Ці спыніць Расея беларускую бэнзінавую кантрабанду?

У Менску прайшлі перамовы віцэ-прэм’ераў Расеі і Беларусі — Ігара Шувалава і Сяргея Румаса. Сярод іншага абмяркоўвалася пэрспэктыва экспарту так званых растваральнікаў і разбаўляльнікаў.
У Маскве падазраюць, што пад іх выглядам Беларусь пастаўляе за мяжу нафтапрадукты, ня сплочваючы мыта. У адпаведнасьці з пагадненьнем аб супрацоўніцтве ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы Беларусь атрымлівае расейскую нафту бязмытна, але павінна пералічваць у расейскі бюджэт 100% экспартнага мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца за межы Мытнага зьвязу.

Яшчэ пры канцы чэрвеня намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў заявіў: расейскія ўлады былі непрыемна зьдзіўленыя, што ў некалькі разоў вырас экспарт зь Беларусі арганічных растваральнікаў. Па словах чыноўніка, расейскі бок падазрае, што гэты тавар — толькі прыкрыцьцё, а пад выглядам растваральнікаў экспартуюцца нафтапрадукты.

З патрабаваньнем разабрацца ў сытуацыі выступіў і прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў. Расея ацэньвае страты ад экспарту беларускіх растваральнікаў сама меней у 1 мільярд даляраў. Нават афіцыйныя лічбы сьведчаць, што ад пачатку году Беларусь рэзка павялічыла пастаўкі растваральнікаў на вонкавы рынак, зарабіўшы больш за 1 мільярд 700 мільёнаў даляраў.

Як лічыць эканамічны аглядальнік Тацьцяна Манёнак, Расея пры жаданьні магла б хутка згарнуць ценявы бізнэс Беларусі. Аднак такога імпэту чамусьці не назіраецца:

Тацяна Манёнак

«Мне здаецца, калі б сапраўды было нейкае сур’ёзнае памкненьне, сур’ёзнае жаданьне паставіць кропку ў гэтым пытаньні, дык усё ўжо было б зроблена. Справа ў тым, што гэта ня так складана зрабіць для Расейскай Фэдэрацыі. Так, вядома, што прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў паставіў задачу перад профільнымі міністэрствамі гэтае расьсьледаваньне скончыць да жніўня. Таму, наколькі я разумею, пакуль ня вельмі сьпяшаюцца і расейскія чыноўнікі, каб завяршыць гэтую працу. Але ж сёньня ўжо быў і афіцыйны камэнтар дарадцы Шувалава, які зьвярнуў увагу, што ня толькі гэтае пытаньне будзе разглядацца падчас сустрэчы Румаса і Шувалава, але і пытаньне будаўніцтва атамнай станцыі, прамысловай каапэрацыі і г.д. Ён яшчэ падкрэсьліў, што ня трэба так акцэнтавацца менавіта на гэтым пытаньні. А гэта сьведчыць пра тое, што Масква ня хоча акцэнтаваць увагу менавіта на гэтым пытаньні, якое можа сапраўды стварыць нейкую глебу для сур’ёзных спрэчак. А Расеі сёньня гэта зусім не патрэбна».

Супрацькрызісны кансультант Мечыслаў Бурак лічыць, што вялізныя аб’ёмы растваральнікаў, якія Беларусь прадае ў трэція краіны, узгодненыя на самым высокім узроўні. У іншым выпадку, на яго думку, экспартэры ня сталі б рызыкаваць, займаючыся не зусім празрыстым бізнэсам:

«Каб нешта аналізаваць, трэба ведаць, адкуль ногі растуць. Бо такія справы ня робяцца проста так — камусьці нешта захацелася, і ён вырашыў заняцца такой вось справай. Гэта ж аб’ёмы якія! Тут немагчыма рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Таму не сумняюся, што гэта ўсё ўзгоднена на самым высокім узроўні. То бок нехта кагосьці, як кажуць, „крышуе“, прыкрывае. Вядома, трэба было б праводзіць расьсьледаваньне. Але хто будзе нешта высьвятляць, калі на гэтым інтарэсе завязаныя канкрэтныя зацікаўленыя людзі ў самой уладзе? Тут замазаныя вельмі многія, каму гэтым дазволена займацца».
Хто будзе нешта высьвятляць, калі на гэтым інтарэсе завязаныя канкрэтныя зацікаўленыя людзі ў самой уладзе?

18 ліпеня ў Менску адбудзецца паседжаньне Савету міністраў так званай саюзнай дзяржавы. Ня выключана, што Дзьмітрый Мядзьведзеў згадае пра сваё распараджэньне высьветліць сытуацыю са звышпрыбытковымі беларускімі растваральнікамі, якія ня ўнесеныя ў пералік нафтапрадуктаў, пры экспарце якіх выплочваецца вывазная пошліна. Але, на думку Тацьцяны Манёнак, бліжэйшым часам у гэтай сфэры наўрад ці што зьменіцца:

«Пакуль існуюць нейкія лазейкі ў гэтым заканадаўстве, відавочна, што бізнэс будзе спрабаваць іх выкарыстоўваць. І ня толькі беларускі. Трэба разумець, што адначасова такім жа бізнэсам займаюцца і пэўныя расейскія кампаніі, таму што вельмі складана было б у аднабаковым парадку займацца падобнай справай. Таму пытаньне сапраўды няпростае, бо зразумела, што ёсьць шмат зацікаўленых у тым, каб нічога не мянялася. Тым больш што сама па сабе гэтая сытуацыя дае падставы нейкім чынам рабіць высновы, што ня вельмі зацікаўлены расейскі бок публічна абвастраць канфлікт у сувязі з экспартам вось такой прадукцыі».

Пры канцы чэрвеня Сяргей Румас заявіў, што ня бачыць праблемаў вакол беларускага экспарту растваральнікаў. Паводле ягоных словаў, у рамках Мытнага зьвязу расейскі бок бачыць, што па некаторых пазыцыях у Беларусі вырас экспарт, таму гэтае пытаньне вывучаюць. Але, падкрэсьліў Румас, Беларусь таксама вывучае, чым займаюцца расейцы.

Даведка Свабоды

Паводле справаздачы Нацыянальга статыстычнага камітэту, толькі за студзень-май гэтага году Беларусь экспартавала ў Эўразьвяз 2 млн 411 тыс. тон складанаарганічных растваральнікаў і разбаўляльнікаў. Сума экспарту склала 2,18 мільярда даляраў.

Асноўнымі краінамі паставак былі Нідэрлянды, Латвія і Літва.

У 2011 годзе Беларусь экспартавала 2078 тыс. тон адпаведных тавараў на суму паўтара мільярда даляраў. А вось у 2010 годзе — усяго 243 тысячы тон.