Швэдзкія «дэсантнікі» гатовыя прыняць КДБ у Швэцыі

Швэдзкі самалёт. Мядзьведзікі. Фота Пэра Кромвэла

«Мы ведалі, што з фота «мядзьведзяў» будуць праблемы», – заявіў заснавальнік швэдзкага рэклямнага агенцтва «Тотал» Пэр Кромвэл, якое арганізавала «плюшавы дэсант» у падтрымку свабоды слова ў Беларусі, падчас онлайн-канфэрэнцыі на Радыё Свабода.

На пытаньне, ці чакалі аўтары акцыі, што КДБ будзе рабіць ціск на фатографа, які проста разьмясьціў на сваім сайце фотаздымкі «мядзьведзікаў», Пэр Кромвэл сказаў:

«Мы ня ведалі, чаго канкрэтна можна чакаць, але мы ведалі тое, што беларускія спэцслужбы вельмі агрэсіўныя. Мы ведалі, што яны паспрабуюць вызначыць людзей, што будуць знаходзіць мядзьведзяў. Мы падазравалі, што нават публікацыя фота мядзьведзяў будзе праблемай у Беларусі. Забаўна, што ўлады дагэтуль не прызнаюць гэтага, аднак прыкладаюць такія намаганьні, каб расьсьледаваць штосьці, што, як яны кажуць, ніколі не адбывалася».

Тым часам другі ўдзельнік акцыі пілёт Томас Мазэці сёньня ў інтэрвію БелаПАН сказаў, што ніякіх кантактаў з затрыманым фатографам Антонам Сурапіным у аўтараў «дэсанту» не было і што ў бліжэйшыя два-тры дні арганізатары акцыі выступяць з афіцыйнай заявай з гэтай нагоды. «Яна будзе адрасаваная, у тым ліку, беларускім уладам. Больш за тое, мы гатовыя адказаць на ўсе пытаньні беларускіх сьледчых, калі яны прыедуць у Швэцыю», – сказаў Мазэці.

Ён таксама ня ведае, хто мог адправіць Антону Сурапіну фатаграфіі зь медзьведзянятамі. Арганізатары акцыі гэтага не рабілі дакладна, падкрэсьліў Мазэці. «Але мяркуеце самі: мы скінулі некалькі сотняў медзьведзянятаў, і я сам бачыў, што многія людзі іх фатаграфавалі. Адправіць фатаграфіі Антону мог любы зь іх», – дадаў прадстаўнік кампаніі Studio Total.

Антон Сурапін утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ. Да 23 ліпеня яму павінна быць прад'яўленае абвінавачаньне. Артыкул 371 частка 3 КК, паводле якой ён падазраецца (наўмыснае незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, зьдзейсьненае арганізаванай групай асоб), прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці.