«А ці будзе калі што плёскацца ў тых Плешчаніцах?!..»

Старажытныя, з 16 стагодзьдзя, ды маляўнічыя, на беразе вадасховішча, Плешчаніцы — нібы невядомыя. Асабліва на тле райцэнтру Лагойску, які называюць беларускай Швайцарыяй. Мо й таму, што тут няма чыгункі, а сам пасёлак стаіць убаку ад скрыжаваньня аўтадарог Барысаў-Вілейка і Менск-Полацак. Дарэчы, скрыжаваньня небясьпечнага, як сказаў мне ў дарозе кіроўца, жыхар гарпасёлку, 21-гадовы Юры Крывашэеў.

Крывашэеў: «Дарога на Плешчаніцы пабудавана 10 гадоў таму, але яе выхад на трасу нядобра прадуманы — вельмі рэзкі паварот, таму машыны „вылятаюць“. Аварыі раз на месяц стабільна...»

Карэспандэнт: «У самых Плешчаніцах каля 8 тысяч насельнікаў, але вайскоўцаў было 3 тысячы...»

Крывашэеў: «Вайскоўцы стаялі пастаянна да 90-х, і тады было каля 12 тысяч. Але часткі расфармавалі, і яны пазьяжджалі, таму што няма працы. Танкавыя часткі былі — прэстыжна было, што адкрывалі для кіроўцаў усе катэгорыі, акрамя самалётаў, таму сюды ішлі. Двухпакаёвыя кватэры і зараз даходзяць да 40 тысяч даляраў...»

Карэспандэнт: «Дык у чым жа прэстыжнасьць Плешчаніц?»

Крывашэеў: «Ні ў чым! (Агульны сьмех.) Працы няма, таму ўсе езьдзяць на Менск. Транспарт ня вельмі добра ходзіць — возяць прыватнікі за 20 тысяч у адзін бок. Усё роўна таньней, чым здымаць у Менску кватэрку. А тут уся праца, якая ёсьць, занятая — дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, вучэльня алімпійскага рэзэрву. На дзяржпрадпрыемствах зарплата ў сярэднім паўтара мільёна. І калі ў Менску прыбіральшчыца атрымлівае 3 мільёны, ня думаю, што яна будзе тут рызыкаваць жыцьцём. (Сьмяецца.) Плешчаніцкіх 60% працуюць „за межамі“...»

Непадалёк добра праглядалася з трасы стомэтровая рэтрансьляцыйная радыётэлевежа. Колькі часу таму над ёй два дні лунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Бачыў яго і Юры.

Крывашэеў: «Бачыў, калі праяжджаў. І бачны быў здалёк...»

Карэспандэнт: «У райцэнтры Лагойску лютуе з цэнамі каапэрацыя. У вас?..»

Крывашэеў: «Так, але ў нас атабарваюцца на невялікім кірмашы, дзе прыватнікі гандлююць. Большасьць тут прыватных шапікаў...»

Ужо праз паўгадзіны я на памянёным кірмашы. Наведнікаў няшмат. Тры пажылыя кабеты сумуюць за прылаўкам, выставіўшы «хатні» тавар. Спрабую выклікаць у іх гандлярскі азарт.

Карэспандэнт: «Ой, суніцы, а мядок пачым? А зьбіралі ў лесе?»

Спадарыні: «Не, у парніках — купіце, нядорага!»

Карэспандэнт: «А вы яшчэ працуеце?»

Спадарыні: «Ой, на пэнсіі ўжо... Усё дарагое, нічога харошага няма ў Плешчаніцах — усё запушчана...Дамы, прадпрыемствы гнілыя. Кіраўнікоў у раёне няма добрых і грошай у бюджэце. А якія вуліцы паганыя, дамы разваленыя, са сьмецьцем...»

26-гадовы ўзбэк Бабур таптаўся ля свайго прылаўка з акулярамі. Прыехаў з Ташкенту.

Карэспандэнт: «А чым у нашай Беларусі лепш?»

Бабур: «Спакойна, стабільна, акуляры бяруць паціху. Я атайбаваўся — у мяне жонка, дачка. І тая мая крамка — па рыбалцы. Турысты бяруць вуды...»

А гэты хударлявы чалавек схаваўся ў цені ад 30-градуснай сьпёкі. Размова са спадаром Леанідам Луцкевічам пачалася, як той казаў, за здароўе, скончылася ж... Зрэшты, слухайце самі.

Карэспандэнт: «У вас жа знакамітае беларускае прозьвішча — дзеяча беларускага Адраджэньня!»

Луцкевіч: «Быў такі ў Вільні, памёр. Я працаваў настаўнікам фізкультуры 43 гады. 6 год на пэнсіі, паклалі паўтара мільёна, г..о...»

Карэспандэнт: «А як жывецца ў Плешчаніцах?»

Луцкевіч: «Нібы, пакуль, някепска. Цэны вышэйшыя, чым у Менску — дастаўка, і кожны імкнецца накруціць, а ўсё на нас. Леспрамгас быў, аўтабаза — шматкі засталіся...»

Карэспандэнт: «Палітыка перашкаджае разьвіцьцю Плешчаніц?»

Луцкевіч: «А якая? Каб не Лукашэнка, што было б?! Дзякуй богу, мужык трымаецца за Беларусь, падымае крыху!»

Карэспандэнт: «Няслаба „падымае“ з вашай пэнсіяй...»

Луцкевіч: «Ну, гэта ня вам судзіць! Мне хапае — а вы ад якой канторы?»

Карэспандэнт: «Не зь дзяржаўнай...»

Луцкевіч: «Ну, я так і зразумеў — гуляйце! Я за Лукашэнку рукамі і нагамі!»

Акурат у мой прыезд Плешчаніцы адзначалі 100-годзьдзе мясцовай бальніцы. Галоўны ўрач спадар Вадзім Рымко зрабіў з гэтай нагоды невялікі гістарычны экскурс.

Вадзім Рымко


Карэспандэнт: «Віншую са 100-годзьдзем 29-гадовага Вадзіма Рымко!» (Сьмех.)

Рымко: «Дзякуй. У 1912 годзе ў прыватнай хаце заснавалася бальніца на 6 ложкаў. Да гэтага былі бабкі-павітухі. Першым доктарам быў Бэрлін і фэльчар Парфіновіч. Сьмяротнасьць была высокая. Пасьля 17 году пачаўся росквіт — ужо ў 24-м было 25 ложкаў, пасьля ў будынку былой царквы у 27-м бальніца была пашырана да 65...»

Карэспандэнт: «А заробкі тагачасных лекараў і сёньняшніх не параўноўвалі?» (Сьмех.)

Рымко: «Я ня думаю, што на зарплаце яны былі — людзі самі плацілі...»

Карэспандэнт: «А вам бы лягчэй было пры платнай мэдыцыне?»

Рымко: «Ну вядома — ня мы адказваем, што кожны чалавек павінен дыспансэрызацыю прайсьці, а кожны сам адказвае за сваё здароўе. Быць здаровым ва ўмовах платнай мэдыцыны выгадней, а ў нас выгадней хворым, бо бальнічны аплачваецца — можна дома пасядзець, чым на працу хадзіць. А ўсё бясплатнае ня цэніцца — значыць, „усё вакол калгаснае, усё вакол нічыё“. Кожны ўрач у мяне працуе на паўтары стаўкі, пэнсіянэры — 50%. Маладыя ісьці ў Плешчаніцы ня хочуць, усе імкнуцца бліжэй да цывілізацыі. Плешчаніцы затухаюць — 30 км ад Лагойску...»

Карэспандэнт: «Вадзім, каб была магчымасьць пайсьці ў прыватныя дактары альбо застацца загадчыкам дзяржаўнай клінікі — які б выбар зрабіў?»

Рымко (сьмяецца): «У прыватнай ня так усё салодка — там трэба зарабляць грошы часам на шкоду хвораму. Я б за тое, каб застацца ў дзяржаўнай клініцы, але са страхавой мэдыцынай...»

Карэспандэнт: «Наколькі мэдыцыне перашкаджае палітыка?»

Рымко: «Шмат функцыяў скідаюць неўласьцівых — маўляў, хадзіце па дамах і глядзіце, каб бабкам было чаго есьці. Узімку няма чым паліць — пачынаем зьбіраць іх з усяго раёну. Няправільна гэта. Алькаголікаў „прыпісалі“, бічоў, а мы павінны іх выхаваць і за ручку на працу прывесьці. Іх трэба сацыялізаваць, але не такім мэтадам. Ва ўсіх нармальных краінах ёсьць службы выкананьня пакараньняў, а мы тут пры чым?! Лепш бы будавалі бальніцы, чым лядовыя палацы. (Сьмех.) У Лагойскім раёне ёсьць людзі, што жывуць зь земляной падлогай — бядота, бядота...»

* * *

71-гадовую былую бібліятэкарку, спадарыню Галіну Полсычаву тут ведаюць ды паважаюць, бадай, усе. За краязнаўчыя досьледы — выходзіць яе кніга «І што там плешчацца» — ды жыцьцёвую мудрасьць. У яе спытаў пра паходжаньне дзіўнаватай назвы паселішча.

Полсычава: «Каля 10 варыянтаў ёсьць. Эўфрасіньня Полацкая, ідучы ў Ерусалім, мыла тут плашчаніцу сваю, у Дзьвінасе — яна яе назвала. Самая прыгожая легенда. І потым яшчэ — заснаваў гэтае паселішча вельмі плячысты чалавек Плешч. І вось мы заўжды задаём пытаньне — а што тут „плешчацца“?»

У пасялковай бібліятэцы захоўваецца надрукаваны на машынцы тэкст — якасьць паперы ды друку такая, што давялося перанабіраць яго, каб расчыталі наведнікі. Падпісаны крыптонімам М.П. Называецца па-расейску «Краткий исторический очерк г.п. Плещеницы». І ў канцы спасылка, што «даведка» 1969 году падрыхтаваная ў філіі Дзяржархіву БССР у Барысаве. Пытаюся ў спадарыні Полсычавай:

Карэспандэнт: «Галіна Іванаўна, а што гэта за чатыры старонкі з Барысава?»

Полсычава: «Не, гэта быў у нас настаўнік гісторыі Арцюшэўскі родам з Койданава. Ведаў польскую, беларускую мову. А тое, што напісаныя па-расейску, дык каб нас ведалі на абшарах СССР. Ну што рабіць — мы былі пад Расеяй. „Пагоня“ была ў Польшчы, Літве. І вось 1812 год. Выйшла кніга Лякіна „Рэквіем Мінскай брыгадзе“, якая была на баку французаў — з усіх тых, хто паверыў Напалеону, бо той паабяцаў вярнуць ВКЛ. У нас таксама туды людзі пайшлі. Графіня Соф’я Тышкевіч прыняла Напалеона ў сядзібе ў Плешчаніцах — ён пакінуў свой батфорт у нас. Яна заснавала царкоўнапрыходзкую вучэльню на 40 чалавек. На яе сядзібу потым падпольшчыца-камуністка кінула гранату. У часе вайны яна падабрала шмат французаў — замярзалі. Дзяўчынку іхную вывучыла, дала адукацыю, і каго падабрала, праз два гады вярнуліся ў Францыю. Тут у нас памятны камень — была бітва тры дні, хавалі курганамі коней і людзей разам. У нас нічога не захавалася — на касьцях французскіх будавалі хаты, чорныя капальнікі яшчэ там шукаюць золата Напалеона. Гісторыя з паваротамі — каб не было рэвалюцый, не было б Вялікай Айчыннай вайны. Бальшавізм — той жа нацызм, яшчэ горшы. Такія храмы зруйнавалі! І ў людзей псыхалёгія ўзьнікла ня тая. Вось гэтае 100-годзьдзе бальніцы. Сабралася поўная заля вэтэранаў — ім далі па адной кветцы. Потым у нас пацукі з начальства сядаюць у кафэ „Сузор’е“, а вэтэраны ў клюбе стоячы!»

На ўскраіне Плешчаніц пабудаваныя 15 «прэзыдэнцкіх домікаў». Побач птушкафабрыка і калгасная фэрма. 49-гадовая спадарыня Аксана Бурава выйшла пацікавіцца адзінокім падарожнікам на пустэльнай вуліцы. Разгаварыліся.

Бурава: «Ой, апякуюся бабуляю зь дзядулем...»

Карэспандэнт: «Я 10 год ежджу — і ўсюды ў доміках дах цячэ, сьцены непафарбаваныя...»

Бурава: «А, гэта так! Многія людзі спрабуюць штосьці рабіць, але калі пасьля знойдзеш іншую працу, цябе выселяць. Дом вось і гаспадарчы блёк па памерах — хочаш, дровы сушы. А калі карова, сьвіньня і зьверху гусь?! (Сьмех.) Каторыя абаснаваліся — бачыце, лазьня? Яна — даяркай, ён — на фэрме...»

Карэспандэнт: «Даярка два мільёны мае хоць?»

Бурава: «Ой, якое — ад 700 да паўтара мільёна. Затое робіш з 6 раніцы і да ночы. Пастухі атрымліваюць ад 500 тысяч і да мільёна. Калі яшчэ нехта сваё што трымае. На працу калі ўладкоўвацца — колькі год? Калі 45 — ай, у нас занятае, бярэм маладзейшых. А маладзейшыя ня пойдуць на такі заробак...»

На тым жа кірмашы асобна стаіць кніжны прыватны шапік. Не прамінуў пазнаёміцца з уладальніцай ды прадавачкай, 62-гадовай спадарыняй Ларысай Сенічавай.

Карэспандэнт: «Вы рызыкуеце — у невялікім пасёлку ды з канцылярскімі вырабамі?»

Сенічава: «У асноўным бяруць кнігі. Выходжу па нулях. Сёлета вельмі цяжка, новае цэнаўтварэньне, даляр пайшоў уніз. Мужчыны дэтэктывы бяруць, 5 прадала, а жанчыны зусім перасталі чытаць — не хапае на жыцьцё...» (Сьмяецца.)

Карэспандэнт: «А за арэнду шмат даводзіцца плаціць?»

Сенічава: «Гэта мной асабіста куплены шапік. За 3 тысячы даляраў набыла. Я год хадзіла, глядзела, якога тавару не хапае. Кілбасой не гандлявала б, ня мой мэнталітэт. Дзіцячая літаратура разыходзіцца. Жнівень-верасень — і па 9 мільёнаў выручка, а ўзімку — па 2–3 мільёны. Нам зь дзедам хапае — гарод ёсьць, трусы, купілі бычка, канюшыну садзім для іх. Бульбы — не, бо з гэтымі праполкамі-пасадкамі, а нам тры мяхі. Дзед ня п’е і ня смаліць, у стане нарыхтаваць дровы — у нас ЛУАЗ, куды паўтара куба заходзіць. Я зьбіраю ягады-грыбы, дзед зьбірае „сушку“. Да ўсяго ў жыцьці можна прыстасавацца. Мы нарыхтоўваем самі за капейкі, а машына дроў зараз да мільёна...»
Я зьбіраю ягады-грыбы, дзед зьбірае „сушку“. Да ўсяго ў жыцьці можна прыстасавацца.

Карэспандэнт: «Як ні цяжка, якое б ні кепскае начальства, як пісаў Караткевіч, — беларусы выжываюць...»

Сенічава: «Беларусы працаздольныя, мы працуем проста...»

Ізноў да размовы са спадарыняй Галінай Полсычавай. Гэтым разам — на палітычныя тэмы.

Карэспандэнт: «23 верасьня ў нас выбары ў парлямэнт — вы верыце ў іх справядлівасьць?»

Полсычава: «Не, вядома. Усё залежыць ад камісіі, назіральнікаў. І яшчэ ад плястычнасьці апанэнтаў — нельга адразу казаць, што вораг — Расея, мы ўсе перамяшаныя. Гэта іншая дзяржава, а ён сваю палітыку вядзе, каб затрымацца і яму было добра. У яго дзьве галавы — на Захад і Ўсход. А так не бывае. На Захадзе мы не патрэбныя з чалавекам, які сівавалосаму Мясьніковічу кажа „ты“...»

Карэспандэнт: «Але трэба ўдзельнічаць у іх?»

Полсычава: «Я лічу, трэба. Але ня толькі крытыкаваць, а прапаноўваць».

Карэспандэнт: «Што чакае Плешчаніцы?»

Полсычава: «Плешчаніцы будуць паміраць, бо за 100 год няма чыгункі. А гэта крываток, безь яе няма разьвіцьця...»

Пра тое ж спытаў майго кіроўцу, маладога Юрыя Крывашэева.

Крывашэеў: «Пэрспэктыў няма. Тыя людзі, якія прыжыліся, проста ня хочуць зьяжджаць з пасёлку — малая радзіма. Гэта і прываблівае — родныя Плешчаніцы...»