Дзень незалежнасьці Су-25 менавіта з гэтай часткі разьбіўся пад Наваградкам, адзначае Эўрарадыё.

Гісторыя дэсанту мядзьведзікаў


Самалёт зь мядзьведзікамі над Івянцом.

Раніцай у сераду 4 ліпеня швэдзкае выданьне The Local паведаміла, што грамадзяне гэтай краіны скінулі на Менск амаль тысячу цацак са словамі падтрымкі дэмакратыі і свабоды ў Беларусі.

Пілёты сьцьвярджалі, што раніцай яны скінулі цацкі таксама і ў раёне рэзыдэнцыі Аляксандра Лукашэнкі. Міністэрства абароны Беларусі абвергла інфармацыю пра парушэньне беларускай паветранай прасторы.

Увечары 4 ліпеня ў інтэрнэце зьявіліся відэакліпы, на якіх зь невядомага самалёта скідваюцца нейкія рэчы. Адзін фрагмэнт відэа зьняты ў кабіне пілёта, на другім, дзе самалёт бачна ў небе, — можна пазнаць горад Івянец Менскай вобласьці.

У чацьвер раніцай міністэрства абароны Беларусі заявіла агенцтву Белта, што «скандальнае відэа аб палёце швэдзкіх пілётаў над Беларусьсю зьяўляецца груба сфабрыкаванай правакацыяй».

Тым часам прадстаўнік вайскова-паветраных сілаў Літвы пацьвердзіў выданьню Lietuvos rytas, што ў сераду ў Літве выяўлена парушэньне паветранай прасторы. Аднак пазьней літоўскі бок адмаўляў парушэньне паветранай прасторы.