Улады ўзмацняюць ціск на палітвязьняў

Узмацніўся ціск на ўсіх палітвязьняў. Мікалаю Дзядку «сьвеціць» штрафны ізалятар. Кіраўніцтва Івацэвіцкай калёніі не дазваляе іншым зьняволеным кантактаваць з Аляксандрам Францкевічам. Два тыдні няма зьвестак ад Арцёма Пракапенкі. Да Мікалая Статкевіча і Зьмітра Дашкевіча ў пятніцу паедуць адвакаты.

Нявеста Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка сустрэлася з прадстаўнікамі місіі БДІПЧ АБСЭ, якая 3 дні знаходзілася ў Менску. На пытаньне, ці ёсьць у яе спадзяваньні, што ўлады дазволяць місіі сустрэцца з Дашкевічам у Глыбоцкай калёніі, Наста адказала так:

«Усё ж гэта будзе залежаць ад сытуацыі, ад жаданьня ўладаў «прадаць» дадзены выбарчы працэс, або зрабіць для сябе яго карысным. Можна прыгадаць, што тая місія, якая зараз была ў Беларусі, яна ж прыяжджала і ў 2008, 2010 гадах на выбары, і перад парлямэнцкімі выбарамі 2008 году палітвязьні былі вызваленыя. Ці будуць такія тэндэнцыі цяпер – цяжка сказаць. Прынамсі, пакуль ня бачна нейкага жаданьня з боку ўладаў зрабіць гэтыя выбары больш-менш прымальнымі для сябе, для вяртаньня ў эўрапейскае поле».

Марына Лобава, маці Эдуарда Лобава, які праходзіў у адной справе з Дашкевічам, два тыдні не атрымлівае лістоў ад сына:

«Ведаю, што на Эдуарда апошнім часам таксама ўзмацніўся ціск, пачаліся прычэпкі. Як сказаў нампаліт калёніі адвакату, калі б ён напісаў прашэньне аб памілаваньні, ужо б паўгода быў на волі».

Працяглы час няма вестак і ад Арцёма Пракапенкі, кажа ягоная маці спадарыня Віялета:

«7 ліпеня павінен быў тэлефанаваць, але званка не было. Прыйшоў у сераду ліст, які ён пісаў яшчэ 3 ліпеня, да званка. Ліст ішоў больш чым паўмесяца. А так больш нічога ня ведаю пра яго».

Мікалай Дзядок амаль два месяцы знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу Шклоўскай калёніі, у камэры-адзіночцы. Спатканьні з роднымі і перадачы забароненыя, лісты ад яго прыходзяць са спазьненьнем, два разы на месяц пачкамі. Адзіная сувязь зь Мікалаем у родных – праз адваката, кажа ягоны бацька Аляксандар Дзядок:

«Там вельмі дрэннае асьвятленьне, практычна ў камэры няма вэнтыляцыі. Прагулкі – раз на суткі паўгадзіны, на працу яго таксама ня водзяць. Зараз яго ўжо прыцягваюць да адказнасьці за тое, што ён быццам бы дрэнна прыбірае ў сваёй камэры: быццам бы знайшлі павуціньне на столі на вышыні 3 мэтры. І за дрэнную прыборку яго павінны зьмясьціць у штрафны ізалятар».

Марына Адамовіч, жонка Міколы Статкевіча, які быў пакараны карцэрам, таксама можа даведацца пра навіны з Магілёўскай крытай турмы толькі зь лістоў альбо ад адваката:

«Ён жа ў лепшым выпадку толькі ў панядзелак павінен быў выйсьці з карцэру, таму ніякіх лістоў яшчэ няма. Мы зьбіраемся ў пятніцу да яго ехаць з адвакатам. Але ў турме апошнім часам даюць паразмаўляць адвакату зь Міколам цягам 6–8 хвілін. Да 16 гадзіны адваката не пускаюць – маўляў, Мікалай на працы. Адвакат зайшоў а 16 гадзіне, а Міколу прыводзяць безь дзесяці шэсьць. А потым праз 5 хвілін пачынаюць крычаць, што працоўны дзень заканчваецца».

Аляксандар Францкевіч патэлефанаваў маці ў сераду. Спадарыня Тацяна распавяла, што пасьля таго, як падпалкоўнік Літвінскі два тыдні прыяжджаў да яе сына зь Менску, але не ўгаварыў хлопца напісаць прашэньне аб памілаваньні, пачаўся ціск ня толькі на Францкевіча, але і на іншых:

«Ён прасіў паведаміць, што пачаўся ціск на тых зьняволеных, зь якімі Саша кантактуе, сябруе ў калёніі. Ім забараняюць з Сашам размаўляць. Гэта робіцца, каб ізаляваць яго, каб ён застаўся там адзін, без кантактаў і сяброў. Напісаў у лісьце і паўтарыў па тэлефоне, што ён не зьбіраецца нічога падпісваць, пакуль трымаецца».

Старшыні «Маладога фронту» Зьмітру Дашкевічу, які адбывае двухгадовае пакараньне ў Глыбоцкай калёніі, пагражае падаўжэньне тэрміну зьняволеньня яшчэ на год. Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў адбывае 4 гады паводле абвінавачаньня ў хуліганстве, нібыта ўчыненага напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

Аляксандар Францкевіч, Мікалай Дзядок і Ігар Аліневіч праходзілі па так званай справе анархістаў. Атрымалі адпаведна 3, 4,5 і 8 гадоў зьняволеньня. Арцём Пракапенка асуджаны разам зь Яўгенам Васьковічам і Паўлам Сырамалотавым на 7 гадоў зьняволеньня кожны за спробу падпалу дзьвярэй бабруйскага аддзелу КДБ.

Мікалай Статкевіч адбывае 6-гадовае пакараньне ў магілёўскай крытай турме.