Статкевіч, Міхалевіч, Мілінкевіч ідуць на выбары

Акцыя пратэсту пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году ў Менску

Іх ініцыятыўныя групы падалі ў чацьвер дакумэнты на рэгістрацыю.
Удзельнікі грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітвязьням!» падалі дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэньні кандыдатамі ў дэпутаты Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча.

Дакумэнты на рэгістрацыю груп Статкевіча пададзеныя ў большасьць акруговых камісій Беларусі, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах і Менску.

Ва ўсіх акругах Менску пададзеныя сьпісы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп былога кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, які атрымаў палітычны прытулак за мяжой.

«З дапамогай выбарчай кампаніі мы хочам прыцягнуць увагу да таго, што ў турме сядзіць кандыдат у прэзыдэнты — Мікалай Статкевіч, а другі — Алесь Міхалевіч — знаходзіцца ў выгнаньні. Усе астатнія ўдзельнікі прэзыдэнцкіх выбараў — дэмакратычныя кандыдаты ў прэзыдэнты — тым альбо іншым чынам ушчэмленыя ў правах», — сказала у інтэрвію БелаПАН жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

Сёння таксама падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўная група па вылучэньні кандыдатам у дэпутаты лідэра руху «За Свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. Вылучаецца Мілінкевіч па Менскай Уруцкай 109-й акрузе.