Эўразьвяз не стаміўся ад Беларусі

Штэфан Фюле

«Мы не паставілі крыж на Беларусі. Але ёсьць стома ад таго, што, нягледзячы на ўсе нашыя высілкі, разьвіцьцё Беларусі ідзе не ў кірунку выкананьня дэмакратычных прынцыпаў», — заявіў Штэфан Фюле, эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседства, на сустрэчы зь беларускімі журналістамі ў Брусэлі. Пра вынікі сустрэчы паведамляе БелаПАН.

Адказваючы на пытаньне пра тое, як зьмянілася палітыка і стратэгія ЭЗ у дачыненьні да Беларусі, Фюле сказаў: «Некалькі гадоў таму, калі мы верылі, што нават пры Лукашэнку можна дэмакратызаваць Беларусь, мы былі ўсяго на крок ззаду ад таго, што рабілі беларускія прадстаўнікі. Гэта была палітыка, якая толькі адказвала на пэўныя крокі, у нас адсутнічала стратэгічнае бачаньне. Думаю, што зараз гэта зьмянілася».

Пры гэтым эўракамісар сьцвярджае, што пры патрэбе абмежавальныя меры ЭЗ да Беларусі могуць быць узмоцненыя: «У мяне няма сумневаў, што калі сытуацыя будзе пагаршацца, то дзяржавы-сябры выканаюць тое, што абяцалі (узмоцняць санкцыі)».